Усе навіны

«Дыстанцыявацца ад кантактаў». НАК і Мінспорту Украіны апублікавалі рэкамендацыі па паводзінах з беларусамі і расіянамі на АГ

2 траўня, 14:10

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны і Міністэрства моладзі і спорту абнародавалі рэкамендацыі для ўкраінскіх атлетаў па кантакце з беларускімі і расійскімі спартсменамі на Алімпіядзе-2024.

«Рэкамендуем украінскім спартсменам, членам афіцыйнай дэлегацыі, іншым асобам, якія будуць знаходзіцца на тэрыторыі Французскай Рэспублікі ў рамках правядзення АГ у Парыжы-2024 у кантакце з названымі прадстаўнікамі:

  • устрымлівацца ад прамых кантактаў з прадстаўнікамі краін-агрэсараў, якія могуць выклікаць правакацыйныя дзеянні з іх боку як у Алімпійскім пасёлку, так і па-за ім;
  • пра любыя спробы правакацыйных дзеянняў з боку прадстаўнікоў рф і рб (у тэксце арыгінальнага дакумента згадкі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі не змяшчаюць вялікіх літар – заўв. Tribuna) інфармаваць вышэйшую па пасадзе асобу і кіраўніцтва афіцыйнай дэлегацыі;
  • не ўдзельнічаць у любых зносінах у сацыяльных сетках і дыскусіях з нейтральнымі атлетамі (AIN) рф і рб, не дзяліцца і не рэагаваць на кантэнт AIN рф і рб, не публікаваць агульныя фота- і відэаматэрыялы як адносна спаборніцтваў, так і за спаборніцкі перыяд;
  • спартсменам нацыянальных зборных каманд Украіны і членам афіцыйнай дэлегацыі Украіны на АГ-2024 выконваць правілы ўдзелу ў спаборніцтвах адпаведных міжнародных спартыўных федэрацый, наколькі гэта неабходна для забеспячэння выканання мінімальных патрабаванняў адпаведнасці ўдзелу ў спаборніцтвах нараўне з AIN рф і рб;
  • падчас і па-за цырымоніямі ўзнагароджання і кветкавых цырымоній, наколькі гэта магчыма, трымацца на адлегласці і дыстанцыявацца ад любых кантактаў з AIN рф і рб, а таксама ўстрымлівацца ад агульных фота ці відэа, калі такое запатрабаванне не звязана з захаваннем патрабаванняў у правілах спаборніцтваў;
  • устрымлівацца ад удзелу ў прэс-канферэнцыях, прамых эфірах (якія не маюць непарыўнай сувязі з належным правядзеннем спаборніцтваў), інтэрв'ю і іншых рэкламных мерапрыемствах да і пасля спаборніцтваў разам з AIN рф і рб;
  • у выпадку выяўлення парушэнняў умоў допуску да АГ-2024 AIN рф і рб, сфармуляваных Выканкамам МАК і/або ўстаноўленых адпаведнымі міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі, зафіксаваць факт парушэння нейтральнага статусу і рэкамендаваных умоў удзелу AIN рф і рб, інфармаваць вышэйшую па пасадзе асобу, кіраўніцтва афіцыйнай дэлегацыі, адпаведныя міжнародныя спартыўныя федэрацыі і Аргкамітэт АГ-2024;
  • у выпадку калі спартсмен нацыянальнай зборнай каманды Украіны з'яўляецца супрацоўнікам Узброеных сіл Украіны, Міністэрства ўнутраных спраў, іншых воінскіх фарміраванняў, акрамя гэтых рэкамендацый выконваць правілы і рэкамендацыі адпаведных органаў у рабоце па AIN рф і рб.

Указаныя Рэкамендацыі датычацца кантактаў з прадстаўнікамі краін-агрэсараў, а таксама іншымі асобамі, якія падтрымліваюць палітыку гэтых краін і могуць быць выкарыстаны для прапаганды», – гаворыцца ў рэкамендацыях.

Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.