Усе навіны

Эльвіра Грабарэнка: «Маё адназначнае меркаванне, што беларусы на Алімпіяду не паедуць. У любым выпадку рыхтуюся да лета»

17 сакавіка, 13:01

Беларуская лёгкаатлетка Эльвіра Грабарэнка падзялілася думкамі пра адхіленне беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Пагаворым пра міжнародную сітуацыю. Як рашэнне пра забарону беларускіх спартсменаў выступаць на міжнародных стартах паўплывала непасрэдна на вас?

– На самай справе досыць лёгка перанесла гэтае рашэнне. На той момант мне патрэбен быў адпачынак. Вельмі часта ездзіла на розныя міжнародныя турніры і моцна стамілася псіхалагічна. Не скажу, што моцна знервавалася. Безумоўна, недзе страціла ад нашага адхілення, але суму моцнага не было.

– Не было перыядаў заняпаду матывацыі, адсутнасці жадання трэніравацца?

– Не, наогул не было. Працягвала трэніравацца, бо ведала, што ўсё роўна буду выступаць у Беларусі і трэба паказваць вынік. Усё ж мая першачарговая мэта – гэта перасягнуць уласныя магчымасці. Мне цікава даведвацца, на што здольная. Заўсёды імкнуся да выніку, таму ад нядопуску на міжнародныя старты не знервавалася і матывацыя ў мяне не знікла.

– Нельга казаць аб міжнародных стартах, не закрануўшы Алімпіяду. Як вы лічыце, ці зможам паехаць у Парыж?

– Маё адназначнае меркаванне, што мы туды не паедзем. У любым выпадку трэніруюся і рыхтуюся да лета.

– Падтрымліваеце сувязь з замежнымі лёгкаатлетамі? Ці чакаюць яны вяртання беларусаў?

– Падчас чэмпіянату Еўропы ў мінулым годзе віншавала дзяўчынку з Венгрыі, і яна выказала сваё шкадаванне, што я не выступаю на міжнародных стартах, – сказала Грабарэнка.