Tribuna/Футбол/Блогі/Прэзідэнт і фанаты турэцкага клуба збілі арбітра. Футбол спынілі, Эрдаган ужо адрэагаваў

Прэзідэнт і фанаты турэцкага клуба збілі арбітра. Футбол спынілі, Эрдаган ужо адрэагаваў

Проста на поле.

12 снежня, 16:59
1
Прэзідэнт і фанаты турэцкага клуба збілі арбітра. Футбол спынілі, Эрдаган ужо адрэагаваў

Матч 15-га тура турэцкай Суперлігі «Анкарагюджу»«Рызеспор» (1:1) завяршыўся гучным скандалам, які прагрымеў на ўвесь футбольны свет.

👉 Пасля фінальнага свістка на поле выбег прэзідэнт «Анкарагюджу» Фарук Коджа, які ўдарыў галоўнага арбітра Халіла Мелера ў вока, ад чаго той упаў на газон.

Пасля гэтага невядомы дабіў ужо ляжачага суддзю нагой.

👉 Так, «Анкарагюджу» гуляў у меншасці з 50-й хвіліны, калі ўжо пры ліку 1:0 на ягоную карысць арбітр выдаліў нападаючага Алі Соу праз другую жоўтую. Аднак і «Рызеспор» на 90+7-й адгуляўся ўжо таксама ўдзесяцёх – за дзве хвіліны да гэтага другую жоўтую атрымаў іх абаронца Эмір Топчу.

Адзінае, што суддзя гаспадарам яшчэ і гол адмяніў у дэбюце матча – аднак з-за адкрытай гульні рукой таго ж Соу.

👉 Па звестках турэцкіх СМІ, і Мелер, і Коджа былі дастаўленыя ў лякарню пасля падзей.

👉 Федэрацыя футбола Турцыі тэрмінова адрэагавала на падзеі, асудзіўшы напад на арбітра – аднак таксама заявіла, што праблема шырэйшая:

«Кожны, хто атакаваў арбітраў і заахвочваў злачынствы супраць арбітраў, з'яўляецца саўдзельнікам гэтага ганебнага злачынства. Безадказныя заявы прэзідэнтаў клубаў, менеджараў, трэнераў і тэлевізійных каментатараў супраць арбітраў праклалі шлях гэтаму жорсткаму нападу. Кожны, хто ўвесь час згадвае некаторыя падзеі, якія адбыліся гады таму, нібыта яны адбыліся сёння, адказвае за гэтую ганьбу».

Рэагуя на гэтыя падзеі, федэрацыя прыпыніла ўсе матчы ва ўсіх чэмпіянатах краіны на неакрэслены тэрмін. Таксама там ужо заявілі пра вядзенне крымінальнай справы па падзеях і паабяцалі прэзідэнту, кіраўніцтву «Анкарагюджу», самому клубу і ўсім датычным да нападу «самае жорсткае пакаранне».

👉 У турэцкіх СМІ паведамляюць, што чакаецца, што Коджу затрымаюць пасля выпіскі з лякарні.

👉 Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган ужо адрэагаваў у сваіх сацсетках на напад на арбітра:

«Я асуджаю напад на арбітра Халіла Умута Мелера пасля матча «Анкарагюджу» – «Рызеспор», які адбыўся ўвечары, і жадаю яму скарэйшай папраўкі. Спорт азначае мір і братэрства. Спорт несумяшчальны з гвалтам. Мы ніколі не дазволім гвалту мець месца ў турэцкім спорце».

👉 У самім «Анкарагюджу» ўжо афіцыйна выступілі з выбачэннямі: «Мы засмучаныя інцыдэнтам, які адбыўся ўвечары. Выбачаемся перад турэцкай футбольнай грамадскасцю і ўсёй спартыўнай супольнасцю за сумны інцыдэнт, які адбыўся пасля матча з «Рызеспорам» на стадыёне «Эр'яман».

👉 Што наогул вядома пра пацярпелага - Халіла Мелера? Ён – арбітр не толькі турэцкага ўзроўню, але і ФІФА з 2017 года. У актыве сярод іншага 10 матчаў на асноўнай стадыі ЛЧ: 8 у групавым этапе і два ў 1/8 фіналу. У гэтым сезоне абслугоўваў сустрэчы «Бенфіка» – «Зальцбург», «Рэал» – «Брага», «Лацыа» – «Селтык».

Аднак самыя статусныя матчы ў яго былі пакуль у турнірах рангам ніжэй: чвэрцьфінал ЛЕ «Юве» – «Спортынг» і паўфінал ЛК «Вест Хэм» - АЗ у мінулым сезоне.

Мясцовая ж федэрацыя яму ў тым ліку давярала вочныя сустрэчы паміж «Фенербахчэ», «Галатасараем» і «Бешыкташам» – напэўна, самыя гарачыя і напружаныя супрацьстаянні ў турэцкім футболе. А ў сезоне 2021/22 яго прызначылі абслугоўваць фінал Кубка Турцыі.

👉 Ёсць і цікавая дэталь у біяграфіі прэзідэнта «Анкарагюджу» Фарука Коджы. Яшчэ год таму федэрацыя казала пра яго зусім у іншым тоне – у прыватнасці, адзначылі ўзнагародай фэйр-плэй.

Акрамя таго, былы трэнер «Анкарагюджу» Хікмет Караман (трэнаваў клуб нядоўга ў 2021-м) ужо паспеў заявіць у турэцкіх СМІ, што Коджа нібыта ўдарыў кулаком і яго ў час, калі тыя працавалі разам.

Фота: Sky, Vannicelli/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты