Tribuna/Футбол/Блогі/АБФФ пакрыўдзіла Кандрацьева: ён стварыў «маладую добрую» зборную – а яго звольнілі (15 матчаў без перамог – проста няфарт)

АБФФ пакрыўдзіла Кандрацьева: ён стварыў «маладую добрую» зборную – а яго звольнілі (15 матчаў без перамог – проста няфарт)

Не даў зрабіць з сябе дурня.

Аўтар — bytribuna com
27 сакавіка, 19:42
АБФФ пакрыўдзіла Кандрацьева: ён стварыў «маладую добрую» зборную – а яго звольнілі (15 матчаў без перамог – проста няфарт)

Канал «На банцы» выпусціў відэаінтэрвʼю на дзве з паловай гадзіны з былым галоўным трэнерам зборнай Беларусі Георгіем Кандрацьевым. У канцы Кандрацьеў не адзін раз падзякаваў суразмоўцам за тое, што яму «далі выгаварыцца». Ну а тыя, хто размаўляў з трэнерам, да канца «праграмы» падвялі яго да тэмы расстання са зборнай у чэрвені 2023-га – і Кандрацьеў нарэшце выклаў у падрабязнасцях уласную версію падзей, а таксама тое, якія грошы і як спрабуе адсудзіць у АБФФ. Расказваем, што стала вядома.

Пачнем з таго, што ў інтэрвʼю з цалкам лаяльна настроенымі да Кандрацьева суразмоўцамі трэнер правёў сваю галоўную думку: ён упэўнены, што за свой час працы галоўным трэнерам зборнай у 2021-23 гадах стварыў «маладую добрую каманду». А так, будучы асістэнтам Міхаіла Мархеля, хацеў сысці з ім пасля 0:8 ад Бельгіі тры гады таму, але яму, маўляў, «сказалі, што прынятае рашэнне маладымі гуляць, сказалі «трэба» – прыйшлося застацца». Зрэшты, пра што Кандрацьеў не сказаў, а мы паведамлялі даўно, пайсці ён мог, толькі без магчымасці знайсці іншае месца ў белфутболе.

Кандрацьеў таксама, здаецца, цалкам шчыра ўпэўнены, што адсутнасць перамог у 15 першых афіцыйных матчах пры ім – гэта выпадковасць. Ніякіх размоваў пра ўласныя пралікі ці нават магчымасці іх наяўнасці ад трэнера так і не было. Правалены адбор да ЧС у 2021-м – гэта нібы віны кавіда, праз які прыходзілася «браць усіх запар» (чамусьці, нагадаем, у тым ліку 34-гадовых, нягледзячы на стаўку на маладых), і то Кандрацьеў заявіў, што ва Уэльса ў «хатнім» матчы ў Казані Беларусь, маўляў, мусіла выйграваць, проста суддзя не даў ёй «чысты» пенальці, затое прызначыў «ліпавы» на карысць брытанцаў. На Лізе нацый з 2022-га (тры нічыіх і тры паразы) Кандрацьеў увогуле адмовіўся спыняцца падрабязна – там нібыта «былі роўныя гульні ўсе» (так-так, асабліва вось гэтая). Ну а разгромы Кандрацьеў тлумачыў максімальна проста – «заляцела» ўсё».

Па адборы да ЧЕ ў 2023-м Кандрацьеў стаў вывальваць асобныя зручныя яму статыстычныя факты, склаўшы выгадную для сябе карціну, да чаго суразмоўцы відавочна аказаліся не гатовыя. А потым заявіў пра нешта з вобласці звышнатуральнага: маўляў, у адзіным для сябе пераможным афіцыйным матчы з Косава ў момант аднаго з сэйваў Сяргея Ігнатовіча «ўнутры зразумеў, што пайшоў фарт, усё перавярнулася, далей усё пойдзе добра», і адчуў, што выведзе каманду на Еўра – нават гульцам казаў, што яму «Бог верне гэты топ-турнір» (Кандрацьеў верыць, што выхад на АГ-2012 – гэта «вяртанне ад лёсу» за тое, што не патрапіў праз савецкі байкот на АГ-1984). Увогуле, Кандрацьеў упэўнены: яго пазбавілі мары вывесці каманду на Еўра, а пры Карласе Алосе зборная стала гуляць горш.

Але вернемся непасрэдна да сыходу Кандрацьева са зборнай, які, нагадаем, здарыўся 29 чэрвеня. Коўч пацвердзіў, што наогул не думаў, што разрыў магчымы – у якасці аргументу назваў тое, што намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч казаў пра неабходнасць прысутнасці 4 ліпеня на «трэнерскай радзе». Ну а далей быў аповед пра абставіны. Нагадаем, «Трыбуна» неўзабаве пасля дня адстаўкі паведамляла, што кіраўнік АБФФ Мікалай Шарснёў перад федэрацыйным выканкамам выклікаў у свой кабінет, дзе быў адзін, Кандрацьева і яго памочнікаў – чакаў ад усіх справаздачы аб працы і планаў на будучыню, – а потым заявіў выканкаму, што галоўны трэнер нічога не падаў і адпраўляецца ў адстаўку. Зрэшты, Шарснёў і без таго збіраўся выстаўляць Кандрацьева і яго штаб са зборнай, каб паказаць намер змяніць стан спраў у белфутболе.

Кандрацьеў у цэлым пацвердзіў апісанне з інсайдаў, але дадаў больш маляўнічых дэталяў. У прыватнасці, заявіў, што патрабавалі ад яго толькі прапаноў па будучыні – і ён прынёс паперку, але Шарснёў тут жа вырваў яе з рук трэнера, а потым пытаўся, чаму Кандрацьеў з памочнікамі «такія сумныя». Ну а пасля некаторай паўзы заявіў, што «настаў час расставацца», ад чаго Кандрацьеў «ледзь з крэсла не зваліўся». Па словах трэнера, аргументацыя ў кіраўніка АБФФ была такая: «Ну, разумееш, я калі прыйшоў, хацеў цябе адразу прыбраць, але непрыгожа неяк адразу. Цяпер і прэса ў цябе дрэнная, і тое дрэнна, і тое». Кандрацьеў паспрабаваў упіраць на тое, што зрабіў праславутую «маладую добрую каманду» – і Шарснёў нібы з гэтым пагадзіўся, але рашэнне не змяніў.

Тады Кандрацьеў нагадаў пра умовы свайго кантракту. Кіраўнік АБФФ сказаў, што ведае пра прапісанае там абавязанне «выплаціць за тры месяцы, калі разрываем кантракт». Але тут жа дадаў, што АБФФ нічога не збіраецца плаціць – а «каб было прыгожа», Кандрацьеў павінен на выканкаме абвясціць аб добраахвотнай адстаўцы. Па словах трэнера, ён ад гэтага проста адмовіўся і пакінуў кабінет.

– Ён прыходзіць на выканкам і кажа: «У грубай форме адмовіўся ад справаздачы». Якой справаздачы? І пайшло далей. Васілевіч мне паперку дасылае, ### [блін]: «Вы ў грубай форме парушылі ўмовы кантракту». Што я парушыў? Гэта вы ў грубай форме парушылі. Я вам абяцаў маладую добрую каманду – я яе зрабіў. Я лічу, што мяне несправядліва звольнілі. «Прыгожа ідзі абвясці пра сваю адстаўку» – ну, гэта непрыгожа атрымліваецца. Вы з мяне дурня, ці што, хочаце зрабіць? Ну я ж не хлопчык, – цяпер абураны Кандрацьеў.

Вось толькі за грашыма трэнер адправіўся не туды. З адкрытых звестак сістэмы вядома, што Кандрацьеў атрымаў адмову ў разглядзе свайго пазову ў «судзе» Лукашэнкі па Цэнтральным раёне Мінска і ўвосень абскардзіў гэта ў «судзе» Лукашэнкі па Менску. Тады «Трыбуна» атрымала інфармацыю, што Кандрацьеў хацеў «адсудзіць» свой заробак да планавага канца кантракту, то бок за паўгода (атрымліваў трэнер па 15 тысяч долараў за месяц).

Аднак сёння Кандрацьеў кажа толькі пра заробак за тры месяцы, які, маўляў, прапісаны ў яго ў кантракце. Аднак быццам добрае веданне дамовы чамусьці не дапамагло трэнеру звярнуцца ва ўказанае там месца, а не ў «суд», які разглядаць пазоў адмовіўся, уласна, праз умовы дакументу.

-- Я хацеў у грамадзянскі суд падаць [пазоў], а грамадзянскі суд не прымае. Бо яны [АБФФ] ж ўсё прадумваюць. Запісана ў мяне ў кантракце: калі ўзнікае спрэчку, я павінен ісці ў арбітраж [пры АБФФ]. І вось цяпер я падаў у арбітраж. Калі б грамадзянскі суд прыняў – вядома, стаў бы на мой бок. А як паступіць арбітраж? Ну, гэта федэрацыя, – распавёў трэнер, які так настойліва біўся ў «лукашэнкаўскую» судовую сістэму.

Арбітраж АБФФ – фармальна незалежны орган, зрэшты, яго сябры прызначаюцца і здымаюцца на канферэнцыях АБФФ. На днях памёр намеснік старшыні арбітражу, 79-гадовы экс-арганізатар рэпрэсій ад рэжымнага «мінюста» Міхаіл Сухінін (падрабязней пра яго па спасылцы). Так у органе часова засталося чатыры сябры: былы «камсамолец» і «сілавік» Леанід Лугаўцоў (галоўны ў органе), экс-намеснік старшыні выканкама Лукашэнкі па Мінскай вобласці Аляксандр Ярмак, супрацоўнік цэнтральнага апарата рэжымнага «СК» Міхаіл Вавула і адвакат Сакрат Назараў.

Кандрацьеў жа відавочна лічыць, што ў АБФФ на яго зуб. Трэнер сярод іншага заявіў, што не разумее, чаму Алос не сказаў «добрых слоў» на адрас папярэдняга штаба зборнай – і калі суразмоўца выказаў меркаванне, што гэта ў АБФФ маглі папрасіць іспанца нічога такога не казаць, то Кандрацьеў знайшоў аргумент на карысць такой версіі.

-- Можа быць. Абсалютна можа. Таму што асобныя людзі, з якімі я быў блізкі шмат гадоў, засталіся ў федэрацыі. Яны заўжды мяне віншавалі з днём нараджэння. А тут (7 студзеня Кандрацьеву споўнілася 64 гады – Tribuna.com) ні званкоў, ні СМС – нічога не было. Напэўна, баяцца, што калі даведаюцца, што са мной камунікуюць, з працы паляцяць, – сказаў трэнер.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты