Tribuna/Футбол/Блогі/У «Арысе» малады беларус уражвае эфектыўнасцю (але Драгун незадаволены), а трэнер-суайчыннік – экспрэсіяй

У «Арысе» малады беларус уражвае эфектыўнасцю (але Драгун незадаволены), а трэнер-суайчыннік – экспрэсіяй

Каманда – ізноў у гонцы за золатам.

Аўтар — cheeseday
7 снежня, 19:00
У «Арысе» малады беларус уражвае эфектыўнасцю (але Драгун незадаволены), а трэнер-суайчыннік – экспрэсіяй

Пасля таго, як «Арыс» з Лімасола выйграў папярэдні футбольны сезон на Кіпры, было незразумела, ці здолее захаваць высокі тэмп клуб, за якім стаяць бізнесмены з Беларусі, а сярод гульцоў і трэнерскага складу ёсць беларусы. Пакуль што атрымліваецца цікава. Каманда змагаецца за плэй-оф у еўракубках, а ў чэмпіянаце ажно тры прэтэндэнты за золата, і «Арыс» – сярод іх.

Пасля золата захавалі склад і правярнулі дзіўную здзелку

У мінулым сезоне беларускі трэнер Аляксей Шпілеўскі прынёс «Арысу» з Лімасола першую перамогу ў чэмпіянаце краіны (між іншым, клуб існуе ўжо 93 года).

У летняе міжсезонне «Арыс» амаль не страціў важных гульцоў, можна адзначыць хіба што пераезд крайняга абаронцы Костаса Пілеаса ў чэмпіянат Грэцыі. У мінулым сезоне футбаліст трапіў у сімвалічную зборную чэмпіяната і дэбютаваў за зборную Кіпра. Найлепшы гулец мінулага чэмпіянату Аляксандр Какорын (той самы, які нібыта апекаваўся над беларускiм гульцом Арцёмам Шуманскім) па сканчэнні тэрміну арэнды вярнуўся ў «Фіярэнтыну”, але неўзабаве зноў прыехаў у арэнду.

Таксама «Арыс» аформіў некалькі трансфераў на ўваход. Напрыклад, на пазіцыю левага вінгера купілі з Д2 Аўстрыі 21-гадовага Джэйдана Мантнора, які цяпер амаль неад’емны гулец старту. На пазіцыю цэнтрфорварда набылі 23-гадовага Закарыа Саво. Мінулы сезон швед правеў у камандзе «Старт» у Д2 Нарвегіі.

На пазіцыю правага абаронцы з Сенегала прыехаў 18-гадовы Мамаду Санэ, а на замену Пілеасу за 200 тысяч еўра быў куплены 29-гадовы Слабадан Урошавіч з сербскага «Партызана». Апошні сезон левы абаронца правеў у Белградзе з капітанскай павязкай. Цяпер жа ён віртуальна лічыцца самым дарагім выканаўцам у клубе (2,5 млн еўра па версіі Transfermarkt).

Была ў «Арыса» яшчэ адна цікавая трансферная гісторыя: 1 ліпеня 2023 года клуб купіў маладога сенегальскага брамніка Лендынга Баджы за 70 тысяч еўра, а ўжо 28 ліпеня прадаў яго ў катарскі «Ум-Салаль» за 1,1 млн еўра, такім чынам за месяц падвысіўшы яго кошт амаль у 16 разоў.

Атрымалі два запар разгромы, але адолелі канкурэнта

У вышэйшай лізе Кіпра дакладна самая зацятая барацьба за чэмпіёнства ў Еўропе на сёння - пасля паловы сезону першае месца дзеляць ажно тры калектывы: «Пафас», АПАЭЛ і «Арыс». За 13 тураў супернікі набралі па 29 пунктаў і маюць аднолькавую колькасць перамог (9), нічыіх (2 ) і параз (2).

АПАЭЛ і «Пафас» сутыкаліся з праблемамі на старце сезону, але набралі форму (першы здабыў 8 перамог за апошнія 9 матчаў чэмпіянату, а другі мае серыю з 5 перамог пры розніцы забітых-прапушчаных 13:1).

А вось страта пунктаў «Арысам» носіць, хутчэй, раптоўны характар. Напрыклад, у 11-м туры калектыў Шпілеўскага з буйным лікам 1:4 прайграў аднаму з аутсайдараў турніра – былой камандзе Аляксандра Хацкевіча, палемідыйскай «Карміяцiсе». Гэта быў другі запар разгром для «Арыса» – за тры дні да таго з ідэнтычным лікам мацнейшым быў «Беціс» у Лізе Еўропы.

Але ж у 12-м туры «Арыс» мінімальна перамог АПАЭЛ – значнасць гэтай перамогі немагчыма пераацаніць як для чэмпіёнскай гонкі, так і для заўзятараў лімасольцаў. Шпілеўскі тады сказаў, што гэта была «перамога менталітэту», а ў клубным Інстаграме выклалі ягоны здымак з подпісам «The Boss!».

Шпілеўскі нястомна збірае карткі

Шпілеўскі – самая недысцыплінаваная персона ў «Арысе». Трэнер часцяком выказвае нязгоду з трактаваннем эпізодаў арбітрамі, абураецца марнаваннем часу на паўзы і непатрэбныя дыскусіі, таму часта атрымлівае папярэджанні.

Нягледзячы на тое, што цягам мінулага сезону, на думку Шпілеўскага, з суддзямі з’явіўся разумны дыялог (а месцамі і сам трэнер стаў паводзіць сябе спакайней), ён усё яшчэ працягвае збіраць жоўтыя карткі за экспрэсію. За першыя 10 тураў гэтага сезона Аляксей атрымаў тры жоўтыя і пасля апошняй з іх сказаў: «Часам мне хочацца нешта сказаць, але лепей гэтага не рабіць».

Як для гульцоў, так і для трэнераў тры папярэджанні цягнуць за сабой дыскваліцікацыю на бліжэйшую сустрэчу, таму згаданы разгромна прайграны матч 11-га тура супраць «Карміяцiсы» Шпілеўскаму давялося назіраць з трыбун.

Лічбы сведчаць пра прагрэс «Арыса»

Якасць гульні калектыва Шпілеўскага паступова расце, прычым як у абароне, так і ў атацы. Прынамсі, пра гэта сведчаць лічбы.

Так, сярэдні паказнік чаканых галоў (xG) у гэтым годзе складае 1,73 на 90 хвілін, а ў мінулым годзе было 1,47. Сёння калектыў мае болей шанцаў, каб засмуціць супернікаў. У той жа час «Арыс» мае найменшы ў чэмпіянаце паказчык xG супраць сябе: 0,93 за 90 хвілін, у мiнулым годзе было 1,08.

За першую палову чэмпіяната «зялёна-белыя» прадэманстравалі найбольшы рост у паказчыку розніцы xG паміж момантамі, якія каманда стварае, і момантамі, якія атрымлівае. У мінулым годзе розніца склала 0,39, а ў гэтым знаходзіцца на ўзроўні 0,80.

Пры гэтым «Арыс» мае сур’ёзных супернікаў. Напрыклад, «Пафас» – самая небяспечная каманда з найвышэйшым у лізе xG (2,06), што звязана з агрэсіўным стылем гульні. Гэта вылілася і ў найбольшую колькасць мячоў за першае кола (28 супраць 26 у «Арыса»). АПАЭЛ, у сваю чаргу, мае найбольшую розніцу ў xG, 0,90.

Пры гэтым у «Арыса» найгоршая розніца забітых і прапушчаных сярод фаварытаў – «+14». У АПАЭЛа яна складае «+17», а ў «Пафаса» – «+21».

Справы ў ЛЕ ідуць не вельмі, але шанц на еўравясну ёсць

Дзякуючы першаму месцу ў чэмпіянаце Кіпра «Арыс» атрымаў магчымасць згуляць у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Там удалося наваляць БАТЭ, але польскі «Ракаў» быў мацнейшым, а ўжо ў Лізе Еўропы пасля перамогі над славацкім «Слованам» кіпрыёты выйшлі ў групавы этап.

Па выніках лёсавання «Арыс» патрапіў у адну групу з іспанскім «Бецісам», шатландскім «Рэйнджэрс» і чэшскай «Спартай». Набіралі пункты кіпрыёты толькі ў матчах з «Рэйнджэрс»: перамаглі дома з лікам 2:1 і разышліся ўнічыю ў Глазга, забіўшы па адным мячы. Цікава, што нічыя стала першай у гісторыі клуба з Лімасола ў турнірах УЕФА пасля 5 перамог і 7 параз, а забіты мяч стаў 1000-м для кіпрскіх каманд у еўрапейскіх спаборніцтвах.

Нічога не змаглі кіпрыёты супрацьпаставіць «Бецісу» – атрымалі 1:4 у гасцях і 0:1 дома. Гульня на полі «Спарты» таксама скончылася расчараваннем – 2:3.

На групавым этапе ў «Арыса» засталася сустрэча на хатнім стадыёне «Альфамезе» з дзейнымі чэмпіёнамі Чэхіі. Лімасольскі калектыў ужо страціў шанцы на плэй-оф у ЛЕ, але ўсё яшчэ можа выйсці ў плэй-оф Лігі Канферэнцый. Для гэтага «Арысу» трэба перамагаць чэшскую каманду з розніцай у два ці больш мячоў.

Эфектыўнасць экс-гульца БАТЭ ўражвае

Гэты сезон былы нападаючы БАТЭ Арцём Шуманскі пачаў з забітых мячоў: выйшаў на замену ў другім і трэцім туры і вызначыўся па разу, але далей праз сур’ёзную канкурэнцыю амаль не гуляў (а ў Лізе Еўропы дык увогуле яшчэ ні разу не трапляў у заяўку).

Шуманскі ў «Арысе» звычайна выходзіць на пазіцыі левага вінгера і цэнтральнага нападаючага, і калі параўноўваць з мінулым сезонам, то канкурэнцыя для беларускага гульца толькі ўзмацнілася. Агулам на дзве пазіцыі прэтэндуюць сямёра гульцоў.

Нягледзячы на ўсе складанасці, Шпілеўскі падтрымлівае маладога футбаліста і кажа, што верыць у яго. Трэнер лічыць, што пераход у «Арыс» дасць вялікі штуршок у фармаванні асобы Шуманскага. А вось былы партнёр форварда па БАТЭ Станіслаў Драгун нядаўна крытычна выказаўся пра тое, дзе аказаўся Шуманскi – лiчыць, значна больш шанцаў было б у Расii.

– Ён амаль не гуляе. Я ведаю, у яго была добрая прапанова ад [цяперашняга лiдара РПЛ] «Краснадара». Дакладная, стоадсоткавая. У «Краснадары» давяраюць маладым. Ну, а ў «Арысе» ён не пагуляе. I мала хто будзе сачыць за маладым хлопцам з Беларусі, які гуляе ў «Арысе» на замене, – выказаўся Драгун.

Шуманскі на сёння сапраўды не можа пахваліцца вялiкiм гульнявым часам. 19-гадовы нападаючы ў чэмпіянаце выйшаў на поле толькі восем разоў і ў сярэднім атрымліваў 37 хвілін, каб сябе праявіць. Але ў апошнім туры першага круга гулец напоўніцу спрычыніўся да разносу АЕЛа 4:0. Форвард упершыню выйшаў у старце, правёў 68 хвілін на пазіцыі левага форварда і адзначыўся трыма выніковымі перадачамі, плюс на ім адзін з гульцоў АЕЛа атрымаў другую жоўтую картку. Цяпер статыстыка Шуманскага складае 3 галы і 3 перадачы за 8 матчаў – на тое, каб зрабіць выніковае дзеянне, у беларуса сыходзіць 50 хвілін.

Шуманскі выклікаецца ў моладзевую зборную Беларусі, але толькі двойчы за 10 матчаў правёў на поле больш за тайм. I ўвогуле гульня за цяперашнюю «маладзёжку» – гэта не тое, чым можна ганарыцца.

Рэгулярна выходзіць у стартавым складзе «Арыса» яшчэ адзін вядомы беларускаму футболу персанаж – Юліус Сёке. Славацкі апорнік, які калісьці правёў чатыры сезоны за салігорскі «Шахцёр» і двойчы з ім стаў чэмпіёнам Беларусi, гуляе за «Арыс» ужо другі сезон. Па ацэнцы Sofascore Сёке на сёння – найлепшы гулец клуба у групавым этапе Лігі Еўропы, дзе правёў усе 5 сустрэч.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты