Усе навіны

European Athletics накіруе 20 тысяч еўра на дапамогу пацярпелым ад землятрусу ў Турцыі

20 сакавіка 2023, 15:33

Савет European Athletics абвясціў, што ахвяруе 20 тысяч еўра агенцтву па ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства ўрада Турцыі (AFAD) для падтрымкі ахвяр землятрусу ў краіне.

Раней European Athletic заяўляла, што накіруе па адным еўра для дапамогі Турцыі з кожнага прададзенага білета на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканні.

«Нягледзячы на тое, што спаборніцтва было выбітным – і было асабліва кранальна бачыць, як турэцкая спартсменка Тугба Данішмаз выйграла золата, гэты чэмпіянат адбыўся менш чым праз месяц пасля жудасных землятрусаў, якія абрынуліся на краіну.

Мы ўдзячныя за тое, што змаглі правесці такі выдатны чэмпіянат у цені гэтых падзей, і я павінен падзякаваць мясцоваму арганізацыйнаму камітэту «Стамбул-2023» і Федэрацыі лёгкай атлетыкі Турцыі за іх фантастычныя намаганні пры такіх абставінах.

Важна, каб мы як спартыўная сям'я прадэманстравалі нашу падтрымку ўсім пацярпелым ад землятрусаў і каб наш від спорту мог даць некаторую надзею ў цяжкія часы», – заявіў дырэктар European Athletic Дабрамір Карамарынаў.