Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Летняе абвастрэнне. Сюжэт чэмпіянату свету па мотакросе працягнуў свой твіст у Францыі

Летняе абвастрэнне. Сюжэт чэмпіянату свету па мотакросе працягнуў свой твіст у Францыі

Ззаду засталася палова сезона сусветнага мотакросу, і падводзіць вынікі дакладна яшчэ зарана. Гран Пры Францыі прадэманстраваў, што нават з лідарамі можа адбыцца ўсякае. Хаця некаторым з іх у Эрнэ якраз пашанцавала.

Летняе абвастрэнне. Сюжэт чэмпіянату свету па мотакросе працягнуў свой твіст у Францыі

Фота: mxgp.com

Ззаду засталася палова сезона сусветнага мотакросу, і падводзіць вынікі дакладна яшчэ зарана. Гран Пры Францыі прадэманстраваў, што нават з лідарамі можа адбыцца ўсякае. Хаця некаторым з іх у Эрнэ якраз пашанцавала.

Усяму свету пашанцавала, што ў яго ёсць Украіна, якая зараз адна супрацьстаіць вялікаму і крыважэрнаму ворагу. Адной Украіны яму будзе мала, што выдатна разумеюць нашы з украінцамі бліжэйшыя суседзі ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Латвіі, Эстоніі. Яны першыя прыйшлі на дапамогу ўкраінскаму народу, як два гады таму прышлі на дапамогу беларусам. І гэта паказчык таго, хто каму на самой справе брат.

Брат не крадзе тваю маёмасць, калі ў цябе праблемы, і не лезе ў твой дом са зброяй, каб ты яго любіў. Гэта простая ісціна, зразумелая любому, у каго няма імперскіх комплексаў непаўнавартаснасці. Ну а калі ты бачыш сябе Напалеонам і Пятром Першым адначасова, то будзеш усім гэтым займацца, асуджаючы на гібель сваю ж дзяржаву. Асабліва калі распачынаеш вайну з тымі, хто любіць сваю радзіму па-сапраўднаму, а не па загадзе.

Украінцы перамогуць ужо па гэтай прычыне, што не адмяняе абавязку ўсяго цывілізаванага свету дапамагаць ім зброяй і грашамі. Карысці ад гэтага нашмат больш, чым ад тэлефанаванняў дыктатару і клопатаў пра яго твар. Гэта ў канчатковым выніку дапаможа вызваліцца і Беларусі. Свабодная і незалежная, яна таксама патрэбная свету. Нашы лепшыя суайчыннікі зараз змагаюцца і за Украіну, і за нашу радзіму са зброяй у руках і абараняюць нашу агульную будучыню. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Францыя, на шчасце, не толькі ў асобе свайго прэзідэнта займаецца сексам па тэлефоне, але і дапамагае Украіне па-сапраўднаму – адпраўляе ёй так неабходную цяжкую зброю. Таму гонкі з яе глядзець зусім не прыкра, тым больш такія, як сусветны мотакрос правёў у мінулыя выхадныя ў Эрнэ.

Траса там добра знаёмая дасведчаным удзельнікам сусветнага пяршынства, толькі першынство гэта апошні раз наведвала яе ў 2017 годзе,  і для некаторых гоншчыкаў яна была новай. Лёгкіх трэкаў у MXGP, здаецца, і няма, а 1 520-метровая ў Эрнэ яшчэ і гліністая, і вы можаце ўявіць сабе, як няпроста на ёй было ўсім у суботу, калі ішоў дождж. І для цяпер ужо былога лідара чэмпіянату ў катэгорыі MX2 Яга Гіртса з каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing кваліфікацыйная гонка пачалася з падзення ў першым павароце. Фінішаваў бельгіец толькі дваццаць пятым і перадапошнім.

Перамогу ж атрымаў прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які хол-шотам пачаў першую гонку ў нядзелю. Доўга лідарам немец, зрэшты, не пабыў. Пераможца папярэдняга этапу ў Іспаніі Том Віаль з Red Bull KTM Factory Racing, які стартаваў другім, спачатку прапусціў наперад гоншчыка F&H Kawasaki Racing Кэвіна Хоргма. Ён першым пакінуў ззаду і Лангенфельдэра, а Сімона ў сваю чаргу на другім кругу абагнаў Віаль.

Ну а ўсяго кругам пазней француз на радасць натоўпу гледачоў апярэдзіў і Хоргма, узначаліўшы гонку. Нарвежцу з немцам так бы і фінішаваць на другой і трэцяй пазіцыях, але надта ўжо матываваны быў Гіртс, які ўжо на першых кругах апынуўся непасродна за імі двума. Абодвух жа і абагнаў пры першай жа магчымасці, і, верагодна, дагнаў бы і Віаля, калі б не ўпаў пад канец заезду. Але другую пазіцыю пры гэтым не страціў, на ёй і фінішаваўшы. Лангенфельдэр у сваю чаргу справіўся з Хоргма і атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім.

Француз жа парадаваў сваіх суайчыннікаў на хатнім этапе і ў другой гонцы. Але француз іншы, якому ў першай гонцы не пашанцавала. Партнёр Гіртса Цібольт Беністан заглух тады на старце, і фінішаваць змог толькі восьмым, што не так і дрэнна, насамрэч. А ў самым пачатку другога заезду ён абагнаў Віаля, які ўзяў хол-шот. Першым Цібольт і фінішаваў, а яго партнёр Гіртс пазней абагнаў Віаля і прыйшоў да фінішу другім.

Віаль пад канец гонкі памыліўся і далёка адпусціў абодвух ямахаўцаў, але трэцюю пазіцыю ўтрымаў. І, што галоўнае, заваяваў Гран Пры Францыі. Гіртс заняў другое месца, Беністан трэцяе. Том заадно крыху адарваўся ад Яга ў чэмпіянаце, дзе мае цяпер 427 ачкоў супраць 416. Лангенфельдэр па-ранейшаму трэці, у яго 323 балы. KTM лідзіруе сярод вытворцаў у MX2, але з 447 ачкамі ўсяго на два апярэджвае Ямаху. GasGas з 373 баламі на трэцяй пазіцыі.

Трыумфатару Гран Пры Іспаніі ў старэйшай катэгорыі MXGP Максіму Рэно на хатнім этапе не пашанцавала. Па ўсяму відаць, завадскі гоншчык Ямахі і дзейсны чэмпіён MX2 не пазбег удзелу ў масавым завале ў першым павароце, і на першым кругу апынуўся на дваццаць другой пазіцыі, хаця пасля здолеў прарвацца на дзявятую. Разам са многімі іншымі паваляўся пасля старту і лідар чэмпіянату Цім Гайсэр. Славенец пры гэтым страціў не так многа пазіцый, як француз, і здолеў фінішаваць пятым. Праўда, па ходу дыстанцыі моцна памыліўся, ледзь не ўпаўшы, але зрэзаўшы адзін з паваротаў.

За перамогу ж спрачаліся яшчэ адзін прадстаўнік завадской Ямахі Джэрэмі Сівер і Хорхе Прада з завадскога GasGas, які захапіў лідарства пасля хол-шота на старце. Іспанец стрымліваў швейцарца да перадапошняга круга, але ў выніку той праціснуў яго абарону і перамог у гонцы. Прада фінішаваў другім, а трэцім стаў бельгійскі гоншчык каманды Riley Racing Брэнт ван Донінк.

Аўтарам хол-шота ў другім заездзе стаў таксама Прада, але Сівер ізноў апынуўся побач. У групе лідараў пры гэтым было шчыльна, там апынуліся і гоншчык Fantic Factory Team Maddii Нікалас Лапучы і Бенуа Патурэл з Ship to Cycle Honda SR Motoblouz. А яшчэ – Глэн Колдэнхоф з завадской Ямахі, які хутка вырваўся на другую пазіцыю і пачаў ціснуць на Прада.

На дзясятым кругу Хорхе саступіў нідэрландцу, патрапіўшы пад уціск з боку ўжо Сівера, які ўсё ж прарваўся на трэцюю пазіцыю. Ззаду ўжо накочваў і Гайсэр, які сам быў не супраць пазмагацца за перамогу, але ўпаў пад канец гонкі. Ад першай тройкі адстаў, але хаця б захаваў чацвёртую пазіцыю. Колдэнхоф захаваў першую, а Сівер за тры кругі да фінішу апярэдзіў Прада і фінішаваў другім, атрымаўшы перамогу і па выніках Гран Пры Францыі. Прада заняў другое месца, Колдэнхоф трэцяе.

Гайсэр ізноў стаў чацвёртым, аднак застаўся лідарам чэмпіянату, балазе ранейшыя поспехі дазволілі адарвацца ад канкурэнтаў. Зараз у славенца 438 ачкоў, Рэно, які дома заняў восьмае месца, з 365 баламі захоўвае другую пазіцыю, Сівер у сваю чаргу застаецца трэцім, маючы 339 ачкоў і на сем апярэджваючы Прада. Honda засталася трэцяй у заліку вытворцаў, але ў яе 445 балаў, што ўсяго на два балы болей, чым у Ямахі. GasGas і тут трэці, у яго 360 ачкоў.

Для тых, хто любіць сусветным мотакрос адразу дзве добрыя навіны. Першая – фактычна ўжо пачынаецца Гран Пры Германіі ў Тойчэнтале. Другая – на ім у лад вяртаецца Рамэн Фэвр. За чэмпіянат француз, хутчэй за ўсё, ужо не пазмагаецца, але дакладна зробіць яго цікавейшым.

Другие посты блога

Все посты