Tribuna/Баскетбол/Блогі/Амерыканскі цэнтравы вярнуўся ў «Мінск» – прыехаў ратаваць карабель, які тоне

Амерыканскі цэнтравы вярнуўся ў «Мінск» – прыехаў ратаваць карабель, які тоне

Хаця ў самога сезон пачаўся толькі ў снежні.

Аўтар — Pam-pam
28 лютага, 04:27
Амерыканскі цэнтравы вярнуўся ў «Мінск» – прыехаў ратаваць карабель, які тоне

26 лютага «Мінск», які працягвае пакутваць без перамог у Адзінай Лізе ВТБ, аб'явіў пра расставанне з сербам Аляксандрам Зечэвічам. Цэнтравы пачынаў сезон у Ніжнім Ноўгарадзе, а за за беларускую каманду правёў 17 матчаў з сярэдняй статыстыкай у 8.7 пункты, 4.4 падборы – не самыя выбітныя лічбы для легіянера.

Ужо праз пару гадзін клубная прэс-служба паведаміла пра вяртанне амерыканца Зака Сміта. Легіянер выступаў за мінчукоў у мінулым сезоне і цудоўна ведае і Адзіную лігу ВТБ, і беларускі калектыў.

Усю сваю ўніверсітэцкую карʼеру Сміт правёў у Texas Tech, які выступае ў NCAA. Першыя тры сезоны цэнтравы быў незаменнай часткай каманды, выходзячы ў старце практычна ў кожным матчы. У трэці для сябе год ён выйшаў на лічбы 12,3 пункты + 7,3 падборы ў сярэднім за матч. Аднак у заключны год яго паказнікі рэзка знізіліся. Гэта адбылося праз тое, што каманду папоўнілі адразу некалькі таленавітых абаронцаў, якія змянілі малюнак каманднай гульні. Сярод іх быў, напрыклад, Заір Сміт, які правёў некалькі матчаў у НБА за «Філадэльфію».

Такі рэзкі спад не дазволіў Сміту наўпрост прабіцца ў НБА, і гулец вырашыў паспрабаваць зайсці праз «Грынсбара», які зʼяўляецца фарм-клубам «Шарлот» у Лізе развіцця. План амерыканца не спрацаваў, і ён з'ехаў у Еўропу. Свой першы легіянерскі год Сміт правёў у латвійскім ВЭФе – але правёў там толькі тры гульні. У сезоне-2020/21 абараняў колеры нямецкага «Вюрцбурга», а затым стаў гульцом «Мінска». У мінулым гульнявым годзе амерыканскі цэнтравы прыняў удзел у 21 матчы Адзінай лігі з сярэднімі паказнікам ў 9,9 пунктаў і 7,0 падбораў. У снежні 2023-га Сміт падпісаў кантракт з ізраільскім «Хапаэлем Афула», але, праз два з паловай месяцы апынуўся ў Мінску.

Сміт не класічны цэнтравы, для сваёй пазіцыі яму бракуе вагі, чым часта карыстаюцца супернікі, праціскаючы яго пад кошыкам. Гэты недахоп амерыканец кампенсуе хуткасцю, якая дазваляе падтрымаць хуткі адрыў, а таксама разабрацца з супернікам у трохсекунднай зоне менавіта на нагах, а не з дапамогай корпуса.

Акрамя таго ён даволі скакучы, яго данкі летась настолькі ўразлілі арганізатараў Лігі, што тыя запрасілі паўдзельнічаць у данк-кантэсце на Матчы зорак. Не часта цэнтравыя атрымліваюць такія прапановы.

Цяжка ўявіць, што зʼяўленне Сміта дапаможа «Мінску» зачапіцца нават за перадапошняе месца, таму галоўная інтрыга – ці зможа беларуская каманда атрымаць хаця б адну вікторыю.

Прадстаўнікі Лігі ВТБ неаднаразова казалі, што незадаволеныя клубам з 0 у графе перамогі. А тут яшчэ і беларуская федэрацыя фарсіруе навіны пра зʼяўленне баскетбольнага клуба ў Салігорску. Каманду па баскетболе 3х3 з сынам генеральнага сакратара Анастасіі Марынінай у складзе там ужо сабралі.

Ці будзе новы клуб асабістым праектам Марынінай, сказаць цяжка, але генеральны сакратар, здаецца, ужо ўдзельнічае ў перамовах з прадстаўнікамі банкаўскага турніру. На пачатку лютага ў Мінск прыязджаў прэзідэнт Адзінай Лігі ВТБ Сяргей Кушчанка. Марыніна асабіста суправаджала функцыянера на сустрэчы з прадстаўнікамі «Мінска».

Акрамя таго Кушчанка сустракаўся са старшынём БФБ Максімам Рыжанковым. Гэта, верагодна, першая такая сустрэча за ўвесь час удзелу беларускага клубу ў ВТБ.

У беларускай федэрацыі разважалі наконт таго, ці не варта спусціць былых «цмокаў» у больш простую расійскую лігу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты