Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ці патрэбныя камандзе Ferrari яе стратэгі, а нам усім – Гран Пры Манака? Спагадаем Шарлю Леклеру і віншуем Серхіа Перэса

Ці патрэбныя камандзе Ferrari яе стратэгі, а нам усім – Гран Пры Манака? Спагадаем Шарлю Леклеру і віншуем Серхіа Перэса

Жарты пра стратэгічны штаб Ferrari прыдуманыя не мною і не ўчора. Але акурат учора іх пачалі інтэнсіўна ўспамінаць, бо праз надта ўжо дзіцячую памылку каманднага мосціка Шарль Леклер пазбавіўся перамогі на сваім хатнім Гран Пры Манака. А другога шанцу ў яго можа і не быць.

Ці патрэбныя камандзе Ferrari яе стратэгі, а нам усім – Гран Пры Манака? Спагадаем Шарлю Леклеру і віншуем Серхіа Перэса

Фота: formula1.com

Жарты пра стратэгічны штаб Ferrari прыдуманыя не мною і не ўчора. Але акурат учора іх пачалі інтэнсіўна ўспамінаць, бо праз надта ўжо дзіцячую памылку каманднага мосціка Шарль Леклер пазбавіўся перамогі на сваім хатнім Гран Пры Манака. А другога шанцу ў яго можа і не быць.

Другога шанцу дакладна не будзе ў Захаду, калі ён здрадзіць Украіне і спыніць яе падтрымку. З прадажнымі еўрапейскімі палітыкамі ўсё зразумела, і пытанняў да іх даўно няма, але еўрапейскія народы мусяць разумець, што калі яны размяняюць Украіну на танныя нафту і газ, у дадатак да іх яны праз пэўны час атрымаюць рускі свет на сваіх землях.

Толькі Украіна абараняе зараз свет ад спаўзання ў дзевятнаццатае стагоддзе, калі не ў сярэднявечча. Яна першая прыняла на сябе ўдар тры месяцы таму, але яна не будзе апошняй, калі пакінуць яе сам-насам з агрэсарам. Так, украінцы, здаецца, раней ці пазней разбяруцца з захопнікамі, нават калі застануцца з голымі рукамі. Але толькі ваенная дапамога наблізіць іх перамогу, якая вырашыць вельмі шмат праблем ва ўсім свеце.

Поспех украінцаў будзе мець велізарнае значэнне і для беларусаў. Яны, хто чым можа, зараз дапамагаюць сваім суседзям, да якіх прыйшла бяда, змагаючыся не толькі за іх свабоду, але і за сваю. Украінцам значна цяжэй, адзін наш агульны з імі вораг прынёс ім вайну. Проста ў нас вораг не адзін, і гэта замінае наш рух да волі, таму мы і зычым поспеху ўкраінцам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расія пазбавілася свайго Гран Пры ў Формуле 1 за сваю ваенную агрэсію, а вось Гран Пры Манака можа знікнуць з календара чэмпіянату свету па зусім іншых прычынах. Кантракт в Вялікімі Прызамі ў Аўтамабільнага клубу Манака закончваецца акурат у гэтым годзе, і каб яго працягнуць, арганізатары этапу ў Княстве мусіць будуць адмовіцца ад цэлага шэрагу прывілей.

Напрыклад, тэлевізійную карцінку фарміруюць менавіта яны, а не сама Формула 1. Пры гэтым самі ж арганізатары гонкі ў Манака вырашаюць, калі і ў якім парадку яны будуць паказваць лагатыпы спонсараў. Ды і плацяць за права прымаць каралеўскія аўтагонкі яны ў разы меней, чым любая іншая траса – каля 10-15 мільёнаў долараў у год.

Кіраўніцтва ж Формулы 1, якая ў апошнія гады набыла папулярнасць у ЗША і пашырае сваю прысутнасць там, ясна дала зразумець прамоўтэрам некаторых еўрапейскіх Гран Пры, што прыкрывацца адной толькі гістарычнай каштоўнасцю ўжо не атрымаецца. Пагроза навісла не толькі над Манака, але і, у прыватнасці, над Гран Пры Бельгіі, які праходзіць на любімай усімі трасе Спа-Франкаршам. Толькі калі аўтадром у Ардэнах усе любяць за цікавыя гонкі і абгоны, то ў Манака з гэтымі абгонамі заўсёды было туга. Таму там заўсёды крытычна важнымі былі ўдалая кваліфікацыя і пісьменная стратэгія ў гонцы.

Вось тут у Ferrari з Леклерам якраз і атрымалася не ўсё. Пры гэтым Шарль на сваіх родных вулачках быў хуткім увесь уік-энд. Першую пазіцыю ён займаў у пратаколах што свабодных практык, што кваліфікацыі. У яе фінале манэгаск ізноў жа быў хутчэй за ўсіх у абодвух спробах, хаця поўл яму прынесла першая.

Калі ж ён быў блізкі да таго, каб скончыць другую, ужо ў самым канцы, на выхадзе з павароту Portier развярнула балід пілота Red Bull Серхіа Перэса, аб якога стукнуўся напарнік Шарля Карлас Сайнс. На гэтым кваліфікацыя і скончылася, спыненая чырвонымі сцягамі. Поўл, зрэшты, усё роўна застаўся за Леклерам, якому заставалася толькі не дапусціць памылак у нядзелю і ўвогуле ўпершыню ў сваёй кар’еры фінішаваць на хатнім Гран Пры, і адразу першым, але…

На самой справе, я за тое, каб Манака засталася ў Формуле 1 нават са сваім бракам абгонаў. Таму што калі там пачынае ісці дождж, вуліцы Княства для пілотаў Формулы 1 робяцца філіялам пекла на зямлі. І калі пятнічныя і суботнія сесіі прайшлі пры сонечным надвор’і, то ў нядзелю яно змянілася залевай.

Невялічкі, здавалася, дожджык, пачаўся акурат перад стартам. Але ён усё ўзмацняўся, праз што пачатак гонкі некалькі разоў адкладаўся. У выніку толькі праз шаснаццаць гадзін у пелатона атрымалася зрабіць два ўстановачныя кругі за аўтамабілем бяспекі, пасля чаго стала зразумела, што прыйдзецца чакаць яшчэ, і нават да афіцыйнага старту гонка была спыненая чырвонымі сцягамі.

Пачаўся ж заезд толькі ў 16:05 па мясцовым часе, болей чым праз гадзіну пасля таго, як мусіў быў пачацца па раскладзе. І таксама пад аўтамабілем бяспекі, які, аднак, не перашкодзіў павітацца з адбойнікамі двум канадцам – Нікаласу Лаціфі з Williams і Лэнсу Стролу з Aston Martin. У Леклера ж на той момант усё было файна, ён спакойна рухаўся з Бэрндам Майландэрам, разумеючы, што час грае на яго.

І нават калі на трэцім кругу аўтамабіль бяспекі пакінуў трасу, Шарль кантраляваў ход гонкі. Перад ім нікога не было, ніхто не замінаў яму пырскамі з-пад колаў. А ззаду нават калі ў каго і з’явіліся б думкі атакаваць, то спачатку яму прыйшлося б мець справу з Сайнсам, які стартаваў другім.

Аднак дождж на той момант ужо перастаў, і траса неўзабаве пачала сохнуць. Гоншчыкі ззаду пачалі адзін за адным пераходзіць з дажджавых шын на прамежкавыя, і раней ці пазней гэта ж трэба было рабіць і Леклеру. У выпадку з Сайнсам каманда спрацавала цалкам разумна – дачакалася моманту так званага крос-пойнту, калі шыны для сырой і сухой трасы працуюць аднолькава, і на дваццаць першым кругу адразу пераабула машыну іспанца ў слікі, новы камплект Hard.

Што перашкодзіла гэтак жа зрабіць з Леклерам – схадзі разбярыся. Замест гэтага Шарль спачатку на васямнаццатым кругу атрымаў прамежкавыя шыны, а на тым жа дваццаць першым (у Скудэрыі рызыкнулі правесці піт-стопы абодвух сваіх гоншчыкаў на адным кругу) таксама адправіўся за «хардам». Пры гэтым гоначны інжынер Леклера спачатку паклікаў яго ў боксы, а потым, калі пілот ужо звярнуў на піт-лэйн, загадаў застацца на трасе.

Вось і атрымалася, што ў Іспаніі тыднем раней Шарль застаўся без перамогі праз механічныя праблемы (з дыстанцыі ён сышоў, як высветлілася, праз паломку цеплавога матор-генератара і турбіны), і на сваёй радзіме праз памылку каманды. Яе кіраўнік Маціа Бінота потым прызнаваў, што, можа, і з Шарлем варта было пацярпець, а потым перайсці на слікі, абяцаў прааналізаваць тое, што адбылося, каб такое больш не паўтарылася, але Леклеру, які ў выніку адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, на якой і фінішаваў, лягчэй ад таго не было.

Дзе стратэгі спрацавалі выдатна, дык гэта ў Red Bull. Перэс, нягледзячы на непрыемнасць у кваліфікацыі, стартаваў чацвёртым, апярэдзіўшы нават свайго напарніка – дзейснага чэмпіёна Макса Ферстапена, якога я згадваю вось толькі цяпер (дэжавю, год таму я таксама не адразу ўспомніў, што ў Гран Пры Манака ўдзельнічаў дзейсны на той момант чэмпіён Льюіс Хэмілтан). На прамежкавыя шыны мексіканца перавялі першым з групы лідараў, на шаснаццатым кругу, а на свежы «хард» – на дваццаць другім.

І такі фокус дазволіў Чэка выйсці ў лідары гонкі! Што, натуральна, практычна гарантавала яму і перамогу. Пілотам Ferrari надзею падараваў толькі Мік Шумахер. На дваццаць сёмым кругу немец патрапіў у сур’ёзную аварыю, ізноў прынёсшы сваёй не самай заможнай камандзе Haas фінансавыя страты. У другі раз у сезоне пасля кваліфікацыі Гран Пры Саудаўскай Аравіі яго аўтамабіль ад удару аб бар’ер бяспекі разарвала на дзве часткі – заднюю вось вырвала разам са скрыняй перадач.

Гонка ў другі раз была спыненая чырвонымі сцягамі, а рэстарт потым прайшоў ізноў з ходу, а не з месца. Па ўсяму відаць, моцны дождж прывёў да перабояў з электрычнасцю, і стартавая сістэма магла проста не спрацаваць, таму гоначны дырэктар Эдуарда Фрэйташ вырашыў перастрахавацца. Што, канечне, было зусім не на руку Сайнсу з Леклерам, якія ў іншым выпадку маглі б атакаваць канкурэнтаў – Карлас Серхіа, а Шарль Макса.

Перастрахаваўся Фрэйташ і потым, калі дазволіў карыстацца DRS толькі на трыццаць дзявятым кругу, хаця стан трасы дазваляў зрабіць гэта і раней. Але ізноў жа, паспрабуй абгані ў Манака, дзе і зона адкрыцця крыла адзіная – на стартавай дузе. Дый кругоў гоншчыкі праехалі не семдзесят восем, а шэсцьдзесят чатыры – адзін прыбралі пасля дадатковага ўстановачнага, а астатнія не паспявалі пераадолець да сканчэння ліміту часу, таму апошнія трыццаць пяць хвілін адлічваў таймер.

Што, зрэшты, не перашкодзіла перамагчы Перэсу, поспех якога пасля не зусім адназначнага з яго пункту гледжання Гран Пры Іспаніі быў псіхалагічна важным. Сайнс быццам бы ў навучанне сваёй камандзе, як трэба было рабіць з Леклерам, прыйшоў да фінішу на той жа другой пазіцыі, з якой і стартаваў, а Ферстапен падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Ну а Леклер, фінішаваўшы чацвёртым, адразу паспяшаўся ад усіх схавацца. Суцяшаць сябе ён можа толькі тым, што хуткасць у Ferrari па-ранейшаму ёсць, і яе хапае, каб перамагаць. Трэба толькі камандзе нешта ўнутры сябе паправіць, каб у яе пілота, які прэтэндуе на чэмпіёнства, гэта зноў пачало атрымлівацца.

Усё стабільна і ў Mercedes – там Джордж Расэл у чарговы раз выступіў лепей за Хэмілтана, стартаваўшы шостым (сяміразовы чэмпіён заняў восьмае месца, саступіўшы яшчэ і двухразоваму чэмпіёну з Alpine Фернанда Алонса), а фінішаваўшы пятым. Нават пілот McLaren Ланда Норыс, які яшчэ не да канца вылечыўся ад сваёй хваробы, што замінала яму ў Іспаніі, і які бліснуў у кваліфікацыі, паказаўшы пяты вынік, у гонцы саступіў свайму суайчынніку са Срэбраных Стрэл, заняўшы шостае месца.

Хоць і такое выступленне выдатнае на фоне трынаццатай пазіцыі на фінішы яго напарніка Даніэля Рыкарда, пра замену якога кім-небудзь з хуткай моладзі, напрыклад, Патрысіа О’Вордам ці Колтанам Хертай, якія ганяюцца ў IndyCar, ужо размаўляюць услых. Сваёй назадаволенасці ад яго вынікаў не хавае нават адзін з кіраўнікоў каманды Зак Браўн.

Зрэшты, чэмпіянат яшчэ далёка не скончаны ні для каго. Хаця Макс Ферстапен сваё лідарства ізноў крыху замацаваў, і мае цяпер 125 ачкоў. Леклер не так і далёка – у яго 116 балаў, але яго другая пазіцыя пад пагрозай, бо да яго ў сваю чаргу блізка падабраўся Перэс, які адстае ўсяго на шэсць балаў. Red Bull з 235 ачкамі ўпэўнена ўзначальвае Кубак канструктараў. Ferrari мае там 199 ачкоў і займае другую пазіцыю, Mercedes трэці, у яго 134 ачкі.

Нават у тых, хто ў Манака адпрацаваў не лепшым чынам, што сярод гоншчыкаў, што сярод стратэгаў асобных каманд, цяпер з’явіцца час крыху перавесці дух і спакойна падрыхтавацца да Гран Пры Азербайджана, які пройдзе праз два тыдні, 10-12 чэрвеня. Не нарабіць там старых памылак ужо будзе поспехам, ды і ад гоншчыкаў там залежыць болей – абганяць у Баку ёсць дзе.

Другие посты блога

Все посты