Tribuna/Гімнастыка/Блогі/Пуціністка Кабаева зладзіла шоў у гонар сябе для дзяцей у Мінску. Ёй дапамагалі гімнасткі, якія могуць паехаць ад Беларусі на Алімпіяду

Пуціністка Кабаева зладзіла шоў у гонар сябе для дзяцей у Мінску. Ёй дапамагалі гімнасткі, якія могуць паехаць ад Беларусі на Алімпіяду

Процьма зашкварных персанажаў.

6 сакавіка, 15:33
Пуціністка Кабаева зладзіла шоў у гонар сябе для дзяцей у Мінску. Ёй дапамагалі гімнасткі, якія могуць паехаць ад Беларусі на Алімпіяду

У Мінску прайшоў фестываль «Аліна-2024». Мерапрыемства праводзіцца з 2009 года, але да сталіцы Беларусі дабралася ўпершыню. Фінансуецца яно з фонду экс-расійскай гімнасткі Аліны Кабаевай, якая, паводле паведамленняў СМІ, з'яўляецца маці чатырох дзяцей ад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі Кабаева відавочна падтрымлівае знішчэнне суседскай дзяржавы. Напрыклад, выказвалася санкцыі ў спорце і пра «нацыстаў», якія атакавалі Данбас:

«Лічу, што больш ганебнай старонкі ў гісторыі сусветнага спорту не было ніколі. Кіраўніцтва шматлікіх міжнародных спартыўных арганізацый даўно і пад рознымі падставамі займаецца зусім неспартыўнымі справамі. Цяпер гэта перасталі хаваць. Іх «клопат» пра мір гэткі ж крывадушны, як і барацьба за чысты спорт. Яны не клапаціліся і не адхілілі ад спаборніцтваў ніводную краіну, якая ўдзельнічала ў знішчэнні сотняў тысяч мірных людзей у Югаславіі, Іраку, Лівіі, Сірыі. Але спартыўных чыноўнікаў вельмі раззлавала, калі Расія вырашыла абараніць Данбас і Луганск ад нацыстаў», – цытуе Кабаеву ТАСС.

А ўжо ў красавіку 2022-га, праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны, фонд Кабаевай зладзіў чарговы фестываль «Аліна» ў Маскве з нагоды «77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Падчас таго мерапрыемства Кабаева дала інтэрв'ю на фоне стэнда з сімвалам расійскага ўварвання ва Украіну Z, а на сукенку прышпіліла георгіеўскую стужку.

Пасля гэтага «фестывалю» Вялікабрытанія, Канада, краіны Еўрапейскага звязу, Аўстралія і ЗША пачалі ўводзіць персанальныя санкцыі супраць Кабаевай. Цікава, што амерыканцы аднымі з першых падрыхтавалі пакет, але не спяшаліся яго актываваць, баючыся «агрэсіўнай рэакцыі» Пуціна.

Дык вось, у 2024-м годзе фестываль «Аліна» праводзіўся ў Расіі і Беларусі: спачатку ў Сочы ў акадэміі Кабаевай «Нябесная грацыя» (2 сакавіка), а затым на «Мінск-Арэне» (5 сакавіка), з-за чаго прыйшлося зрушыць усю серыю першага раўнда плэй-оф КХЛ мінскага «Дынама» супраць маскоўскага на дзень наперад:

Вядучым імпрэзы быў расійскі каментатар і фанат Пуціна Дзмітрый Губерніеў. У Мінску ў фестывалі ўзялі ўдзел каля 300 чалавек з 12 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Гватэмалы, Казахстана, Кітая, Кіргізіі, Мексікі, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Кубы. Ад Беларусі выступалі гімнасткі Аліна Гарнасько, Анастасія Салас і Лізавета Зоркіна, якія атрымалі нейтральны статус і дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў. Першыя дзве з'яўляюцца падпісанткамі за беззаконне.

Пастаноўкай нумароў для мерапрыемства сумесна з расійскімі калегамі займаліся галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская і харыёграф каманды Юлія Маркоўская – абедзве падпісанткі за Лукашэнку.

Сам палітык таксама прысутнічаў на мерапрыемстве. Кампанію яму склалі старэйшы сын і па сумяшчальніцтве непрызнаны кіраўнік рэжымнага алімпійскага камітэту Віктар, сярэдні сын і кіраўнік спартыўнага клуба Лукашэнкі Дзмітрый і малодшы сын Мікалай. Побач сядзеў забанены на пяць гадоў ІІХФ за палітычны ціск на калег псеўдасенатар Дзмітрый Баскаў.

Магчыма, на рашэнне правесці фестываль у Мінску паўплывалі асабістае знаёмства Кабаевай з Лукашэнкам. У 2018-м годзе яна прыязджала ў Мінск, каб разам з дыктатарам перарэзаць стужачку на адкрыцці Палаца мастацкай гімнастыкі. Яны яшчэ абмяркоўвала спорт, глядзела фотаздымкі сям'і дыктатара, а пасля госця не шкадавала кампліментаў у эфіры рэжымных медыяў.

Адна з пастановак фестывалю насіла назву «Дзве сястры» – па задуме арганізатараў, каб адлюстраваць «дружбу» Беларусі і Расіі. У нумары ўдзельнічалі спевакі беларускага паходжання Наталля Падольская і Руслан Аляхно – абодва адкрыта падтрымліваюць расійскае ўварванне ва Украіну. Першая запомнілася выступам у сакавіку 2022 года на канцэрце ў Маскве з нагоды аннексіі Крыма, а другі неаднаразова ездзіў на акупаваныя тэрыторыі Украіны і актыўнай падтрымліваў Лукашэнку пасля сфальсіфікаваных выбараў-2020. Ва Украіне абодва выканаўцы знаходзяцца пад санкцыямі.

Асноўную аўдыторыю мерапрыемства склалі дзеці, якія займаюцца ў секцыях мастацкай гімнастыкі і сумежных відах спорту (напрыклад, фігурнае катанне). Таксама каля 700 дзяцей былі запрошаны з мінскіх дзіцячых дамоў. Ім гэтае мерапрыемства, здаецца, спадабалася:

А ў Аліны Гарнасько была асаблівая падтрымка:

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты