Усе навіны

Рэжым Лукашэнкі абвясціў Tribuna.com «экстрэмісцкім фармаваннем»

5 снежня, 13:18

«МУС» рэжыму Лукашэнкі аб'явіла Tribuna.com «экстрэмісцкім фармаваннем».

Гэта адбылося 5 снежня. Часткамі «экстрэмісцкага фармавання» названыя сайт by.tribuna.сom, сацыяльныя сеткі і дадаткі Tribuna.сom Беларусь, а таксама «лагатып у выглядзе мастацкай выявы пяціканцовай зоркі, выкананай у рознакаляровых танах, на чорным фоне».

Tribuna.com стала чарговым буйным незалежным медыя, названым рэжымам «экстрэмісцкім фармаваннем» для ўскладнення працы. Раней такі статус атрымалі «Зеркало», «Наша Ніва» і шэраг іншых.

Статус «экстрэмісцкага фармавання» ўскладняе працу з крыніцамі, бо за прадастаўленне такому медыя любой інфармацыі рэжымны «суд» можа адправіць за краты на тэрмін да 7 гадоў. Tribuna.сom у сваёй працы ніколі не раскрывае крыніцы інсайдаў і асабліва ўважліва сочыць за гэтым у апошнія гады пераследу рэжымам.

За любую спробу фінансава дапамагчы «экстрэмісцкаму фармаванню» рэжымны «суд» можа адправіць за краты на тэрмін да 8 гадоў. Адзначым, што Tribuna.сom ніколі не звярталася да аўдыторыі па данаты.

Таксама з гэтага часу любога супрацоўніка Tribuna.com рэжымны «суд» можа адправіць за краты на тэрмін да 10 гадоў. Нягледзячы на гэта, каманда праекта працягне сваю працу ў ранейшым фармаце, асвятляючы ўсе працэсы ў беларускім спорце.

У бліжэйшы час мы выпусцім падрабязны матэрыял пра тое, як засцерагчы сябе пры чытанні Tribuna.сom.