Усе навіны

Трэнер па л/а Жаваранак: «У Недасекава і Мірончык-Івановай няма стрыжня. Загавораць па-іншаму, як толькі зразумеюць, што гэта трэба для выгады»

18 снежня 2022, 08:52

Трэнер і муж Святланы Кудзеліч Ігар Жаваранак у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» паразважаў пра магчымыя паводзіны беларускіх спартсменаў, накшталт праўладных лёгкаатлетаў Анастасіі Мірончык-Івановай і Максіма Недасекава, ва ўмовах міжнароднага бана.

Нагадаем, што шматлікія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Я вось да гэтага часу не разумею, чаму цяльняшку на сабе ірвуць такія спартсмены, як Мірончык-Іванава, Недасекаў. Яны крычаць, што ўсё добра, санкцыі – гэта не так ужо і страшна. Але факт жа застаецца фактам: цябе нікуды не пускаюць, ты не можаш спаборнічаць з топавымі атлетамі, і даляглядаў у тваёй кар'еры ніякіх. Нават намёкаў няма на паляпшэнне. Усё становіцца толькі горш і горш, у тым ліку з-за таго, што нехта разам з Расіяй вырашыў улезці ў вайну.

– Такія спартсмены могуць памяняць свае погляды і загаварыць па-іншаму ў адзін момант, калі зразумеюць, што на коне стаіць іх кар'ера?

– Думаю, так. У жніўні ж гімнастка Аліна Гарноська ўжо заявіла, што гатова паехаць на Алімпіяду пад нейтральным сцягам. Да гэтага яна спявала іншыя песні. Не выключаю, што пры пэўных абставінах гэтак жа загавораць і Недасекаў, і Мірончык-Іванова. Не, супраць Лукашэнкі яны не пойдуць, але стрыжня ў іх няма, таму як толькі зразумеюць, што для выгады трэба загаварыць па-іншаму, то зробяць гэта, – распавёў Жаваранак.