Усе навіны

Дар'я Блашко: «Спорт – гэта частка палітыкі, хто б што ні казаў. Беларусь ніхто не ведаў, пакуль Дарʼя Домрачава не пачала выйграваць шмат медалёў»

17 лютага 2023, 10:10

Былая біятланістка зборнай Беларусі, якая выступае ў складзе каманды Украіны Дар'я Блашко, падзялілася думкамі аб адхіленні расійскіх і беларускіх спартсменаў ад Алімпійскіх гульняў і іншых спартыўных мерапрыемстваў.

Лічу адхіленне лагічным, таму што Расія пачала вайну падчас Алімпійскіх гульняў. Няхай ужо асноўныя мерапрыемствы скончыліся, ішла Паралімпіяда, але гэта не змяняе факта парушэння галоўнага прынцыпу Алімпіяд: гарматы маўчаць, пакуль працягваюцца спаборніцтвы.

Ці для іх асобы з абмежаванымі магчымасцямі – гэта не людзі, але прынцыпы Гульняў можна спакойна парушаць?

Вельмі паважаю IBU за іх пазіцыю, калі ўжо практычна адразу пасля нападзення на Украіну былі прыняты гэтак складаныя і важныя рашэнні. Міжнародны саюз біятланістаў паказаў у чарговы раз, што незалежны ні ад каго ў прыняцці такіх важных рашэнняў.

– Што скажаце з нагоды пазіцыі саміх спартсменаў, якіх зусім не бянтэжыць сам факт вайны, гібель тысяч людзей?

– На жаль, спорт – гэта частка палітыкі, хто б што ні казаў. Спорт – гэта палітычны інструмент, які ўплывае на меркаванні і погляды людзей.

Вось, напрыклад, Беларусь ніхто не ведаў, пакуль Дарʼя Домрачава не пачала выйграваць шмат медалёў. А да гэтага і не ведалі, дзе Беларусь знаходзіцца. Што гэта, як ні частка палітыкі.

Для пазнавальнасці краіны і ўплыву яе ў свеце спорт адыгрывае немалаважную ролю. Спорт у нашых краінах фінансуецца дзяржавай. Значыць, яна бачыць сэнс укладваць грошы ў спартсменаў, якія прадстаўляюць краіну на міжнародных арэнах і сваімі перамогамі павышаюць яе вагу. Як ні круці, гэта адзін з інструментаў палітыкі.

Што тычыцца нядопуску да АГ, я лічу гэта правільным рашэннем, прынамсі, на бліжэйшую Алімпіяду. Бо мусіць хоць нешта разбудзіць людзей. Матываваць іх да дзеяння. Заўсёды лёгка пераседзець дзе-небудзь у сярэдзіне.

Заўсёды можна паспрабаваць уседзець на двух крэслах. Але трэба разумець, што выклікі часу такія, што ты павінен паказаць сваю пэўную пазіцыю: ці ты там, ці тут.

Лічу, што краіны, якія падтрымліваюць адхіленне атлетаў Расіі і Беларусі ад Алімпіяды, паступаюць правільна, на жаль, – сказала Блашко.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.