Tribuna/Футбол/Блогі/Прэзiдэнтам Аргенціны стаў фрык з бензапiлой – былы галкіпер, які мае зорку ў музеi «Бока Хунiярс»

Прэзiдэнтам Аргенціны стаў фрык з бензапiлой – былы галкіпер, які мае зорку ў музеi «Бока Хунiярс»

Па мянушцы «Вар'ят».

23 лістапада, 08:50
Прэзiдэнтам Аргенціны стаў фрык з бензапiлой – былы галкіпер, які мае зорку ў музеi «Бока Хунiярс»

Аргенціна абрала сабе вельмі экстравагантнага прэзідэнта. Хаўер Мілей выглядае як рок-зорка 1960-х, бегае з бензапілой, а ягоныя відэа вірусяцца ў TikTok. А яшчэ ён мае сувязі з футболам – усё ж гаворка пра Аргенцiну.

Аргенціна расчаравалася ў палітыках і абрала фрыка

Аргенціна па сваіх рэсурсах патэнцыйна магла б быць адной з найпаспяховейшых эканомік свету, у свой час яна такая і была, але найноўшая гісторыя «краіны срэбра» перапоўнена драматычнымі эканамічнымі катаклізмамі. У 2023-м інфляцыя ў краіне складала 140%, большая частка жыхароў знаходзіцца за мяжой беднасці, а старыя палітычныя партыі цалкам страцілі давер народа. На крэсла прэзідэнта балатаваўся міністр эканомікі Серхіа Маса, але пры такой турбулентнасці ў эканоміцы далёка не ўсе лічылі яго годным кандыдатам.

З сярэдзіны 2010-х на аргенцінскім тэлебачанні пачаў з'яўляцца дзівосны дзядзечка, які выступаў у ролі эксперта. Ён вельмі імпульсіўна і красамоўна крытыкаваў уладу, расказваў, што трэба рабіць. Прыйшоўшы на адну перадачу ў 2016-м абсалютным ноўнэймам, ён за адзін выпуск падняў рэйтынг праграмы з 2,5 да 7. Праўда, у дзіўнага чалавека было дзве вышэйшыя эканамічныя адукацыі ў найлепшых ВНУ краіны. Гэта i быў Мілей, які актывізаваўся праз сацыяльныя сеткі два гады таму і арганізаваў палітычную сілу «Свабода ідзе наперад». На відэа нiжэй ён прапануе знізіць колькасць міністэрстваў – проста зрывае iх назвы з дошкi са словам «прэч».

Выбарчую кампанію яму дапамагла арганізаваць родная сястра, якая год таму прадавала торты праз Інстаграм і варажыла на картах таро. На поспех Мiлея не ставiлi, але яму дапамагла, у што многiм яшчэ складана паверыць, падтрымка ў TikTok – на яго акаўнт падпісаныя 1,6 млн чалавек, а відэа карыстаюцца шалёнай папулярнасцю. Хіба такому харызматычнаму хлопцу не паверыш?

Мілей называе сябе анарха-капіталістам, вось толькі некаторыя з яго ідэй:

🔷 замяніць аргенцінскі песа амерыканскім доларам;

🔷 разагнаць Цэнтральны банк і прыватызаваць прадпрыемствы;

🔷 забаранiць аборты;

🔷 легалізаваць зброю.

Для камплекта Мiлей адмаўляе глабальнае пацяпленне i называе свайго земляка Папу Францыска прадстаўніком зла на зямлі.

Найбольш дзіўна, што Мілей – фанат усяго англійскага і раней гуляў у гурце Everest, які выконваў каверы на Rolling Stones. А яшчэ ў дзяцінстве быў збіты бацькам з-за таго, што лічыў вайну з боку Аргенціны за Фалклендскія астравы непатрэбнай авантурай.

Яшчэ Хаўер падтрымлівае Украіну з пачатку вайны, хаця ўсе чацвёра прэтэндэнтаў на крэсла прэзідэнта сёлета падтрымалі акцыю «Разам з Украінай» – збольшага таму, што ў Аргенцiне немаленькая ўкраінская дыяспара, а кожны голас быў важны.

Да 19 гуляў у варотах, ненавідзіць Гага, плануе рэвалюцыю ў аргенцінскім футболе

Хаўер нарадзіўся ў сям'і італьянскага паходжання, а яго бацька прайшоў шлях ад кіроўцы аўтобуса да ўладальніка ўласнай транспартнай фірмы. У 12 гадоў ён прыйшоў у клуб «Чакарыта», дзе адразу ж заваяваў прыхільнасць трэнераў і таварышаў па камандзе сваёй самаадданай гульнёй – як казалi, «калі трэба было скакаць у брудзе, ён скакаў у брудзе». У той час за ім замацавалася мянушка «Эль Лока» («вар'ят»).

Пазней ён паспеў пагуляць за маладзёжны склад «Сан-Ларэнца» i супрацьстаяў «Велес Сарфiлд» з юным Дыега Сімеонэ ў складзе. З той каманды многія хлопцы сталі прафесійнымі футбалістамі, хоць i не зорнымi. А партнёры Мiлея ўзгадвалі, што бацька Хаўера даваў ім бясплатныя праязныя на свае маршруты.

Выбраў Хаўер усё ж не футбол. Пасля чарговага фінансавага крызісу ў Аргенціне ў канцы 1980-х ён вырашыў разабрацца, што не так з эканомікай у ягонай краіне, і абраў адукацыю – сышоў з футбола ў 19 гадоў, хаця трэнеры былі ўпэўненыя, што брамнiк зайграе прынамсi ў аргенцiнскiм Д1.

З дзяцінства Хаўер быў адданым фанам «Бока Хуніярс», якую паспеў палюбіць і зненавідзець. У канцы 1990-х Мілей нават набыў персанальную ложу на «Бамбанеры» і ездзіў з сястрой у Токіа на фінал Міжкантынентальнага кубка, дзе легендарная «Бока» з Рыкельме і Палерма абыграла «Рэал».

Мiлей стаў адным з інвестараў у клубны музей «Бокі», за што атрымаў там персанальную зорку. Але калі яго кумiр Палерма скончыў з футболам у 2011 годзе, Хаўер перастаў заўзець за каманду, называючы кіраўніцтва папулістамі, асабліва пасля таго, як яны вярнулі ў клуб Рыкельме ў 2013 годзе.

Яшчэ больш яго раззлавала вяртанне ў каманду Фернанда Гага, якога Мілей лічыў «не сапраўдным пятым нумарам» і нават стаў заўзець супраць некалі ўлюбёнага клуба. З-за Гага ён падтрымліваў «Рывер» у фінале Кубка Лібертадорэс-2018, які праводзілі ад граху далей у Мадрыдзе. Яго нянавісць да Гага абсалютная. «Паглядзіце на галы, якія мы прапускалі на ЧС-2014. Яны ўсе з-за Гага», – гаварыў Хаўер журналістам.

Галоўная футбольная ідэя Мiлея, вельмі неадназначна ўспрынятая ў Аргенціне, заключаецца ў тым, што ўсе клубы могуць быць набыты адным уладальнікам. Цяпер вялікія клубы ў краіне, па сутнасці, з'яўляюцца грамадскімі арганізацыямі, якімі кіруюць абраныя на выбарах прэзідэнты. Мілей чакана выступіў за англійскую мадэль, дзе ўладальнікам каманды можа стаць любы чалавек, у якога ёсць грошы. Яму пачалі задаваць пытанні пра тое, што будзе, калі «Боку» набудуць арабы. «Якая вам, на халеру, розніца, хто гэта будзе, калі вы абыграеце «Рывер» 5:0», – адказваў Хаўер. Больш за сотню аргенцінскіх клубаў ужо афіцыйна выказаліся супраць гэтай ідэі.

Фота: Realpolitik.com, france24

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты