Tribuna/Футбол/Блогі/Каго клубы ЧБ падпісвалі ў апошні момант: Жодзіна ўзяло таго, каго хацелі ў Гродне, «Дынама» вырашала праблемы

Каго клубы ЧБ падпісвалі ў апошні момант: Жодзіна ўзяло таго, каго хацелі ў Гродне, «Дынама» вырашала праблемы

«Іслач» папоўнілася экс-форвардам БАТЭ, а «Смаргонь» чатырма гульцамі.

Аўтар — bytribuna com
28 сакавіка, 12:00
1
Каго клубы ЧБ падпісвалі ў апошні момант: Жодзіна ўзяло таго, каго хацелі ў Гродне, «Дынама» вырашала праблемы

Трансфернае акно ў беларускай вышэйшай лізе закрыецца толькі ў чацвер 28 сакавіка. Гэта значыць, што каманды маглі падпісваць гульцоў і пасля старту чэмпіянату. Некаторыя скарысталіся гэтай опцыяй. Вось каго бралі клубы ў апошні момант.

Хто ўзмацняўся

«Тарпеда-БелАЗ»

Падобна, менавіта жодзінцы пракруцілі галоўнае падпісанне апошніх дзён трансфернага акна – 24-гадовы паўабаронца Алімардон Шукураў атрымаў кантракт да канца сезона. У мінулым сезоне кыргыз быў адным з лідараў срэбнага «Нёмана» і набраў 3+5 у 21 матчы. Зімой хаўбек падпісаў папярэднюю дамову з венгерскім клубам, аднак пераход не адбыўся праз траўму, атрыманую пры падрыхтоўцы да Кубка Азіі. Сарваным падпісаннем паспрабавалі скарыстацца ў Гродне, дзе да апошняга чакалі Шукурава, але той абраў Жодзіна. У «Тарпеда-БелАЗ» якраз вызвалілася стаўка пад легіянера пасля непрыезду з адпачынку габонскага нападніка Эмануэля Авано. Запрашэннем Шукурава Дзмітрый Молаш павялічыў канкурэнцыю ў цэнтры поля, дзе і так быў нядрэнны выбар з сямі футбалістаў.

Таксама жодзінцы цягам ўсяго міжсезоння вялі перамовы з «Радзімай» (Расія, Д2) аб пераходзе Аляксандра Ксенафонтава. Мінулы сезон 24-гадовы вінгер правёў у арэндзе ў «Тарпеда-БелАЗ», за 25 матчаў набраўшы 4+2. Молаш хацеў пакінуць футбаліста ў сябе, але расіяне адпускаць бясплатна не хацелі. У сераду 27 сакавіка «чорна-белыя» абвясцілі пра поўны выкуп правоў на Ксенафонтава.

«Нафтан»

Альберт Рыбак павялічыў канкурэнцыю на левым флангу абароны. Да мінулага аўторка ў распараджэнні галоўнага трэнера навапалачан на гэтай пазіцыі былі расіянін Арцём Шчадзін і мясцовы выхаванец Арцемій Літвінаў. Пасля паспяховага прагляду да іх дадаўся 26-гадовы кангалезец Мідо Яле, які раней выступаў толькі ў афрыканскіх лігах. На пачатку міжсезоння леваногі фулбэк праходзіў агледзіны ў мінскім «Дынама», аднак кантракт з ім не падпісалі.

«Віцебск»

33-гадовага Арцёма Скітава сёння можна назваць самым адданым футбалістам «вышкі». Абаронца ўсю прафесійную карʼеру (а гэта ўжо 16 гадоў) гуляе толькі за «Віцебск». Пасля старту чэмпіянату Аляксандр Паўлаў вырашыў дадаць канкурэнта на правы фланг абароны Скітаву ў асобе камерунца Эгедэга Маглуара. Футбаліст, якому не так даўно споўнілася 18, зʼяўляецца выхаванцам акадэміі камерунскага «Рэнесансу».

Хто затыкаў дзіркі

«Дынама» Мінск

Ужо на старце сезона чэмпіён сутыкнуўся з кадравымі праблемамі. Па-першае, па-ранейшаму вядзецца пошук левага абаронцы. Па-другое, пасля першых матчаў узнік дэфіцыт выканаўцаў у цэнтры поля. Спачатку праз траўмы выпалі Аляксандр Сялява і Арцём Быкаў, а пасля пашкоджанне атрымаў Уладзіслаў Кролік.

У гэтай сітуацыі «Дынама» пачало пошук футбалістаў у цэнтр, а на мінулым тыдні падпісала 26-гадовага Уладзіслава Васільева. Казахстанец добра знаёмы з чэмпіянатам Беларусі, дзе выступаў за «Энергетык-БДУ», брэсцкія «Дынама» і «Рух» (усяго ў вышэйшай лізе 65 матчаў і 15+20). Мінулы сезон Васільеў правёў у Казахстане за чэмпіёнскі «Ардабасы». У Аляксандра Сяднёва апорны паўабаронца так і не стаў стабільным гульцом асновы, толькі дзевяць разоў зʼявіўшыся на полі ў старце (усяго ў сезоне-2023 14 матчаў і 1+1).

У сераду зʼявілася інфармацыя пра тое, што мінчукі могуць арандаваць у «Гомелю» апорнага паўабаронцу Данііла Сілінскага. Ну а ў чацвер стала вядома, што гамельчукі падпісалі ў цэнтр поля 18-гадовага казахастанца Абінура Нурымбета. Папярэдні сезон легіянер правёў у «Энергетыку-БДУ», куды прыйшоў якраз на замену Сілінскаму.

У апошні дзень трансфернага акна мінчукі арандавалі ў «Гомеля» апорнага паўабаронцу Данііла Сілінскага. Зрэшты, яму ўжо знайшлі замену.

«Гомель»

Камплектаванне каманды ішло не вельмі хутка. Яшчэ ў лютым яна выглядала разабранай.

Затым падпісанняў стала больш, але ў канцоўцы трансфернага акна ўсё роўна прыйшлося папрацаваць з навічкамі.

Замест Сілінскага гамельчукі падпісалі ў цэнтр поля 18-гадовага казаха Абінура Нурымбета. Папярэдні сезон легіянер правёў у «Энергетыку-БДУ», куды прыйшоў таксама на замену Сілінскаму. Гуляў ад жніўня і за 12 матчаў выбіў годныя 2+5. 

У міжсезонне паведамлялася, што Нурымбет можа апынуцца ў заграбскай «Лакаматыве» і Салігорску, але падпісацца ўдалося толькі з «Гомелем».

Яшчэ мінскае «Дынама» ў сваю чаргу пазычыла Андрэя Рылача. 21-гадовы падпісант за дыктатуру стаў першым профільным правым абаронцам у складзе гамельчукоў. У чэмпіёнскім калектыве-2023 Рылач не стаў асноўным, хаця паўдзельнічаў у 22 матчах і зрабіў 5 галявых перадач.

Ну і яшчэ ў «Гомель» прыехаў Аляксей Анцілеўскі. Гэта адзін з гульцоў, хто спадзяваўся падпісацца з Салігорскам, але такой магчымасці так і не зʼявілася. Мінулы сезон форвард, таксама здольны згуляць вінгера на абодвух флангах, правёў у Мазыры ў арэндзе з «Тарпеда-БелАЗ». Зімой яму далі ў Жодзіне статус вольнага агента. Антылеўскі дадаўся ў кампанію форвардаў Дзяніса Казлоўскага, Іллі Грышчанкі і Роды Эфаге.

«Іслач»

Пасля стартавай нічыей з брэсцкім «Дынама» (1:1) Дзмітрый Камароўскі на прэс-канферэнцыі шмат казаў пра кадравыя складанасці сваёй каманды. Там у міжсезонне больш клапаціліся не пра тое, як узмацніць праблемныя пазіцыі, а як захаваць гульцоў.

Таксама Камароўскі расказаў пра пошукі нападніка. Адразу была надзея знайсці легіянера, аднак пасля няўдалых спроб перад першым турам быў падпісаны Аляксандр Буцько, які нядаўна развітаўся са «Славіяй» (пры гэтым гулец нібыта заяўляў пра негатоўнасць да Д1).

На фінішы трансфернага акна «Іслач» ажыццявіла больш статуснае набыццё. Яшчэ некалькі сезонаў таму Аляксандр Шасцюк уваходзіў у топ самых перспектыўных беларускіх нападнікаў, а гэтай зімой не здолеў вытрымаць канкурэнцыю ў памаладзелым БАТЭ. Пасля першага тура барысаўцы адпусцілі 21-гадовага гульца.

Міжсезонне выдалася багатым на падзеі для абаронцы Канстанціна Кучынскага. Два апошнія сезоны левы фулбэк быў асноўным у «Гомелі» (27 матчаў, 2+7 у сезоне-2023). Зімой 25-гадовы футбаліст зганяў на прагляд у «Нёман», аднак прыкладна праз тыдзень зʼявіўся ўжо на трэнінгах «Шахцёра». Ён мог падпісацца з салігорцамі, калі б не трансферны бан, які наклалі на клуб праз даўгі. Перад закрыццём акна Кучынскаму тэрмінова прыйшлося шукаць новую каманду, і ёю стала недаўкамплектаваная «Іслач». Камароўскаму навічок прыйшоўся вельмі дарэчы з прычыны траўмы левага абаронцы Фарда Ібрагіма.

«Смаргонь»

0:5 ад мінскага «Дынама» ў першым туры паказалі, што каманда не зусім гатовая да новага сезона. Ды і проста колькасць футбалістаў пакідала жадаць большага – у заяўцы на матч было ўсяго 18 прозвішчаў. Пасля гульні Ігар Слесарчук прызнаў, што яго каманда не да канца адбылася, а на полі бракавала лідара. Трэнер анансаваў падпісанні некалькіх футбалістаў, якіх хацеў бачыць яшчэ да гульні з «Дынама».

З тых часоў «Смаргонь» прэзентавала чацвярых навічкоў. 22-гадовага цэнтральнага абаронцу Аляксея Шалашнікава ўзялі ў арэнду ў «Нёмана». Да нядаўняга часу правы на футбаліста належалі БАТЭ. Першую палову 2023-га той быў арандаваны «Славіяй», дзе правёў усяго адзін матч. Улетку дэф вярнуўся ў Барысаў, аднак «жоўта-сінія» не змаглі заявіць яго праз юрыдычныя праблемы. У лютым 2024-га гулец скасаваў кантракт з БАТЭ і падпісаўся з «Нёманам», аднак аператыўна сябе ў Гродне не зарэкамендаваў, таму да канца сезона адправіўся за гульнявой практыкай у Смаргонь.

Шалашнікаў ў цэнтры абароны будзе канкураваць з 21-гадовым івуарыйцам Абдулам Азізам Турэ. Да чэмпіянату Беларусі кліент расійскага агента Дзмітрыя Селюка гуляў у Д2 Малдовы за «Сапсан», дзе насіў капітанскую павязку.

Выбар у апорнай зоне Слесарчук пашырыў за кошт падпісання 28-гадовага Віталя Ліхціна. У актыве паўабаронцы ўсяго сем матчаў у вышэйшай лізе, якія правёў у першай палове мінулага года якраз за «Смаргонь». Астатнюю частку сезона Ліхцін адгуляў за «Жодзіна-Паўднёвае» (15 матчаў у Д2).

На правы фланг паўабароны дадаткова ўзялі 27-гадовага Максіма Яблонскага. Для футбаліста Смаргонь – родны горад, менавіта тут ён гуляў да пераходу ў «Нёман» зімой-2016/17. Да канца першага круга-2023 Яблонскі быў гульцом стартавага складу гродзенцаў, меў пяць асістаў у 11 матчах. Потым футбаліст атрымаў пашкоджанне і выбыў да канца года. Ігар Кавалевіч знайшоў кім замяніць траўмаванага, таму Яблонскага аддалі «Смаргоні» ў гадавую арэнду. У родным клубе хаўбек мае намер набраць форму.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты