Усе навіны

Расійскія трэнеры паскардзіліся міністру спорту на ўдзел беларусаў у юніёрскім першынстве Расіі: «Абуральнае парушэнне»

23 студзеня 2023, 14:43
3

Чатыры расійскія біятлонныя трэнеры, уключаючы былога галоўнага трэнера зборнай Расіі Аляксандра Каспяровіча, напісалі адкрыты ліст міністру спорту Расіі Алегу Матыцыну, дзе паскардзiлiся на тое, што прадстаўнiкi Беларусi прынялi ўдзел у вялікім мас-старце на юнiёрскiм першынстве Расіі.

«Група трэнераў лічыць неабходным звярнуць увагу на абуральнае парушэнне.

23 студзеня ў праграме спаборніцтваў значыўся вялікі мас-старт, у якім можа ўдзельнічаць 60 спартсменаў. Да гэтага старту рыхтаваліся прадстаўнікі дзясяткаў рэгіёнаў, многім з якіх давялося пераадолець няпросты адбор (удзельнічалі 92 юніёры і 65 юніёрак).

Акрамя расійскіх юніёраў, у спаборніцтвах у Рыбінску прымалі ўдзел і некаторыя юніёры з Беларусі, якія стартавалі па-за конкурсам у дысцыплінах «спрынт» і «супер-спрынт». Там іх удзел не ствараў ніякіх праблем расійскім спартсменам і нават, наадварот, дадаваў у барацьбе вастрыні.

Аднак у старт-лісце вялікага мас-старту, дзе колькасць удзельнікаў абмежаваная, усе беларускія спартсмены таксама прысутнічалі, пазбаўляючы частку расійскіх біятланістаў удзелу ў старце, які ўплывае як на іх асабістыя рэйтынгі, так і на рэйтынг рэгіёнаў, якія яны прадстаўляюць.

У адказ на наш пытанне, чаму такое дапускаецца, тэхнічны дэлегат Вадзім Меліхаў спаслаўся на вуснае распараджэнне прэзідэнта Саюзу біятланістаў Расіі Віктара Майгурава.

Звяртаем Вашу ўвагу, што, прымаючы і выконваючы такое рашэнне, кіраўнікі СБР груба парушаюць палажэнне аб спаборніцтвах, не кажучы ўжо пра тое, што першынство Расіі праводзіцца на бюджэтныя сродкі РФ. Рыхтуючы спартсменаў і камандзіруючы іх для ўдзелу ў першынстве краіны, рэгіёны марнуюць свае сродкі, якія ў сучасных умовах вельмі абмежаваныя.

Нам бы хацелася, каб галоўныя спаборніцтвы краіны праводзіліся ў справядлівай і сумленнай барацьбе, а кіраўнікі Саюзу біятланістаў Расіі выконвалі б законы і дзейнічалі ў інтарэсах развіцця віду спорту ў Расійскай Федэрацыі», – гаворыцца ў звароце да Матыцына.