Tribuna/Баскетбол/Блогі/Экс-легіянер «Мінска» запальвае ў Іспаніі: перамагаў «Рэал» у фінале Кубка, а ў нядзелю ўзяў баскетбольную ЛЧ

Экс-легіянер «Мінска» запальвае ў Іспаніі: перамагаў «Рэал» у фінале Кубка, а ў нядзелю ўзяў баскетбольную ЛЧ

Нетыповы Дэвід Кравіш.

Аўтар — Pam-pam
29 красавіка, 12:00
Экс-легіянер «Мінска» запальвае ў Іспаніі: перамагаў «Рэал» у фінале Кубка, а ў нядзелю ўзяў баскетбольную ЛЧ

Чахарда з легіянерамі – амаль фірмовы стыль баскетбольнага «Мінска». Толькі ў сезоне-2023/24 клуб яшчэ да старту адчапіў серба Агньена Пантавіча, затым на выхад адправіўся паўднёвасуданец Коч Бар. З «Ніжняга» выпісалі серба Аляксандра Зечэвіча, каб потым змяніць яго на леташняга амерыканца Зака Сміта. А яшчэ быў «залёт» на месяц расіяніна Антона Забеліна.

Аднак здаралася, што «Мінск» трапляў практычна з усімі замежнікамі. У сезоне-2017/18 няўдалым было толькі падпісанне амерыканца Секу Уігза, які хутка адправіўся дадому.

Швед Крыстафер Чараповіч, басніец Філіп Адамавіч і амерыканцы Дэвон Садлер, Дэвід Кравіш, і Джасцін Грэй ледзь не зацягнулі тагачасныя «Цмокі» ў плэй-оф Адзінай Лігі ВТБ, але ж каманда падзяліла восьмы радок з латвійскім ВЭФам, і лёс вырашыла розніца ў 5 пунктаў на карысць канкурэнта ў асабістых сустрэчах.

Па традыцыі пасля сезона ў Мінску ніхто не затрымаўся. Да 2024-га абодва афраамерыканцы скончылі кар'еры, Адамавіч перамяшчаецца паміж клубамі 2-й лігі Францыі, Чараповіч пасля трох з паловай гадоў у Іспаніі вярнуўся ў Польшчу, а вось Дэвід Кравіш у нядзеля вечарам стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

Амерыканскі цэнтравы праводзіць свой другі сезон за іспанскую «Унікаху». У мінулым годзе ён стаў уладальнікам Кубка Іспаніі – у фінале яго каманда перамагла мадрыдскі «Рэал».

У гэтым амерыканец атрымаў асабістую ўзнагароду Лігі чэмпіёнаў, трапіўшы ў сімвалічную пяцёрку турніру. На цырымонію ўзнагароджання ён прыйшоў не ў гарнітуры, як яго калегі, а ў шортах і летняй кашулі.

Кравіш – не самы тыповы баскетбаліст. Ён заўсёды пазбягаў шумных тусовак з партнёрамі, аддаючы перавагу кнігам і прагулкам з жонкай. Не змяніў гэтым звычкам ён і ў Іспаніі, з той розніцай, што пасля «Мінска» сямʼя павялічылася ўдвая – там цяпер падрастаюць сын і дачка.

Мяркуючы па ўсім, амерыканец зʼяўляецца фанатам Хасбіка – расійскага трэш-відэаблогера, які праз генетычную мутацыю ў 21 выглядае зусім як дзіцё. Прынамсі, на адным з матчаў чэмпіянату Іспаніі зʼявіўся з кардонным расіянінам, апранутым у клубную футболку.

А яшчэ ў гульца калекцыя футболак з гэтым персанажам, у якіх Кравіш прыходзіць на хатнія матчы.

У 2022-м Кравіш атрымаў балгарскае грамадзянства і дапамог мясцовай зборнай прайсці сіта прэкваліфікацыі, а затым «здаў» сваё месца натуралізаванага гульца іншаму амерыканцу Кодзі Мілеру-Макентайру.

У фінальнай частцы Лігі чэмпіёнаў Кравіш і яго «Унікаха» згулялі на суперсучасным «паркеце». Для свайго флагманскага турніру міжнародная федэрацыя выбрала інавацыйнае рашэнне – гульнявое поле выкладзенае LED-панэлямі.

Такі паркет можа «рэагаваць» на тое, што адбываецца. На яго выводзіцца live-статыстыка і іншая графіка – дасягненні, склады і іншае.

Да ЛЧ такое поле паспелі пратэставаць на жаночым першынстве свету U-19 і матчы-адкрыцці чэмпіянату Нямеччыны гэтага сезону паміж «Баварыяй» і «Мітэльдойчарам». Тады гульцы адзначалі, што счапленне ідэнтычнае звычайнаму паркету, толькі шум мяча пры гэтым прыглушаны.

У фінале турніру «Унікаха» перамагла «Тэнерыфе» 80:75, узяўшы рэванш за леташнюю паразу ў матчы за трэцяе месца. Кравіш правёў на паркеце больш за ўсіх у складзе сваёй каманды (21.37) і набраў 8 пунктаў (рэалізаваў два з трох кідкоў на тры пункты і адзін з пяці на два).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты