Tribuna/Футбол/Блоги/За каманду нябожчыка Уткіна прапанавалi сотнi тысяч долараў ў Беларусi – з клуба, якi нiдзе не гуляе i падазраваўся ў махлярстве

За каманду нябожчыка Уткіна прапанавалi сотнi тысяч долараў ў Беларусi – з клуба, якi нiдзе не гуляе i падазраваўся ў махлярстве

Каламутны праект, што ўжо збiраўся ў Расiю.

Автор — Pam-pam
10 мая, 19:30
За каманду нябожчыка Уткіна прапанавалi сотнi тысяч долараў ў Беларусi – з клуба, якi нiдзе не гуляе i падазраваўся ў махлярстве

На днях у расiйскай аматарскай «медыялiзе» пашумела навiна з Беларусi. У шэрагу Telegram-каналаў выклалi iнфармацыю, што з Вiцебска прапанавалi за 35 мiльёнаў расiйскiх рублёў (гэта цяпер каля 380 тысяч долараў) набыць «Эгрысi», каманду нябожчыка Васiлiя Уткiна, вядомага каментатара, якi фiнансаваў яе ўдзел у вышэйназваным турнiры.

На гэты раз гучная навіна з паўночнага аблцэнтра аказалася не звязаная з аматарамі пашумець з «Макслайна», хаця ў іх з «медыялігай» нядаўна была свая дзіўная гісторыя.

Прапанову зрабіў «Вялес-2020» – потым там заявілі, што хацелі зрабіць прапанову іншай аматарскай камандзе з «медыялігі» пад назвай «Дзеньгi», але ўсё ж выбралі «Эгрысі». Але праект Уткіна адмовіўся – там заявілі, што не прадаюцца ў прынцыпе, а будуць працягваць справу памерлага, але таксама адзначылі, што суму лічаць вельмі нізкай, а «прапанова несур’ёзная – проста ліст на электронную пошту» з прымацаваным файлам. Яго змест неўзабаве ўцёк у згаданыя Telegram-каналы: «Вялес-2020» пісаў, што яму патрэбны час на «будаўніцтва ўласнай футбольнай інфраструктуры» ў Беларусі, і ў сувязі з гэтым праект хоча ў «медыялігу» (прычына жадання, скажам так, своеасаблівая), але ўвогуле мэта – Д2 Беларусі. Падпісаны ліст быў дырэктарам І. І. Шако – і гэтае прозвішча варта запомніць.

«Вялес-2020» зарэгістравалі як юрыдычную асобу ў красавіку 2020-га, а ў канцы года каманда заявіла, што плануе выступаць у Д3. У праекта пачалі актыўна абнаўляцца сацсеткі, а галоўным трэнерам абвясцілі былога коўча зборнай Беларусі Вячаслава Акшаева. Ён незадоўга да гэтага працаваў у маскоўскай аматарскай камандзе «Практык» – яе заснавалі на базе аднайменнага футбольнага агенцтва, якое спрабавала з дапамогай удзелу ў розных турнірах развіваць для далейшага працаўладкавання маладых футбалістаў, робячы ўпор на афрыканцаў.

У пачатку 2021-га «Трыбуна» даведалася, што за віцебскім праектам проста стаяць былыя куратары «Практыка», таму беларуская каманда па сваіх прынцыпах фактычна паўтарае расiйскую. «Вялес-2020» знайшоў у віцебскіх ВНУ восем афрыканцаў (студэнтаў можна заяўляць у абыход ліміту на легіянераў) і не толькі і пачаў замахвацца на старт адразу з Д2 – у АБФФ былі праблемы з малой колькасцю каманд у першай лізе.

Але ў выніку «Вялес-2020» не заявіўся нават у Д3 – не знайшлі ў Віцебску поле для стабільных трэніровак. А яшчэ з праектам у кулуарах звязалі гісторыю з канца 2020-га, калі ў мінскім аэрапорце на тыдзень затрымаліся афрыканцы, якія называлі сябе футбалістамі. Але сама віцебская каманда тады адмаўляла, што мае якое-небудзь дачыненне да гэтага эпізоду.

У 2022-м «Вялес-2020» усё ж такі заявіўся ў Д3 – і з 16 перамогамі ў 18 матчах і розніцай мячоў 94:15 выйграў зону Віцебскай вобласці. Так каманда выйшла ў 1/8 фіналу плэй-оф другой лігі, дзе толькі па пенальці пасля двух нічыйных матчаў вылецела ад пінскага «Стэнлеса». Але неўзабаве ў АБФФ узніклі чарговыя праблемы з наборам каманд для Д2 – і ў снежні 2022-га «Вялес-2020» заявіў, што з «вельмі высокай верагоднасцю» падымецца ў першую лігу. Але гэта аказалася пшыкам – на 2023-й каманда наогул не заявілася ў турніры АБФФ. Прычынай гэтага фактычна стала зноў няздольнасць праекта знайсці поле для трэніровак: адшукалі адзіны варыянт у адной са школ – і папрасілі ў рэжыма аддаць поле камандзе на «бязвыплатнай аснове», а пасля прадказальнай адмовы згарнулі актыўнасць.

