Tribuna/Пляжны футбол/Блогі/Беларусь на ЧС па пляжным футболе ў плэй-оф вывелі расіянін, украінец, 9 падпісантаў за рэжым і той, каму «даравалі»

Беларусь на ЧС па пляжным футболе ў плэй-оф вывелі расіянін, украінец, 9 падпісантаў за рэжым і той, каму «даравалі»

У вялікім футболе многія праваліліся, аднаму забылі дагаворныя матчы.

Аўтар — bytribuna com
20 лютага, 11:49
Беларусь на ЧС па пляжным футболе ў плэй-оф вывелі расіянін, украінец, 9 падпісантаў за рэжым і той, каму «даравалі»

Беларуская зборная па пляжным футболе гэтымі днямі гуляе на трэцім запар для сябе чэмпіянаце свету. Хаця спачатку, паводле нашай інфармацыі, на міжнародным узроўні беларускую каманду нават не хацелі пускаць у адбор – але потым перадумалі і пакінулі нават рэжымны сцяг. У выніку зборная кваліфікавалася на ЧС – тое ж самае атрымалася Украіне, але тая адмовілася пасылаць сваю каманду на турнір у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расеі ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

На сёлетнім ЧС беларуская каманда ўпершыню выйшла ў плэй-оф. Месца там забяспечылі перамогі на Сенегалам (6:4) і Японіяй (3:1) у першых двух матчах групы. Калумбія гэтым жа супернікам прайграла, так што беларускія гульцы ўжо дакладна не апусцяцца ніжэй за другое месца. Першае яшчэ не гарантавана – па рэгламенце ўсё вырашае спачатку агульная розніца мячоў.

У дэлегацыю на турнір увайшлі кіраўнік «пляжнай» федэрацыі, ён жа намеснік старшыні АБФФ, умелец сесці пʼяным за руль і падпісант за рэжым Міхаіл Ботнікаў, іспанскі галоўны трэнер Нікалас Альварада (ён на пасадзе ўжо сёмы год, з Іспаніі ў Беларусь прылятае толькі на зборы, а нядаўна паралельна ўзначаліў клуб у Расіі), у складзе – 12 гульцоў.

Альварада ў нядаўнім інтэрвʼю сказаў, што ён, як «любы, хто любіць мяч», без поспеху марыў зрабіць карʼеру ў вялікім футболе. А што ж яго падапечныя? Чаго яны дасягнулі ў фармаце 11 на 11 і чым яшчэ адметныя іх карʼеры? «Трыбуна» расказвае цікавыя факты.

Міхаіл Аўгустоў

У 27-гадовага брамніка зборнай не выяўляецца слядоў у вялікім футболе. Затое ўжо ў 15 ён удзельнічаў у турнірах па пляжным футболе, а ў 16 засвяціўся і ў футзале. І ўсё гэта было ў расійскім Санкт-Пецярбургу, дзе Аўгустоў і нарадзіўся. Там жа ён працягнуў карʼеру ў «пляжцы», у 18 патрапіў у структуру «Крышталя», мясцовага гранда расійскага, ды і, можна сказаць, сусветнага пляжнага футбола. Пры гэтым кіпер усюды быў прадстаўлены як грамадзянін Расіі, а ў 2017-м быў выкліканы на збор зборнай Расіі і адгуляў турнір за каманду U-23. У 2018-м кіпер уліўся ў склад БАТЭ на кароткатэрміновы Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў (у пляжным футболе пераходы кудысьці на адзін турнір – цалкам нармальная гісторыя). З тых часоў – далейшая гульня за расійскія каманды.

Першая згадка ў кантэксце зборнай Беларусі для Аўгустова датуецца канцом 2022-га – і ніякіх звестак пра яго беларускія карані ў адкрытых крыніцах няма. Таксама індыкатарам таго, што брамнік для каманды натуралізаваны, зʼяўляецца напісанне яго прозвішча на сайце FIFA – Avgustov, хаця вядома, што ў нашых пашпартах транслітарацыя па стандарце ідзе з беларускай версіі (у складзе значацца таксама Kanstantsinau і Novikau).

На сёння Аўгустоў – асноўны выбар Альварада і аўтар пераможнага мяча ў матчы з Японіяй хвосткім ударам са сваёй паловы. Незадоўга да ЧС брамнік услед за трэнерам падпісаў кантракт з расійскім «Краснадарам-ЮРМ».

Уладзімір Усціновіч

Аршанец, якому вось-вось споўніцца 25, падлеткам перайшоў у школу мінскага «Дынама», у 2014-м стаў чэмпіёнам краіны па сваім узросце. У 2017-м ездзіў у «Ашмяны-БДУФК» з Д3, але там так і не згуляў. Перад сезонам-2018 праходзіў прагляд у «Промні» з Д1, але без поспеху. А ўжо ў лютым таго года Усціновіча прыцягнулі ў пляжную зборную Беларусі. З тых часоў кіпер гуляе ў гэтым відзе – за беларускія і расійскія каманды. У 2020-м Усціновіч стаў падпісантам за рэжым.

Вадзім Бокач

40-гадовы абаронца нарадзіўся ў Кіраўску, пачынаў у футболе ў бабруйскім ВАР, гуляў за дубль «Белшыны», у 2002-м нават двойчы выйшаў на поле ў Д1. Потым было пару гадоў у «міноры» і сыход з вялікага футбола – Бокач трэнаваў у родным горадзе, гуляў за мясцовую футзальную каманду. У 2009-м прыйшоў у пляжны футбол і адразу быў запрошаны ў зборную, за якую з таго часу і гуляе. Клубы ў карʼеры Бокача ў асноўным расійскія – але было і пару турніраў за ўкраінскія «Артур Мьюзік» і «Выбар» і нават за італьянскую «Катанью».

У 2019-м «сілавікі» Лукашэнкі заявілі кіраўніцтву АБФФ, што Бокач ладзіў у зборнай дамоўныя матчы, але Базанаў і кампанія пераканалі суразмоўцаў, што ў выпадку скандалу перад Еўрагульнямі «галовы паляцяць ва ўсіх», і справу замялі. У канцы 2020-га Бокач падпісаўся за рэжым – а праз пару дзён быў названы найлепшым гульцом Беларусі.

Іван Канстанцінаў

34-гадовы віцяблянін у дзяцінстве хадзіў у СДзЮШАР «Камсамолец». Канстанцінаў рос у нядобрай сямʼі, дзе дайшло да пазбаўлення бацькоўскіх правоў, але трэнер Уладзімір Вайцяховіч здолеў падлетка «ўладкаваць у спартыўны інтэрнат».

Зрэшты, у вялікім футболе следу Канстанцінаў не пакінуў. Затое з 2011-га пачаў гуляць у пляжную версію, а з 2012-га прыцягваецца ў зборную Беларусі. У біяграфіі абаронцы – беларускія, расійскія і пара ўкраінскіх клубаў. На сёлетнім ЧС ён капітан у зборнай і вызначыўся аўтаголам пяткай у матчы з Японіяй.

Вядома, што Канстанцінаў раней сумяшчаў гульні з працай аконшчыка на «Віцебскдрэве» і таксіста, а ў 2016-м на пытанне, што для яго пляжны футбол, адказаў: «Праца». У 2020-м падпісаўся за рэпрэсіі ў краіне.

Юрый Пятроўскі

29-гадовы ўраджэнец Кіраўска ў вялікім футболе таксама не засвяціўся. На світанку карʼеры гуляў у «Дарожніку» з футбольнага ЧБ, але праз некаторы час пакінуў каманду і стаў супрацаўніком рэжымнага «МНС», прайшоўшы курс падрыхтоўкі ратавальнікаў. Потым вярнуўся ў родны горад і загуляў у пляжны футбол, у 2017 годзе дайшоў да зборнай Беларусі. Далей у карʼеры былі расійскія клубы і ўкраінская «Маланка». На цяперашнім ЧС забіў у вароты Сенегала.

Пятроўскі працягвае сумяшчаць гульню з працай у «МНС» – у 2023-м адтуль віншавалі футбаліста з перамогай на Гульнях краін СНД. У 2020-м абаронца падпісаўся за беззаконне.

Яўген Новікаў

«Усе імкнуцца ў вялікі [футбол] патрапіць, хто не трапляюць – ідуць у «мінік», ніжэй, каго і там не ўзялі – тыя ўсе сюды», – шчыра прызнае 29-гадовы «пляжнік». Прабіцца ў вялікі Новікаў спрабаваў у родным Брэсце, але ў 16 «далей не ўзялі». Потым было войска, праца ў дамафонавай фірме (якая застаецца і дагэтуль) і гульня ў аматарскі міні-футбол. У 2018-м там яго заўважыў мясцовы трэнер з «пляжкі» і паклікаў паспрабаваць сябе – а ў ЧБ абаронцу адразу заўважылі для зборнай. З 2020-га Новікаў гуляе за маскоўскі ЦСКА, адлучаўся толькі на пару турніраў – у беларускія клубы і партугальскі «Сатаа».

