Tribuna/Хакей/Блогі/Вудкрафт напоўніцу дзівачыў у «Дынама»: сварыў гульцоў, зрабіў распранальню ўродаў, хацеў 2 рублі за падсвечнік

Вудкрафт напоўніцу дзівачыў у «Дынама»: сварыў гульцоў, зрабіў распранальню ўродаў, хацеў 2 рублі за падсвечнік

I даць выспятка заўзятару.

Аўтар — bytribuna com
30 красавіка, 14:30
Вудкрафт напоўніцу дзівачыў у «Дынама»: сварыў гульцоў, зрабіў распранальню ўродаў, хацеў 2 рублі за падсвечнік

25 красавіка на YouTube-канале «На банцы ХАКЕЙ» выйшла інтэрвʼю з абаронцам зборнай Беларусі Даніілам Бокунам. Сярод іншага гулец успомніў свой час у мінскім «Дынама» пры канадскім трэнеры Крэйгу Вудкрафце – і распавёў пра вельмі своеасаблівыя паводзіны коўча, у якога дыягнаставаў «комплекс Бога».

Гэта далёка не першы выпадак, калі хтосьці кажа пра дзіўныя і непрыемныя манеры Вудкрафта – ды і сам ён іх дэманстраваў не раз. Успамінаем агульныя і самыя яркія прыватныя выпадкі.

Ніколі не бачыў праблемы ў сабе

Вудкрафт патрабаваў ад хакеістаў беспярэчнага выканання ўказанняў – інакш у камандзе было не затрымацца. Але калі нешта ішло кепска, вінаваціў трэнер усё роўна падапечных – то яны «чамусьці не выконваюць зададзены абʼём працы», то «проста прывыклі прайграваць» і наогул «вырашылі не гуляць у хакей». Пры пытаннях пра свае памылкі Вудкрафт папросту сыходзіў ад адказу. Нядзіўна, што шматлікіх хакеістаў гэта раздражняла.

Маральна знішчаў гульцоў і забараняў адным камунікаваць з іншымі

У свежым інтэрвʼю Бокун заявіў, што Вудкрафт яго «цвёрда душыў», прычым «ахвярным казлом» хакеіст стаў у адзін момант без якіх-небудзь бачных прычын. А апошняя размова з трэнерам, па словах хакеіста, прайшла так: «Ён казаў, каб я сядзеў у распранальні цішэй за мыш, каб мяне не было ні відаць, ні чуваць, што лепш бы я скончыў з хакеем».

Падобныя метады Вудкрафта апісваюцца не ў першы раз. Нік Бэйлен, якога выціснулі з «Дынама» ў першым сезоне трэнера, у выніку не стрымаўся і паслаў спецыяліста «##### [мець] сябе». Яшчэ хакеіст успамінаў, што трэнер з ім не размаўляў і «казаў іншым хакеістам «Дынама», што каманда прайгравала матчы праз нас, траўмаваных». А Андрэй Касціцын заяўляў, што Вудкрафт ледзь не спецыяльна распальваў канфлікты ўнутры калектыву.

«Як можна забараняць маладым размаўляць з ветэранамі? А ім прама забаранялася са мной размаўляць. Як можна легіянерам казаць, што на іх гоняць беларускія ветэраны, а нам – што на нас гоняць «легі»? Не ведаю, можа, такое сутыкненне гульцоў адной каманды ілбамі – гэта тонкі псіхалагічны прыём, але я вынікаў не бачу», – казаў цяперашні рэжымнік.

Праблема была не толькі ў «Дынама» – паміж заходамі ў клуб Вудкрафт працаваў у швейцарскім «Сервеце», і пазней гулец клуба Эліят Антанеці распавёў, што і там трэнер дзейнічаў падобнымі метадамі, а яшчэ пакепліваў з барады Антанэці, якой той вельмі ганарыўся

Увёў «распранальню ўродаў»

Даўно было вядома, што Вудкрафт перанёс у «Дынама» для шматлікіх непрыемную амерыканскую практыку – змяшчаць траўмаваных у асобную распранальню. На гэта скардзіўся яшчэ Бэйлен – лічыў, што трэнер проста хацеў, каб гульцы з пашкоджаннямі «не трапляліся на вочы аднаклубнікам». Аднак цяпер Бокун у сваім інтэрвʼю заявіў, што распранальня была не толькі для траўмаваных, а яшчэ і для непажаданых Вудкрафту.

– [Мы] гэта называлі «раздзявальняй уродаў». Для хлопцаў, хто проста вось трапіў у няласку нейкую. Яна была далёка ад асноўнай раздзявалкі, там не было нічога, акрамя нашай формы, ні вады, нічога ўвогуле. Быццам я на «начнуху» прыйшоў проста пераапрануцца. Там было чалавек шэсць-сем і, вядома, гэта ўсе былі беларусы, – сказаў Бокун.

Тэлефанаваў у тры гадзіны ночы з абразамі

Былы прэс-сакратар «Дынама» Раман Шаўцоў успамінаў пра цяжкія узаемаадносіны з Вудкрафтам. Вінаваціў у сваіх бедах трэнер не толькі гульцоў, але і журналістаў, сам-насам з якімі паводзіў сябе прыязна, каб атрымаць «добрую прэсу».

– Але за спінай мог казаць што заўгодна. Думаю, любы, хто з ім працаваў, можа расказаць пра яго шмат непрыемнага. Вельмі любіў перакладаць матэрыялы пра сябе, а потым выносіць мозг прэс-службе. Яму нічога не перашкаджала патэлефанаваць [супрацоўніку прэс-службы] у тры ночы з пытаннем [пра якога-небудзь журналіста]: «Што гэты ##### [дрэнны чалавек] сабе дазваляе?» – дзяліўся Шаўцоў, які таксама адзначаў, што канадзец «любіў пра нешта дамовіцца, а потым сказаць, што ні пра што мы не дамаўляліся».

Прасіў пакрыць два рублі за падсвечнік

Прынамсі, так сцвярджаў экс-гендырэктар «Дынама» Анатоль Курылец. У 2018-м, адказваючы на пытанне пра Вудкрафта, Курылец заявіў, што трэнер са снежня 2016-га (то бок сярэдзіны свайго першага сезона ў «Дынама») стаў весці таемныя перамовы з «Серветам», а потым прасіў удвая падняць трэнерам «зуброў» заробак, але гэта аказаліся не самыя яркія абвінавачванні.

– Дуаер і Покавіч ні разу за сезон не прыйшлі і не сказалі: «Аплаці мне падсвечнік. Я вось свечачку купіў і падсвечнік у трэнерскую. Яна каштуе два рублі. Калі ласка, аплаці». А Вудкрафт, каб вы ведалі, прыходзіў, – выдаў Курылец.

Спрабаваў даць выспятка заўзятару

У студзені 2020-га справы з вынікамі «Дынама» ішлі вельмі дрэнна. Але гульцам і трэнерам гэта не перашкаджала адпачываць на публіцы. Так адзін заўзятар узяў ды і сустрэў тады трэнера «Дынама» Міхаіла Грабоўскага ў адной з мінскіх установе, дзе рэжымнік святкаваў дзень нараджэння бацькі. Грабоўскі атрымаў пару пытанняў і нават нешта на іх адказваў – а ў гэты час Вудкрафт, які таксама быў на вечарынцы, падносіў нагу да ягадзіц заўзятара, як быццам ляніва спрабуючы даць таму выспятка. Эпізод быў, увогуле, вельмі дзіўны.

Не так сябе паводзіў Вудкрафт, калі неўзабаве заўзятары пасля чарговай паразы атачылі клубны аўтобус, – трэнер прасіў прабачэння перад імі і нават кагосьці абняў.

Прымушаў падпісвацца за рэжым

Пра рэжымныя рэпрэсіі 2020-га ў Беларусі Вудкрафт ніяк не выказваўся. Калі ў канцы 2020-га ў белспорце зʼявіўся прарэжымны ліст, у хакеі яго падпісвалі хутка і масава – а вось з мінскага «Дынама» пра гэта неяк нічога не было чуваць. Але ўжо ў студзені 2021-га інсайды паведамілі, што Вудкрафт разам з памочнікамі Паўлам Перапехіным і Андрэем Мезіным удзельнічалі ў ціску па подпісах. Падрабязнасці праз пару гадоў распавёў згаданы Шаўцоў – як аказалася, у тройцы трэнеры «па адным выклікалі ў кабінет хакеістаў, абяцалі, што пры адсутнасці подпісу чалавек не будзе больш гуляць у хакей, і мала хто змог адмовіцца». Праўда, па загадкавых прычынах спіс падпісантаў з «Дынама» так нідзе і не быў апублікаваны.

Абдымаўся з Лукашэнкам, але перанос гульні з-за яго апісаў словам «смактаць»

У Вудкрафта не аказалася праблем з тым, каб паўдзельнічаць у актыўнасцях рэжыму. У красавіку 2021-га канадзец апынуўся перад самім Лукашэнкам адразу пасля таго, як каманда дыктатара выйграла чарговы «рэспубліканскі турнір» – і той стаў абдымаць трэнера, а затым аддаў яму свой медаль. Вудкрафт, які незадоўга да гэтага называў Беларусь «цудоўнай краінай», ніяк не пярэчыў.

Неўзабаве разам з усёй хакейнай зборнай Беларусі, якая тады прайграла адбор на Алімпіяду, Вудкрафт удзельнічаў у віншаванні Лукашэнкі з днём нараджэння.

Але ў 2022-м Вудкрафт застаўся незадаволены, калі вераснёўскі хатні матч «Дынама» перанеслі ў Расію – таму што «Мінск-Арэна» спатрэбілася Лукашэнку.

На пытанне наконт сітуацыі Вудкрафт адказаў ёміста: «It sucks, completely sucks». Даслоўны пераклад: «Гэта смокча, цалкам смокча», – у англійскай так апісваюць поўны правал ці расчараванне.

Зрэшты, у самім Лукашэнку канадзец не расчараваўся. І ўжо ў сакавіку 2023-га пасля пацешнага матча, дзе «Дынама» прайграла камандзе дыктатара, Вудкрафт падносіў яму джэрсі ў рамцы, называў «прэзідэнтам» і дзякаваў за «зробленае для хакея».

Абражаў суддзяў

Ужо ў першым сезоне ў «Дынама» Вудкрафт панадзіўся абражаць суддзяў. У лістападзе 2016-га за гэта атрымаў выдаленне да канца гульні са «Слованам» – потым яшчэ і грашовы штраф. Але не супакоіўся – у лютым 2017-га сітуацыя паўтарылася ў сустрэчы з «Аўтамабілістам». Тут Вудкрафта ўжо дыскваліфікавалі на наступны матч – хоць і на тым вывелі пад белыя рукі за межы пляцоўкі (ВІДЭА).

Ну а ў снежні 2022-га, калі Вудкрафт зноў атрымаў выдаленне за абразу арбітра, нават удалося разабраць, што ён сказаў «fuck off», гэта значыць «######## [адвалі]». Суддзі сустрэчы з ЦСКА далі за гэта камандзе дзве хвіліны – і яна прапусціла шайбу, якая стала пераможнай для расійскай каманды (ВІДЭА).

Андрэй Касціцын таксама расказваў, што яго як капітана Вудкрафт пастаянна пасылаў да суддзяў за тлумачэннямі «з нейкай дробнай лухтой» – прычым так часта, што арбітры пагражалі выдаленнем ужо самому цяперашняму гульцу каманды Лукашэнкі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты