Усе навіны

Недасекаў пра нейтральны сцяг: «Павінны выступаць яшчэ мацней. Белы сцяг – гэта так, гэта для выгляду»

29 траўня, 21:32

Беларускі лёгкаатлет Максім Недасекаў падзяліўся меркаваннем пра магчымае выступленне на міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным флагам.

– Усе гледачы выдатна ведаюць, з якой краіны Недасекаў, усе ўдзельнікі спаборніцтваў ведаюць, адкуль я. Тое, што там будзе белы сцяг – нічога страшнага.

Мы, наадварот, мусім выступаць яшчэ мацней. І людзі не будуць глядзець на белы сцяг, яны будуць ведаць, з якой ты краіны. Белы сцяг – гэта так, гэта для выгляду, – цытуе Недасекава pressball.by са спасылкай на праграму «Ёсць пытанне».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.