Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Марафонец з Кеніі загінуў у 24 гады ў ДТЗ – усяго тыдзень таму зацвердзілі яго сусветны рэкорд

Марафонец з Кеніі загінуў у 24 гады ў ДТЗ – усяго тыдзень таму зацвердзілі яго сусветны рэкорд

Марыў узяць удзел у Алімпіядзе-2024.

Аўтар — Jaŭhen Paŭlavič
12 лютага, 14:53
Марафонец з Кеніі загінуў у 24 гады ў ДТЗ – усяго тыдзень таму зацвердзілі яго сусветны рэкорд

Трагічныя навіны з Кеніі – у ДТЗ загінуў 24-гадовы марафонец Келвін Кіптум.

• Цалкам магчыма, што вы чуеце ягонае імя ўпершыню. Але ў свеце лёгкай атлетыкі ён быў прыкметнай фігурай – з самага пачатку сваёй кар'еры марафонца ставіў рэкорды.

Менавіта яму належыць рэкорд усіх марафонаў – прабег за 2 гадзіны і 35 секунд, стаўшы першым у гісторыі, каму ўдалося прабегчы дыстанцыю хутчэй, чым за 2 гадзіны 1 хвіліну. Зрабіў ён гэта 8 кастрычніка 2023 года на Чыкагскім марафоне.

• Для яшчэ большага разумення поспехаў – дэбютны марафон для яго быў толькі ў снежні-2022: у Валенсіі ён прабег дыстанцыю за 2:01:53, што было чацвёртым вынікам у гісторыі.

Тым часам у красавіку 2023 года ён паспеў яшчэ і прабегчы Лонданскі марафон за 2:01:25, што было другім вынікам у гісторыі.

За гэтыя дасягненні World Athletics прызналі яго атлетам 2023 года ў пазастадыённых спаборніцтвах.

• Як загінуў? Аўтамабіль, за стырном якога знаходзіўся 24-гадовы Кіптум, патрапіў у аварыю ў Кеніі. Спартсмен не даў рады кіраванню і ўрэзаўся ў дрэва. Пасля гэтага аўто ўпала ў канаву.

Разам з Кіптумам у аўтамабілі знаходзіліся два пасажыры. Яго трэнер Жэрве Хакізімана загінуў на месцы. Іншага пасажыра шпіталізавалі.

• Спачуванні ўжо выказалі прэм'ер-міністр і міністр спорту Кеніі, а таксама прэзідэнт World Athletics Себасцьян Коэ:

«Ад імя ўсёй World Athleitcs мы выказваем нашыя глыбокія спачуванні іх [Кіптума і Хакізімана – Tribuna.com] сем'ям, сябрам, таварышам па камандзе і кенійскаму народу.

Толькі ў пачатку гэтага тыдня ў Чыкага, месцы, дзе Келвін паставіў свой надзвычайны сусветны рэкорд у марафоне, я змог афіцыйна верыфікаваць яго гістарычны час. Неверагодны спартсмен, які пакінуў неверагодную спадчыну, мы будзем вельмі сумаваць па яму».

• Марай Кіптума было ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы, каб пазмагацца з земляком Эліудам Кіпчоге, папярэднім уладальнікам рэкорду ў марафоне. Кіптум быў у папярэднім спісе атлетаў, якіх Кенія збіраецца адпраўляць на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы:

«Будзе цікава сустрэцца з Кіпчоге, які натхніў многіх. Я гатовы супернічаць з ім. Я мару пра Парыж. Калі я атрымаю магчымасць быць абраным, буду ўдзячны і паеду туды і паспрабую выйграць медаль».

• Але ў бліжэйшых планах – на красавік на марафон у Ратэрдаме – было прабіць планку ў дзве гадзіны. Кіптум верыў, што гэта яму па сілах:

«Я хацеў бы расці далей, а таму, непазбежна, мушу пераадолець гэты бар'ер».

Фота: Olympics

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты