Все новости

Астапчук пра Івуліна на судзе: «У Сашы ўсьмешка нават праз маску была відаць»

17 января 2022, 21:27

Прызёрка Алімпійскіх гульняў-2008 у штурханні ядра Надзея Астапчук, якая сёння была на судовым пасяджэнні па справе журналіста Аляксандра Івуліна, распавяла, як праходзіў суд, а таксама, як сябе адчувае Івулін.

«Саша вельмі добра выглядаў. Ён настроены пазытыўна. Там шмат такіх пытаньняў, якія разумнаму чалавеку цяжка ўспрымаць без усьмешкі і гумару. Там усе ўсьміхаліся, а ня толькі ён. А ў Сашы ўсьмешка нават праз маску была відаць.

Усё праходзіць па такой схеме, да якой мы ўжо троху звыклі: аднатыпныя, манатонныя, вельмі доўгія абвінавачаньні ад пракурора. Абвінавачаньне зачытвалася сямнаццаць хвілін. Сашу абвінавачвалі ў тым, што ён не дазваляў транспарту праехаць у час акцый у цэнтры Менску.

Было вельмі доўгае апытаньне адваката „Менсктрансу“, адкуль узялася гэтая лічба, па якой формуле яна вылічвалася. Нічога ўцямнага мы так і не пачулі. Гэтае пытаньне так і засталося загадкай.

Прадстаўніца «Менсктрансу» сказала, што асабіста ня бачыла Івуліна, які б перакрываў дарогу», – расказала Астапчук.

Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня. 4 чэрвеня яго асудзілі па адміністрацыйнай справе (арт. 24.23 КоАП) на 30 содняў арышту. 2 ліпеня Івулін атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе. Пазней яму было прад’яўлена абвінавачванне ў арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч.1 арт. 342 КК РБ). У снежні справа Івуліна была перададзена ў суд.

Згодна з артыкулам 9 КК РБ, «наказуемость деяния определяется законом, действовавшим во время совершения этого деяния». Сыходзячы з матэрыялаў справы Івуліна, суд павінен кіравацца той версіяй часткі 1 артыкула 324, па якой прадугледжваецца пакаранне штрафам, альбо арыштам, альбо абмежаванне волі на срок да трох гадоў, альбо пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін.