Усе навіны

Чэмпіёнка АГ Уладарчык: «Вельмі важна, каб спартсмены з Расіі і Беларусі не прыязджалі на Еўрапейскія гульні, так яны пройдуць у духу сумленнай гульні, спакою і міру»

5 красавіка 2023, 11:50

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка па кіданні молата Аніта Уладарчык падчас цырымоніі перадачы Агню міру, які будзе запалены ў Кракаве 21 чэрвеня з нагоды пачатку Еўрапейскіх гульняў-2023, выказалася пра расiйскіх і беларускіх спартсменаў.

Раней арганізатары Еўрапейскіх гульняў-2023 заявілі, што на гэтых спаборніцтвах прадстаўнікоў Беларусі і Расіі «не будзе ні пры якіх абставінах».

«Правядзенне Еўрапейскiх гульняў будзе вельмі важна для Польшчы, асабліва з улікам вайны, якая ідзе за нашай усходняй мяжой. I вельмі важна, каб спартсмены з Расіі і Беларусі не прыязджалі ў Польшчу. Дзякуючы гэтаму Еўрапейскія гульні пройдуць у духу сумленнай гульні, спакою і міру.

Я буду працягваць адстойваць рашэнне наконт таго, што яны павінны быць выключаныя з міжнародных спаборніцтваў. Гэта сапраўды нялёгка, таму што тут грае ролю палітыка, і мы заўсёды казалі, што спорт павінен быць аддзелены ад палітыкі, а мы бачым, што гэта не так.

Павінна быць указанне зверху, што спартсмены з абедзвюх краін не павінны спаборнічаць. Я не магу сабе ўявіць, каб спартсмен з Украіны ўдзельнічаў у адным спаборніцтве з атлетам з Расіі, таму што гэта не толькі стрэс, эмоцыі, але і псіхалагічныя праблемы, гэта нешта жудаснае», – сказала Уладарчык.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.