Выглядала гэта ўсё дзіўна – а да таго моманту клуб ужо паспелі абвінаваціць у махлярстве. У сакавіку 2022-га малады футбаліст з Сенегала заявіў, што «дырэктар І. І. Шако» – гэта намінальны чалавек, хутчэй за ўсё, жонка дэ-факта кіраўніка клуба Аляксандра Шако. Дарэчы, у пошукавiках знаходзiцца гiсторыя яшчэ з 2010 года, як чалавек з iмем Аляксандр Шако ў Полацку абяцаў дзецям-футбалiстам зборы ў «Герце» за кошт нямецкага боку, браў грошы на «афарленне дакументаў» i знiкаў. Пры гэтым дзейнiчаў мужчына праз юрасобу, зарэгiстраваную на жонку, таму што сам быў неаднаразова судзiмы за махлярства. Верыце ў такiя супадзеннi?

Вернемся да гiсторыi афрыканца. Па яго словах, ён пазнаёміўся з Аляксандрам Шако ў Маскве, дзе той меў «футбольную акадэмію» (адразу ўспамінаецца «Практык»). Сенегалец сказаў, што заплаціў Шако 2800 долараў за прагляд у «Вялесе» (прычым гулец прыляцеў, жыў і харчаваўся за ўласныя грошы), аналагічна паступілі і яго знаёмыя афрыканцы – іх нібыта было пад 30 чалавек. Але ў выніку нікога ў каманду не ўзялі – Шако, маўляў, абяцаў, што хутка зробіць патрэбныя дакументы, а потым проста блакаваў людзей у месенджарах. У «Вялесе-2020» на гэтыя заявы адказалі, што каманда не брала з футбаліста ніякіх грошай, ён «не адпавядаў узроўню прафесійнай каманды», а справа была ў 2020-м, таму незразумела, чаму паўтара года ніякіх прэтэнзій не ўзнікала.

У лютым 2023-га на Аляксандра Шако скардзiлiся ўжо рэальныя гульцы «Велеса-2020». Яны таксама называлi мужчыну рэальным дырэктарам каманды i распавялі, што не могуць дамагчыся ад яго ні выплат, ні нават медалёў і кубка за перамогу ў вiцебскай зоне Д3. А яшчэ ў сацсетках клуба, маўляў, па ініцыятыве Шако выдумалі пераход брамніка каманды Іллі Маталыгі ў Д4 Польшчы – у каманду, якая пра такога гульца нiколi не чула. Шако тады адказаў, што пра пераход яму паведамiў сам Маталыга, а наконт грошай сказаў, што гэта аматарскі праект, таму «абавязковых выплат тут няма па азначэнні». Футбалiсты пасля такiх заяў былi ў шоку.

У лістападзе 2023-га «Вялес-2020» зноў адзначыўся – абвясціў пра прызначэнне галоўным трэнерам Ігара Чумачэнкi, але толькі «ў выпадку траплення каманды ў другую лігу». У Д4, якую планавала вылучыць АБФФ, каманда ісці не збіралася. Пры гэтым у снежні ў прэсе трэнерам «Вялеса-2020» ужо называўся Мікіта Букаткін, а ў самой камандзе гэта абверглі і заявілі, што назавуць прозвішча коуча ўжо толькі ў выпадку заяўкі ў Д3 (куды падзеўся Чумачэнка – не паведамлялася). Акрамя таго, у «Вялесе-2020» назвалі новым «тэхнічным партнёрам» кампанію PUMA, якая насамрэч не працуе на беларускім рынку.

Тады ж у публiкацыях з’явіўся новы персанаж – «начальнік каманды» Ягор Масаліцін. Ад яго імя заяўлялася, што «Вялес-2020»будзе гуляць у Віцебску, а вось трэніравацца – у Мінску. Але ў выніку каманда зноў не заявілася ні ў адзін турнір, заявіўшы, што атрымала запрашэнне толькі ў Д4 АБФФ. А «ездзіць па Віцебскай вобласці і гуляць супраць мясцовых футбольных каманд» – гэта не тое, чаго хоча «Вялес-2020», якому, маўляў, прасцей тады паехаць у Расію і «ўзяць удзел у чэмпіянаце Смаленска сярод аматараў, дзе ўзровень на парадак мацнейшы».

У выніку «Вялес-2020» паведаміў, што «лепш будзе на паўзе», правядзе «работу па інфраструктуры» і «хутка здзівіць». Што ж, можна лiчыць, што ўжо атрымалася. І так, у спісе ўдзельнікаў чэмпіянату Віцебскай вобласці, які пасля перамогі рэжымнага «мінспорту» над АБФФ застаўся адзіным мясцовым узроўнем Д3, «Вялес-2020» не значыцца.

Другие посты пользователя

Все посты