Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Веган, пратэстант, да 38 гуляў у вышэйшай лізе. Гэты трэнер выхаваў Радзівонава і найлепшага гульца Беларусі-2023

Веган, пратэстант, да 38 гуляў у вышэйшай лізе. Гэты трэнер выхаваў Радзівонава і найлепшага гульца Беларусі-2023

Дапамагаў выхаванцам не патрапіць у прытулак.

Аўтар — bytribuna com
14 снежня, 15:04
1
Веган, пратэстант, да 38 гуляў у вышэйшай лізе. Гэты трэнер выхаваў Радзівонава і найлепшага гульца Беларусі-2023

У аўторак найлепшым футбалістам Беларусі-2023 прызналі Макса Эбонга. Выбар не самы адназначны, але нельга адмаўляць – 24-гадовы ўраджэнец Віцебска выдзяляецца на фоне беларускіх гульцоў і мае перспектывы ў спорце.

Эбонг зʼяўляецца выхаванцам віцебскага трэнера Уладзіміра Вайцяховіча – і не толькі ён. Вайцяховіч паспрыяў таму, каб у беларускім футболе зʼявіліся Валеры Стрыпейкіс, Дзяніс Коўба, Віталь Радзівонаў ды іншыя заўважныя гульцы. 67-гадовы спецыяліст і сёння прадаўжае працаваць. Веган, пратэстант, неабыякавы чалавек, які ўсцерагаў падапечных ад прытулкаў, а сам праз футбол позна ажаніўся.

У 38 гуляў у вышэйшай лізе

Уладзімір Вайцяховіч вырас у нефутбольнай сямʼі. Бацька і маці працавалі на заводзе, а два браты не цікавіліся спортам. У 11 хлопчык запісаўся ў віцебскую Футбольную школу моладзі – у 60-х ДзЮСШ пачыналі набор толькі з гэтага ўзросту.

У 1975-м 21-гадовы Вайцяховіч дэбютаваў за віцебскую «Дзвіну» ў трэцім па сіле дывізіёне чэмпіяната СССР, а падчас службы ў войску гуляў за БАТЭ ў першынстве БССР. Усяго ў савецкім міноры паўабаронца (спачатку выступаў злева, а потым перайшоў у цэнтр) правёў тры сезоны і ў 100 матчах забіў тры мячы. Вышэй за 12-е месца «Дзвіна» з Вайцяховічам у савецкім Д3 не фінішавала.

Далей віцяблянін апынуўся ў «Воршы» з чэмпіянату БССР. Тамака ён зразумеў, што сурʼёзнай карʼеры як футбаліст не збудуе. І тады трэнер Анатоль Ляжнёў, які працаваў у «Дзвіне», сказаў паўабаронцу, што з таго можа атрымацца добры дзіцячы трэнер. У 80-х Вайцяховіч пачаў займацца з дзецьмі, паралельна выступаючы за «Барань» на першынстве рэспублікі і вучачыся ў Смаленскім інстытуце фізічнай культуры.

Зрэшты, на гэтым карʼера футбаліста не скончылася. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, паўабаронца спатрэбіўся віцебскаму «Лакаматыву» – другой камандзе абласнога цэнтра пасля КІМа. За серадняка вышэйшай лігі Вайцяховіч правёў 16 матчаў за два сезоны і вызначыўся двума забітымі мячамі. Толькі ў 38 ён апошні раз выйшаў на поле як прафесіянал.

Дапамог раскрыцца Стрыпейкісу і Коўбе

Ляжнёў не памыліўся: нават не скончыўшы гуляць, Вайцяховіч пачаў рабіць поспехі ў працы з дзецьмі. Менавіта ён разгледзеў у 14-гадовым хлапчуку з Лепеля Валерыі Стрыпейкісе талент і запрасіў гуляць за КІМ у юнацкім першынстве. Форвард працягваў жыць у райцэнтры і далучаўся да каманды толькі на матчах. Трэнера гэта не бянтэжыла, і ён працягваў ставіць Стрыпейкіса ў аснову. Нападаючы лічыць сваім першым трэнерам менавіта Вайцяховіча, які з ім пачаў займацца ў даволі познім узросце. Справа ў тым, што да таго аднаго з найлепшых снайпераў у гісторыі белфутбола толкам ніхто не трэнаваў. У 1994-м Стрыпейкіс адправіўся ў наваполацкі «Біёлаг» з Д3, дзе пачаў шлях у дарослым футболе.

Да таго моманту Вайцяховіча ўжо трэнаваў будучага гульца зборнай Беларусі Дзяніса Коўбу. Першапачаткова хлопец спрабаваў свае сілы ў хакеі, але там не атрымлівалася. У СДзЮШАР «Камсамолец», дзе ўвесь час працаваў Вайцяховіч, Дзяніса прывёў ягоны бацька Юры Коўба. Мужчыны напрыканцы 70-х гулялі разам за «Дзвіну», і Коўба-старэйшы добра ведаў Вайцяховіча.

Спачатку хлопчык не выдзяляўся на агульным узроўні і раскрыўся толькі ў апошнія гады выступленняў у дзіцячым футболе. У красавіку 2021-га Дзяніс Коўба падпісаў праўладны ліст, а ў лістападзе таго ж года ў 43 памёр ад каранавіруса.

Коўба чацвёрты злева ў верхнім шэрагу, Вайцяховіч – крайні справа ў сярэднім шэрагу

Спрабаваў памірыць Радзівонава і Гушчанку – гэта таксама ягоныя выхаванцы

У часы перабудовы Вайцяховіч знайшоў Віталя Радзівонава, калі абыходзіў віцебскія школы. Пасля васьмі месяцаў заняткаў з будучым найлепшым футбалістам вышэйшай лігі 2008 і 2013 гадоў мужчына на час перапыніў трэнерскую дзейнасць, каб засяродзіцца на выступленні за «Лакаматыў» у суверэнным чэмпіянаце Беларусі.

Канчаткова завяршыўшы карʼеру, трэнер вярнуўся да працы з групай дзяцей, дзе займаўся і Радзівонаў. Той вылучаўся сярод аднагодкаў не толькі нестандартнай гульнёй, але і добрым выхаваннем, а таксама стараннай вучобай у школе. Трэнер і выхаванец дагэтуль падтрымліваюць цёплыя адносіны. Калі Вайцяховіч трапіў у шпіталь, Радзівонаў нечакана заехаў у адведкі. Таксама экс-гулец зборнай дапамагаў СДзЮШАР формай і мячамі.

У групе на пяць гадоў маладзейшай займаўся будучы бронзавы прызёр моладзевага ЧЕ-2011 Дзмітрый Гушчанка. У жніўні 2011-га выхаванцы Вайцяховіча сустрэліся на полі падчас матчу паміж БАТЭ і мінскім «Дынама». У сярэдзіне другога тайма ў штрафной «бела-блакітных» здарылася жорсткае сутыкненне: Гушчанка кінуўся на мяч і заехаў у нагу Радзівонаву (адзнака 4:46).

Форвард не мог падняцца з газона, і галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка, бачачы гэта, кінуўся на поле – яго ледзь спыніў рэзервовы суддзя. У выніку Радзівонаў, які толькі аднавіўся ад сурʼёзнага пашкоджання, атрымаў яшчэ адну траўму і выбыў з гульні на паўгода.

Гушчанка хацеў папрасіць прабачэння, але яго нібы адгаварыў нейкі каляфутбольны чалавек. Падштурхнуць брамніка да прымірэння спрабаваў Вайцяховіч, які глядзеў той матч па тэлевізары. Гушчанка паабяцаў трэнеру патэлефанаваць барысаўцу, але так гэтага і не зрабіў. Таксама Вайцяховіч прасіў Радзівонава дараваць галкіпера (маўляў, той не знарок), але гулец БАТЭ быў сурʼёзна пакрыўджаны. Коўч назваў гэтую гісторыю «самым цяжкім эпізодам» за ўвесь час трэнерскай карʼеры.

Толькі праз некалькі гадоў Гушчанка і Радзівонаў улагодзілі канфлікт. Галкіпер прызнаваўся, што тое сутыкненне пераследуе яго ўсё жыццё.

«Пасля яго і карʼера ў «Дынама» у мяне пайшла крыху па-іншаму. Зʼявілася павышаная негатыўная ўвага. Я і так псіхалагічна не зусім быў гатовы да вялікага клуба, а тут яшчэ і гэтая трагічная выпадковасць. Уся гэтая шуміха відавочна не пайшла на карысць. Вельмі моцна перажываў праз тое, што нанёс чалавеку сурʼёзную траўму. Не мог сканцэнтравацца тады на футболе», – у нядаўнім інтэрвʼю дзяліўся ўспамінамі брамнік.

Позна ажаніўся праз любоў да футбола

Праца з дзецьмі цалкам паглынула Вайцяховіча. Захапленне паўплывала і на асабістае жыццё – трэнер ажаніўся толькі ў 50 гадоў. Прычым з будучай жонкай Ганнай таксама пазнаёміўся ў «Камсамольцы». Цяпер пара выхоўвае дваіх дзяцей.

У верасні 2021-га Вайцяховіч паспяхова прайшоў навучанне ў родным Віцебску і атрымаў D-дыплом УЕФА, які дазваляе працаваць якраз у дзіцячым футболе.

Пра заробак трэнера вядома няшмат. У пачатку 2018-га ён атрымліваў 500 рублёў у месяц – то-бок прыкладна 255 долараў. Але гэта была стаўка першай катэгорыі. Трапленне Эбонга ў зборную напэўна дазволіла спецыялісту разлічваць на стаўку вышэйшай катэгорыі.

Веган, ездзіў з выхаванцамі ў хрысціянскія летнікі

Вайцяховіч – пратэстант, зʼяўляецца сябрам Царквы адвентыстаў сёмага дня. Раней трэнер часта расказваў падапечным хрысціянскія прытчы. Размаўляў ён пра Бога і з Радзівонавым. Хлопчык цікавіўся гэтай тэмай, але не больш за тое.

Бацькі юных футбалістаў нармальна ставяцца да рэлігійнасці трэнера. З некаторымі групамі выхаванцаў мужчына ездзіў у хрысціянскія летнікі. Там з ім пабывалі Гушчанка і Іван Канстанцінаў – падпісант праўладнага ліста, які сёння з капітанскай павязкай выступае за зборную Беларусі па пляжным футболе. Канстанцінаў рос у нядобранадзейнай сямʼі, ягоных бацькоў пазбавілі права выхоўваць дзіця. Каб хлопца не забралі ў дзіцячы дом, трэнер ўладкаваў футбаліста ў спартыўны інтэрнат. Ён жа клапаціўся пра лёс Макса Эбонга, якому пагражаў дзіцячы прытулак праз сямейныя абставіны – трэнер паспрыяў таму, каб перспектыўны гулец апынуўся ў салігорскім «Шахцёры». А яшчэ дапамагаў са спартыўным абуткам і праездам на трэнаванні.

Больш за 32 гады Вайцяховіч зʼяўляецца веганам (то-бок не ўжывае прадукты жывёльнага паходжання). Трэнер сілкуецца двойчы ў дзень – снедае і абедае. Жонка Ганна – вегетарыянка, вядзе майстар-класы па правільным харчаванні.

Іншыя пасты блога

Усе пасты