У 2020-м Новікаў падпісаўся за рэжым, у 2022-м быў прызнаны найлепшым гульцом Беларусі. У нядаўнім інтэрвʼю сказаў, што «стаўка» ў зборнай – гэта 900 рублёў заробку, але шэраг гульцоў запісаныя на «паўстаўкі».

Мікіта Чайкоўскі

«У мяне класічная гісторыя: гуляў у вялікі футбол, ва ўніверсітэце ў міні-футбол і там жа пазнаёміўся з «пляжкай», – казаў гэты 25-гадовы абаронца. Нарадзіўся ён у Пружанскім раёне, вырас у Бярозе, дзе займаўся ў мясцовай СДзЮШАР, а за вышэйшай адукацыяй паехаў на юрфак універсітэта ў Гродне. Ужо ў 2016-м пасля гульні на «пляжным» чэмпіянаце вобласці Чайкоўскага заўважылі ў моладзевай зборнай Беларусі, а з 2017-га ён гуляе за першую каманду. З 2022-га выступае за расійскі «Лакаматыў» – да гэтага ў карʼеры былі каманды з Беларусі і Расіі і малдаўскі «Ністру».

Найлепшы гулец Беларусі-2021 у жніўні 2020-га вырашыў паставіць подпіс пад зваротам некалькіх «пляжнікаў» супраць гвалту і за сумленныя выбары. Аднак неўзабаве Чайкоўскі сваё рашэнне адклікаў, а напрыканцы года «выправіўся» перад рэжымам, падпісаўшыся ўжо за яго. Тады ж уліўся ў гродзенскі футзальны клуб «сілавікоў» «УУС-Дынама», дзе правёў 16 матчаў.

Арцемій Дрозд

28-гадовы форвард – яшчэ адзін прыклад шляху ў зборную з Кіраўска. У вялікім футболе Дрозд слядоў не пакінуў, яшчэ да 20-годдзя пачаў гуляць у пляжны, з 2017-га выклікаецца ў зборную. Апошнія гады выступае ў расійскіх камандах, у асноўным – за піцерскі «Лекс». На ЧС-2024 забіў Японіі.

У 2020-м Дрозд падпісаўся за рэжым. У сацсетках піша сваё імя як Арцём, а ў якасці месца працы паказвае паблік пра супергеройскі сусвет Marvel.

Алег Гапон

27-гадовы форвард падрабязна расказваў пра пачатак карʼеры ў спорце. Хлопец у родным Скідзелі (30 км ад Гродна) спачатку займаўся бейсболам – у горадзе ёсць каманда «Цукровы шторм». Гапон выконваў ролю кетчара – лаўца мяча. Аднак больш любіў гуляць футбол – і бацькі сталі штодня вазіць сына на трэнінгі ў Гродне. Там ён спрабаваў сябе брамнікам, потым форвардам, а стаў абаронцам і нават дайшоў да дубля ў 2013-м, але там не зайграў.

– Быў добры галоўны трэнер Павел Раднёнак, а вось яго памочнік ставіўся не лепшым чынам да прыезджых. Праз адну з ягоных прыніжальных «рэмарак» мы счапіліся, і я яго паслаў жорстка. Нібыта справа замялася, але два тыдні – і Раднёнак кажа, што яго запрасілі ў БАТЭ, а замест яго будзе памочнік. Я гляджу на яго, ён на мяне, я збіраю рэчы і сыходжу, – казаў Гапон.

У футболе далей спрабаваць прабівацца гулец не стаў – яму адразу прапанавалі перайсці ў згаданае «УУС-Дынама», і ён адгуляў там тры сезоны з размовамі аб футзальнай моладзевай зборнай Беларусі. Паралельна з 2014-га гуляў у пляжны футбол – там паступова стала атрымлівацца, Гапона паклікалі ў зборную, і ў выніку ён абраў пясок. З 2019-га гуляў за расійскі «Спартак», а з 2022-га выступае за «Крышталь» (але ў 2023-м ездзіў у арэнду ў яшчэ адзін расійскі клуб «Строгіна»). На сёлетнім ЧС аформіў дубль Сенегалу.

У 2020-м Гапон падпісаўся за рэжым. Фанат рыбалкі – перад ЧС у яго ўзялі вялікае відэаінтэрвʼю проста на лёдзе вадаёма.

Ігар Брышцель

36-гадовы ўраджэнец пасёлка Арэхаўскі Кобрынскага раёна спрабаваў прабіцца ў вялікі футбол у райцэнтры, але тамтэйшая каманда гуляла ў асноўным на чэмпіянаце Брэсцкай вобласці. Затое ў 2009-м Брышцель паспрабаваў сябе з кобрынскім «Палессем» у пляжным ЧБ – і адразу атрымаў выклік у зборную Беларусі. Канчаткова пераканала застацца ў «пляжцы» запрашэнне з Расіі – атрымалася курʼёзна: Брышцель у кампаніі з Бокачам прыехалі ў Калінінград гуляць за адну каманду, але іх перахапілі прадстаўнікі іншай – а гульцы зразумелі гэта толькі на пляцоўцы.

У пачатку 2010-х Брышцелю прапаноўвалі паспрабаваць сябе ў футбольным ЧБ за брэсцкае «Дынама» – але ён ужо не хацеў кідаць «пляжку». У выніку вопыт у вялікім фармаце – 20 матчаў за «Кобрын» ды «Узду» у Д3 ў 2013-14 гадах. У «пляжцы» ж за сваю карʼеру Брышцель пагуляў за многія расійскія клубы, а яшчэ ўкраінскі «Выбар», польскую «Лодзь» і турэцкі «Сеферыхісар». З 2019-га выступае за «Крышталь», дзе застаецца адным з лідараў, а, паводле некаторых ацэнак, уваходзіць і ў сусветны топ. У 2011-м, 2012-м, 2014-м, 2015-м, 2016-м, 2017-м, 2018-м і 2023-м Брышцель прызнаваўся найлепшым «пляжнікам» Беларусі.

У жніўні 2020-га Брышцель паставіў подпіс пад зваротам «пляжнікаў» супраць гвалту і за сумленныя выбары. Пасля гэтага аднаго з мацнейшых гульцоў зборнай вывелі з яе складу. Ён не гуляў за каманду больш за два гады, але ў 2023-м вярнуўся.

Але рэжым не даруе проста так – неўзабаве Брышцель даў «пакаяннае інтэрвʼю», у якім пацвердзіў, што яго прыбралі са зборнай менавіта праз грамадзянскую пазіцыю. ФІФА і УЕФА сітуацыю праігнаравалі.

На ЧС-2024 Брышцель двойчы забіў Сенегалу і яшчэ адзін раз Японіі.

Ягор Гардзецкі

28-гадовы форвард нарадзіўся ў Віцебску, але праз восем гадоў яго сямʼя пераехала ў расійскі Санкт-Пецярбург. Там Гардзецкі пайшоў у футбольную секцыю, але да 16 гадоў пазнаёміўся з пляжным футболам, а ў 2014-м атрымаў запрашэнне ў зборную Беларусі, што канчаткова пераканала юнака не спрабаваць шукаць сябе ў вялікім фармаце. Як казаў гулец, ён «страціў паўтара года» праз беларускае войска, але потым вярнуўся гуляць у Пецярбург, а з 2020-га выступае за маскоўскі ЦСКА.

У 2020-м Гардзецкі падпісаўся за рэжым.

Анатоль Рабко

34-гадовы Рабко – з Запарожжа. Украінец у вялікім футболе гуляў на ўзроўні мясцовага Д3 за «Гарняк-Спорт», у 2007-м патрапіў у другую каманду запарожскага «Металурга», але ў 2008-м быў адлічаны. На старонцы Рабко ў сацсетцы пазначана, што ён атрымаў адукацыю ў тэхнічным універсітэце свайго горада.

У 2009-м Рабко ўжо згадваецца як «пляжнік», а ў 2010-х як гулец вялікіх украінскіх клубаў і зборнай Украіны. У 2015-м «пляжнік» пераехаў у Маскву, стаў гуляць за расійскія каманды, а ў 2017-м зазірнуў у Беларусь – і стаў найлепшым гульцом і бамбардзірам фінальнага этапа ЧБ. У 2018-м Рабко яшчэ працягваў гуляць за зборную Украіны, у канцы года патрапіў у спіс кандыдатаў на мінскія Еўрагульні. Аднак, як аказалася, у гульца былі свае планы – на турніры ён згуляў ужо за зборную Беларусі, у якой выявіўся ў пачатку 2019-га (Беларусь стала 7-й, Украіна – 4-й). З таго часу Рабко выступае за новую зборную.

Пакуль Расія спрабуе абвясціць украінскае Запарожжа сваёй часткай (вобласць ужо часткова пад акупацыяй), Рабко ў Расіі працягвае карʼеру – з 2021-га гуляе за маскоўскі «Спартак», хоць паспеў на адным турніры выступіць за нямецкі «Мюнстэр».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты