Усе навіны

Трэнер па л/а Жаваранак: «МАК павінен падзяліць спартсменаў на тых, хто супраць вайны і рэжыму Лукашэнкі, і тых, хто за ўсю гэтую бляху. Для другіх трэба санкцыі пакідаць»

17 снежня 2022, 13:28

Трэнер і муж Святланы Кудзеліч Ігар Жаваранак у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» падзяліўся меркаваннем аб тым, каго МАК павінен дапусціць да Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы, а хто не павінен мець права выступаць.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– МАК пакінуў у сіле санкцыі ў дачыненні да беларускага спорту, але абмяркоўвае допуск яго прадстаўнікоў да спаборніцтваў у нейтральным статусе. Як ты на гэта рэагуеш?

– Не разумею, чаму МАК не падзяляе беларускіх спартсменаў на тых, каго ўсё задавальняе пры рэжыме Лукашэнкі, хто падтрымлівае ўсю гэтую бляху, у тым ліку вайну, і на тых, хто пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю і вымушаны быў пакінуць Радзіму. Па-мойму, гэта [адсутнасць падзелу] трызненне нейкае. Вядома, калі ўжо ты ніяк не выступаеш нават супраць вайны, то, прабач, сядзі ў сваёй вёсцы і бегай вакол хаты.

Але ёсць ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, ёсць антываенная дэкларацыя. Мне падаецца, што па спартсменах, якія падпісалі як мінімум гэтыя два дакументы, Міжнародны алімпійскі камітэт павінен прымаць асобныя рашэнні. Бо ўжо былі пэўныя прэцэдэнты, калі можна было ўбачыць, што МАК здольны разглядаць усё індывідуальна. На адну з Алімпіяд бралі бежанцаў як асобную групу спартсменаў, гэта значыць па іх праводзілася асобная работа. На Гульні патрапілі людзі, якія пацярпелі па палітычных прычынах. Так многія беларусы апынуліся ў падобнай сітуацыі – пацярпелі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Чаму ў адносінах да нас не праводзіцца асобная праца? Пры гэтым мы не просім нас браць на Гульні проста так – выканаем нарматыў, усё сумленна зробім. Проста, паўтаруся, чаму ўсіх беларусаў пад адзін грабянец пускаюць?

– Чаму МАК не ўлічвае ўсе гэтыя акалічнасці?

– Не ведаю. Складана зразумець, што ў чыноўнікаў у галовах, на якой падставе яны прымаюць рашэнні. Атрымліваецца, зараз нас паставілі ў адзін шэраг з умоўным Недасекавым.

– Санкцыі ў выніку дзейнічаюць і супраць атлетаў, якія і так ужо пацярпелі?

– Так, менавіта так. МАК, такое адчуванне, дзейнічае як рэжым Лукашэнкі – выразае ўсё і ўсіх у спорце. Мусіць, вырашылі не марнаваць лішнія сілы, а проста ўсіх выразалі, не затлумляючыся. Мне здаецца, што ў МАК усе працуюць на расслабоне, не жадаючы лішні раз дупу адарваць ад крэсла, напружыцца неяк, разабрацца ад і да. Не надта спадзяюся, што там нехта нешта будзе рабіць.

– Гэта значыць, санкцыі ты ўхваляеш, але яны павінны быць кропкавыя?

– Так. Санкцыямі трэба лупіць ва ўсіх абласцях, у тым ліку ў спорце. Украінцы не могуць нармальна рыхтавацца да спаборніцтваў, жывуць у ваенным становішчы – чаму расіяне ці беларусы, якія падтрымліваюць вайну і Лукашэнку, павінны спакойна бегаць і спаборнічаць?

У мяне ёсць сябры з лёгкай атлетыкі Украіны, якія замест спорту пайшлі на вайну, узялі ў рукі зброю, абараняюць Радзіму. Некаторыя спартсмены, па сутнасці, ужо скончылі з-за гэтага кар'еры. Прычым далёка не самыя апошнія спартсмены, якія маглі б прэтэндаваць на пападанне на Алімпіяду-2024. Але людзі застаюцца ў войску, ідуць на вайну. Адзін хлопец, з якім я сам бегаў у свой час, загінуў.

Так што санкцыі – гэта вельмі дакладна. Але іх трэба ўводзіць кропкава. Я ўпэўнены, што ўкраінцы, якія ведаюць маю пазіцыю ці погляды Светы, не згодныя, што мы таксама павінны падпадаць пад міжнародны бан. Мы на мільён працэнтаў на баку Украіны, але ў выніку ўсё роўна пад санкцыямі, – сказаў Жаваранак.