💃Tribuna.com адкрывае вакансію Affiliate Manager
19 красавіка 2023, 13:57Вакансія
Усе навіны

Данілевіч пра абвінавачанні ў інтэрв'ю для «Трыбуны»: «Разумеў, што маё інтэрв'ю не можа быць ацэнена як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Казаў, што неабходна прытрымлівацца закона»

28 красавіка 2023, 13:46

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў словы экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі Аляксандра Данілевіча, якія ён казаў на працэсе 10 красавіка, дзе рэжымны суд па горадзе Мінску даў адвакату 10 гадоў калоніі.

Нагадаем, што сярод абвінавачванняў было таксама інтэрв’ю для Tribuna.com, аднак Данілевіч размаўляў з Telegram-каналам «О, спорт! Ты – мир!», а «Трыбуна» толькі перапячатала данны матэрыял.

Акрамя таго, Данілевіч звяртаў увагу на тое, што ў абвінавачванні існуе памылка з эпізодам з «падрыхтаваннем заклікаў прыняць санкцыйныя меры супраць этапу кубка свету па фрыстайле», запланаванага на 18 студзеня 2021 года

«Высокі суд, у справе ўвогуле няма ніводнага матэрыялу ў дачыненні да такога віду спорту як фрыстайл. Я думаю, што гэта проста памылка. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Нават справе гэта не адпавядае, няма нічога ў справе па гэтаму пытанні.

Далей пра тое, што тычыцца інтэрв'ю. Я хацеў бы падкрэсліць, што, сапраўды, сайт Tribuna.com не прызнаваўся экстрэмісцкай арганізацыяй, прызнаваліся экстрэмісцкімі тыя матэрыялы, якія на ім размяшчаліся. Я ў прынцыпе разумеў, што гэта так, і разумеў гэта, даючы згоду на публікацыю, я разумеў, што гэта будзе ў першую чаргу не на сайт Tribuna.com, а на сайце «Спорт і мір» (маецца на ўвазе Telegram-канал «О, спорт! Ты – мир!» – Tribuna.com), і разумеў, што маё інтэрв'ю ніяк не можа быць ацэнена як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Таму што павінны быць наступствы нейкія. А якія наступствы пасля апублікавання майго інтэрв'ю? Я не бачу іх. Нейкія наступствы, якія можна лічыць экстрэмісцкімі? Кагосьці я крыўдзіў у гэтым інтэрв'ю? Не. Заклікаў да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў? Не. Абражаў? Таксама не. Таму, уласна кажучы, я і пагадзіўся на тое, што трэба апублікаваць інфармацыю, якой я хацеў падзяліцца з гэтым парталам.

Мне хацелася даць інтэрв'ю. Мне было прыемна, што да мяне звяртаюцца з просьбай даць інтэрв'ю. Інтэрв'ю, на мой погляд, даволі бяскрыўднае. Я ў большай ступені казаў пра самога сябе і пра тую сітуацыю, якая склалася ў сувязі з тым, што я падпісаў зварот за мір. А за гэта мяне яшчэ, ну скажам так, спрабавалі пакараць. То бок, я неяк адчуваў крыўду. У інтэрв'ю я казаў, што неабходна прытрымлівацца закона ў Беларусі. «Але закон парушаць вы не павінны», – там ёсць такія словы. Таму я зыходзіў, увогуле, з таго, што ў мяне не было мэты «Трыбуны» канкрэтна. Проста звярнулася журналістка і прапанавала размясціць інтэрв'ю, мне гэта імпанавала, вядома ж», – прыводзіць словы Данілевіча паваабарончы цэнтр «Вясна».