Усе навіны

Беларуская лёгкаатлетка Жодзік можа ўвайсці ў склад зборнай Польшчы на АГ-2024

27 студзеня, 23:59

Беларуская скакуха ў вышыню Марыя Жодзік, якая ў 2022 годзе пераехала ў Польшчу, можа выступіць за польскую зборную на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

Для гэтага неабходна выкананне некалькіх умоў. Па-першае, гэта атрыманне польскага грамадзянства. Па словах Жодзік, яна падала адпаведную заяву на імя прэзідэнта краіны Анджэя Дуды ў кастрычніку 2023-га года.

Па-другое, неабходна да 30 чэрвеня прадэманстраваць алімпійскі мінімум, скокнуўшы на 1,97 метра. Але для гэтага трэба дачакацца завяршэння «каранціну», які ў стандартных умовах скончыцца толькі 21 чэрвеня. Аднак World Athletics можа скараціць яго, што ўжо рабіў у аналагічнай сітуацыі з бягухай Крысцінай Ціманаўскай.

Адзначым, што 13 студзеня на турніры ў Торуні Жодзік паказала вынік 1,94 метра. 27 студзеня спартсменка заняла першае месца на Orlen Cup у Лодзі з паказчыкам 1,89 метра.

Нагадаем, у 2021-м Жодзік выканала кваліфікацыйны нарматыў на АГ у Токіа, але не ўвайшла ў склад зборнай Беларусі з-за таго, што ў БФЛА да гэтага не выстаўлялі спартсменку на допінг-тэсты, і яна ўжо не магла набраць іх мінімальнай неабходнай колькасці для допуску па ўмовах World Athletics.