Усе навіны

Прарэжымная падпісантка Зубрылава пра міжнародны бан: «Спорт павінен быць па-за палітыкай, таму што спартовец спаборнічае з сабой, з дыстанцыяй і з сапернікамі»

1 сакавіка 2023, 23:02

Былая біятланістка зборнай Беларусі, падпісантка ліста за Лукашэнку, ураджэнка Украіны Алена Зубрылава падзялілася меркаваннем пра міжнароднае адхіленне беларускіх спартсменаў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Цяпер, гледзячы на зборную Беларусі сучасную, яна на паўзе ў міжнародным спорце, выступае на Кубку Садружнасці з Расіяй. Як думаеце, складана хлопцам у такой сітуацыі спаборнічаць, знаходзіць матывацыю?

– Я думаю, што ў нас спартсмены годныя і прафесіяналы. Яны знаходзяць для сябе матывацыю спаборнічаць, і не толькі спаборнічаць, але і перамагаць.

Расійскія спартоўцы таксама вельмі высокага ўзроўню. І для таго, каб выйграць у Кубку Садружнасці ці на чэмпіянаце Расіі, трэба прыкласці нямала працы, каб абгуляць расійскіх спартоўцаў.

Гэтыя спаборніцтвы, якія мы праводзім паміж дзвюма краінамі, дазваляюць заставацца на пэўным узроўні.

– Вы знаходзілі за гэты час нейкі лагічны адказ на пытанне, чаму бяруць і зборную прыбіраюць з міжнародных стартаў?

– Апошнім часам спорт стаў палітычным, і вельмі многія палітыкі іншых краін спорт палітызуюць. Спорт павінен быць заўсёды па-за палітыкай.

– Гэта прама догма?

– Гэта догма. Таму што спартовец, выходзячы на дыстанцыю, спаборнічае з сабой, з дыстанцыяй і з супернікамі.

– Але пры гэтым вы звяртаеце ўвагу, што некаторыя спартсмены іншых краін негатыўна выступаюць супраць вяртання. Чаму?

– Адзінкі. Але зноў-такі складана залезці ў галовы іншых спартсменаў і адказваць за іх дзеянні. Напэўна нешта іх на гэта штурхае, магчыма, гэта боязь дадатковай канкурэнцыі, магчыма, нейкія яшчэ прычыны, – сказала Зубрылава.