Tribuna/Футбол/Блогі/У дэбютанта зборнай Беларусі ёсць «брат» – яго набылi ў «Чэлсі» за 50+ млн, а атрымалася 32 хвіліны за сезон (i больш не будзе)

У дэбютанта зборнай Беларусі ёсць «брат» – яго набылi ў «Чэлсі» за 50+ млн, а атрымалася 32 хвіліны за сезон (i больш не будзе)

Але досвед нашмат круцейшы, чым у «сваяка».

28 сакавіка, 20:00
У дэбютанта зборнай Беларусі ёсць «брат» – яго набылi ў «Чэлсі» за 50+ млн, а атрымалася 32 хвіліны за сезон (i больш не будзе)

У свой час Максім Кірэеў і Рамэа Лавія займаліся ў адной камандзе акадэміі бельгiйскага «Андэрлехта» як мясцовыя выхаванцы – хаця першы нарадзiўся ў Беларусi, а другi ў Бельгii, але ў сям’i ганца ды кангалезкi. Але ж гэтую iнтэрнацыянальную звязку называлі адной з самых яркіх у акадэміі «Андэрлехта». Непасрэдна паміж гульцамі былі вельмi цёплыя адносіны – вось доказ з сацсетак: пад сумесным фота Кірэеў называе Лавію «брат», а той адказвае смайлікамі-сэрцамі.

У 2020-м годзе 16-гадовы Лавія пераехаў у Англію – прычым не абы-куды, а ў акадэмію «Манчэстэр Сіці», як апорнiк трапiў у каманду U-18, пасля дзясятка матчаў перайшоў ужо ў каманду U-20, дзе таксама выдатна паказаў сябе (а абодва калектывы выйгралi cвае чэмпiянаты). У сезоне-2021/22 Лавiя нават правёў два кубкавых матчы за аснову «МС», быў у заяўцы на шэраг матчаў АПЛ ды ЛЧ, у тым лiку на абодва паўфiналы з «Рэалам», але на поле не выходзiў. Летам 2022-га Лавiю выкупiў «Саўтгемптан» – па звестках BBC, тое каштавала 10,5 млн фунтаў. У гэтым клубе АПЛ Лавiя адразу стаў гульцом асновы, у сезоне-2022/23 правёў у лiзе 29 матчаў i нават забiў адзiн мяч. Больш за тое, гулец дэбютаваў за зборную Бельгii ў «таварняку» з Германiяй. Аднак у канцы сезона было сумна – «Саўтгемптан» заняў апошні радок і пакінуў АПЛ.

Кірэеву да такога ўзроўня дайсцi не атрымалася. Ён заставаўся ў акадэмii «Андэрлехта» да лета 2022-га, калi на парозе 18-годдзя прыйшоў час выпускацца, але тады гульцу паведамiлi, што ў моладзевай камандзе клуба яму не гарантуюць практыку. Кiрэеву арганiзавалi прагляды ў Iталii, але нi ў сiстэму «Лацыа» з Серыi А, нi ў «Манаполi» з Д3 гульца не ўзялi. Па вынiку ён восем месяцаў заставаўся без клуба, пакуль не падпiсаў кантракт з «Льерсам» з бельгiйскага Д2.

У пачатку лета 2023-га Кiрэеў у iнтэрв’ю заявiў, што ў Iталii былi «праблемы не ў гульнi, ёсць рэчы, якiя не залежаць нi ад цябе, нi ад клуба». А на пытанне, як яго адносiны з Лавiя, адказаў: «Канешне, працягваем быць на сувязi. Калi ёсць магчымасць – гутарым. Дзе ён будзе ў наступным сезоне – пытанне».

А ў жнiўнi Лавiя быў выкуплены «Чэлсi», дзе тады шалёна раскiдвалiся грашыма. Каб набыццi выглядалi не такiмi дарагiмi, «Чэлсi» даваў навiчкам вельмi доўгiя кантракты – так сумы пакупак ў фiнансавай справаздачы можна падзялiць роўнымi часткамi на кожны год. Лавiя падпiсаў дамову адразу на сем гадоў – а аддалi за яго ажно 53 млн фунтаў (i яшчэ пяць мiльёнаў маглi дадаць бонусамi).

Аднак у Лондане ў гульца зусiм не пайшло. На пачатку сезона ён атрымаў траўму шчыкалаткі на трэніроўцы, з-за чаго з’явіўся ў заяўцы толькі ў канцы года. 27 снежня Лавiя дэбютаваў за «Чэлсi», згуляўшы 32 хвіліны ў пераможнай сустрэчы з «Крыстал Пэлас» (2:1). Але матч азмрочыўся чарговай траўмай, на гэты раз сцягна. З таго часу Лавiя лячыўся зноў, а 27 сакавіка прэс-служба клуба паведаміла, што паўабаронца больш у гэтым сезоне дакладна не згуляе.

Кiрэеў жа гуляе ў бельгiйскiм Д2, але не асноўны ў «Льерсе»: са сваiх 20 матчаў сезона ў 18 выходзіў на замену, праводзячы на полі крыху больш за 20 хвілін у сярэднім. Але гулец забiў два мячы, а ў гэтым сакавiку нечакана быў выклiканы iспанскiм трэнерам Карласам Алосам у зборную Беларусi.

Кiрэеў дэбютаваў за каманду ў таварняку супраць Чарнагорыi, згуляўшы 26 хвiлiн, а ў спарынгу з Мальтай зʼявіўся ўжо з першых хвілін. Гулец стараўся абвастраць, ішоў у абводку, прычым удала, прымушаў супернікаў фаліць (зарабіў тры штрафныя). Кірэева адзначылі і партнёры, і Алос, які застаўся задаволены. Зрэшты, калi запасны гулец аўтсайдара Д2 Бельгii так добра ўпiсваецца ў зборную, гэта, хутчэй, сведчыць пра ўзровень зборнай.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты