Усе навіны

Вольга Мазуронак: «Мае гульні за Беларусь скончыліся. Шкада, што пераезд у ЗША здарыўся не гадоў 10 таму»

21 сакавіка, 14:17

Беларуская бягуха Вольга Мазуронак распавяла ў інтэрв'ю блогу «Людзі» пра пераезд у ЗША і завяршэнне выступаў за Беларусь.

– Да бегу ў Лос-Анджэлесе вы выступалі апошні раз у 2021-м на Алімпіядзе ў Токіа – крыху больш за два з паловай гады таму. З чым быў звязаны такі перапынак?

– Пасля Алімпіяды не было матывацыі. Падумвала нават аб завяршэнні кар'еры. Я не бачыла ніякага сэнсу ў цяжкіх трэніроўках. Не разумела, навошта трэба зноў аддаваць сілы, здароўе. Умяшаліся ў тым ліку асабістыя абставіны, пра якія не хацелася б казаць. Акрамя таго, шмат часу займалі пытанні эміграцыі. Трэба было атрымаць грын-карту, шукаць варыянты, дзе будзе лепш жыць з сынам. Потым уладкоўваліся і наладжвалі побыт у ЗША.

Што ж, кожны праходзіць нейкія складаныя этапы ў жыцці. У мяне зноў зʼявіўся спартыўны азарт, жаданне бегаць на высокім узроўні і працягваць карʼеру. Мне цяпер выбіраць не даводзіцца. Няма ні трэнера, ні мэнэджэра. Буду прымаць усе прапановы, каб падоўжыць карʼеру. У цяперашняй сітуацыі ў свеце мне дыктуюць умовы.

– Хочаце выступіць на трэцяй Алімпіядзе?

– Пры любым раскладзе, нават калі беларусаў раптам дапусцяць у Парыж, мае гульні за Беларусь скончыліся.

Нездарма кажуць, што ЗША – краіна магчымасцяў. Мне трэба зарабляць. Шкада толькі, што пераезд здарыўся толькі летась, а не гадоў дзесяць таму. Часу-та не вернеш. Раней здавалася, што толькі падыходжу да піка выступаў, усё яшчэ наперадзе. А тут каранавірус, сямейныя праблемы, усе падзеі ў Беларусі і свеце... кавалак жыцця нібы выпаў, і карʼера хутка праляцела. Але бег у Лос-Анджэлесе паказаў, што яшчэ магу паказваць добрыя вынікі, – сказала Мазуронак.