Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Набадзяжыць міжнародны спорт, займець Алімпіяду кантрабандай у Расіі не атрымаецца»

4 лютага 2023, 11:01

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша выказаўся наконт вяртання расійскіх спарстсменаў на міжнародную арэну.

«1. Тэма допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў хоць куды-небудзь – цяпер на многія месяцы. І будзе сустракаць у свеце жорсткае супраціўленне.

Але ў лепшым для Масквы выпадку (калі раптам задаволіць самая мяккая ў адносінах да краін-агрэсараў канцэпцыя МАК) расійскія суперзоркі тыпу лыжніка Бальшунова, плыўца Рылова, сясцёр Аверыных і шматлікіх іншых развітваюцца з міжнароднай кар’ерай.

Яшчэ і санкцый шмат каму з іх прыляціць, нават турыстам у Еўропу не з’ездзяць. Зараз дарэчы паўтару для астатніх: трымайцеся як мага далей ад Z-мерапрыемстваў, Пуціна, ад праўладнага і мілітарысцкага. Клічуць туды – увільвайце, хлусце, хавайцеся, здавайцеся хворым. Украінская рэдакцыя Tribuna.com з лютага 22-га фіксуе кожнага, усе доказы будуць на стале ў міжнародных арганізацый.

2. Апелюючы да ідэі нядопуску астатніх, хто ў падтрымцы вайны пакуль не заўважаны, многія напіраюць на правы чалавека, прэзумпцыю невінаватасці. Гэта, насамрэч, моцны довад.

Але паглядзіце на фота: расійскія чэмпіёны бліскаюць медалямі апошніх Алімпіяд у кардэбалеце ў Пуціна на адным з Z-мерапрыемстваў. Само траплянне расіян на тыя гульні – вынік апоры на прэзумпцыю і правы чалавека. Выявіўшы махінацыі з допінгам на дзяржузроўні вакол Сочы-2014, Расію хацелі і спрабавалі адхіліць ад Алімпійскага руху. Але ОК, прэзумпцыя, правы, «у чым вінаватыя тыя, каго не схапілі за руку»: расіян дапусцілі да апошніх Гульняў пад нейтральным сцягам.

Зараз ва ўсіх адкрыліся вочы, што размовы пра закон, раўнапраўе і «спорт па-за палітыкай» ад расійскіх афіцыйных асоб – разводка для лохаў. Кшталту манеўраў беларускага НАК, які пад міжнародным ціскам у 2020-м замясціў Аляксандра Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта НАК. Ягоным сынам Віктарам Лукашэнкам.

Ёсць яшчэ «крэдытная гісторыя». У расійскіх спартсменаў яна па выніках апошніх гадоў катастрафічная. Зусім нядаўна расійскім спартсменам выдавалі каласальны крэдыт даверу, пасля выкрыцця допінгавай сістэмы, ён ужо страчаны.

3. Яшчэ раз паглядзіце на медалі і алімпійскія кольцы на Z-шабашах. Паглядзіце вачыма МАК, аргкамітэтаў Алімпіяд, іх спонсараў. Як вам перспектыва ўмазацца з усімі алімпійскімі ідэаламі, хартыяй і П’ерам дэ Кубертэнам у такое? Бо з любым новым алімпійскім медалём пры Пуціне будзе тое самае.

Спонсараў як пункт ціску акцэнтую асобна. Міжнародная федэрацыя хакея не хацела адмяняць чэмпіянат свету-2021 у Мінску. Ён адмяніўся пасля пагрозы байкоту Skoda, Tissot і іншых спонсараў.

4. Алімпіяды і міжнародныя турніры могуць падавацца чымсьці дробным на фоне варварскай вайны, чымсьці не прынцыповым. Але сімвалічнае значэнне ў іх дастатковае. Многія санкцыі, накладзеныя на Расію, так ці інакш дзіравы: у Расію кантрабандай вязуць БМВ і айфоны, а з яе – нафту (бадзяжаць потым санкцыйную расійскую з не санкцыйнай для перапродажу). Набадзяжыць так міжнародны спорт, займець Алімпіяду кантрабандай у Расіі не атрымаецца.

5. Яшчэ пра сімвалічнае значэнне Алімпійскіх медалёў, каб пасмяяцца.

На фота з пуцінскага шабашу – гімнаст Іван Куляк. Малады, які пакуль нічога не выйграў, вядомы толькі выступам з расійскім свастонам на грудзях на міжнародным турніры ў першыя дні ўварвання. На фота з Z-шабаша ў Куляка таксама красуецца алімпійскі медаль. Але справа ў тым, што Іван Куляк ніколі не ўдзельнічаў у Алімпіядах», - напісаў Навоша.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 году працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.