Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Літва сенсацыйна перамагла ЗША на ЧС па баскетболе – дапамог форвард, які 10 гадоў таму з «Жальгірысам» саступіў «Цмокам»

Літва сенсацыйна перамагла ЗША на ЧС па баскетболе – дапамог форвард, які 10 гадоў таму з «Жальгірысам» саступіў «Цмокам»

Міндаўгас Кузмінскас і каманда

Аўтар — Замір Закіеў
4 верасня, 06:46
Літва сенсацыйна перамагла ЗША на ЧС па баскетболе – дапамог форвард, які 10 гадоў таму з «Жальгірысам» саступіў «Цмокам»

Чэмпіянат свету гэтага года, магчыма, адзін з найлепшых у плане інтрыгі і непрадказальнасці вынікаў. Адна толькі зборная Латвіі ўжо паспела перамагчы Францыю (88:86) і дзейнага чэмпіёна свету Іспанію (74:69) ды выйсці ў чвэрцьфінал на дэбютным для сябе ЧС.

Да сваёй суседкі далучылася і Літва. Першы этап турніру падапечныя Казіса Максвіціса прайшлі вельмі ўпэўнена – перамогі над Егіптам (93:67), Мексікай (96:66) і Чарнагорыяй (91:71). У наступным раўндзе была вікторыя над Грэцыяй (92:67), а пасля гэтага літоўцаў чакала сустрэча з нацыянальнай камандай Штатаў. Трэнер Стыў Кер прывёз на чэмпіянат зборную маладых талентаў НБА. І гэты склад граміў усіх супернікаў на сваім шляху. Аднак сітуацыя змянілася ў апошім матчы. ЗША і Літва гарантавалі сабе выхад у чвэрцьфінал ЧС, ім заставалася толькі вырашыць, хто зойме першае месца ў групе.

Пачатак матча быў проста жахлівым для амерыканцаў. Першую чвэрць яны прайгралі разгромна – 12:31. А ў астатнія 30 хвілін спрабавалі дагнаць Літву, але тая ў вырашальныя моманты рэалізоўвала двух- і трохачковыя, штрафныя кідкі. Апошняя чвэрць гульні ўвогуле ператварылася ў сапраўдную перастрэлку і завяршылася з лікам 39:39. Сам матч скончыўся перамогай літоўцаў 110:104.

Праблема каманды Стыва Кера была ў падборах. Па гэтым паказніку ЗША каласальна саступілі Літве – 27 на 43. І з гэтым амерыканцы сутыкаюцца на працягу ўсяго чэмпіянату. Упэўненыя перамогі суправаджаліся прайграваннем шчыта – нават у матчы Чарнагорыяй (31 падбор супраць 49).

Літоўцы скарысталіся гэтым і дадалі яшчэ добры адсотак рэалізацыі атак. Пакуль хлопцы Максвіціса ці не галоўны снайперы ЧС-2023. У гульні з ЗША Літва рэалізавала 56% трохачковых (супраць 37,9% у суперніка).

Прычым некаторыя далёкія кідкі рабіліся з вельмі складаных становішч. Вось прыклад ад Міндаўгаса Кузмінскаса.

Менавіта Кузмінскас зрабіў вялікі ўнёсак у перамогу над ЗША, набраўшы 14 пунктаў за 15 хвілін на паркеце (другі па рэзультатыўнасці ў камандзе). Таксама Міндаўгас – самы ўзроставы гулец у складзе сваёй зборнай (яму 33 гады). Літоўскі форвард у свой час выступаў за «Жальгірыс», які да агрэсіі Расіі ва Украіне 2014 года ўдзельнічаў у Адзінай лізе ВТБ. Так, у сакавіку 2013-га (за 10 гадоў да сённяшніх падзей) малады Кузмінскас са сваёй камандай завітаў на «Мінск-Арэну» да «Цмокаў» (цяпер БК «Мінск»). Тады літовец змог набраць толькі пяць балаў, не скарыстаўшыся ніводнай з чатырох спроб на тры пункты, а мінская каманда нечакана перамагла «Жальгірыс» – 86:82.

Іншыя пасты блога

Усе пасты