Tribuna/Баскетбол/Блоги/Баскетбольная площадка/Вяргун любіць пафасныя прамовы – называе сваю каманду чэмпіёнскай, а сябе вялікім патрыётам

Вяргун любіць пафасныя прамовы – называе сваю каманду чэмпіёнскай, а сябе вялікім патрыётам

І кажа, што яму неабыякава, каму ўручаецца беларускі пашпарт.

Автор — Pam-pam
22 марта, 23:31
Вяргун любіць пафасныя прамовы – называе сваю каманду чэмпіёнскай, а сябе вялікім патрыётам

У канцы мінулага тыдня галоўны трэнер «Уралмаша» Расціслаў Вяргун прывёў сваю каманду да бронзавых медалёў Кубка Расіі. У раздзявальні пасля пераможнага матчу з МБА беларускі спецыяліст, ледзь не расплакаўшыся, вымавіў даволі пафасную прамову, назваўшы бронзавых прызёраў чэмпіёнскай камандай.

Такая высакапарнасць далёка не першы раз праскоквае ў прамовах беларускага спецыяліста, у якога за спіной 109 паражэнняў з баскетбольным «Мінскам». Хаця, наконт ваеннай інтэрвенцыі ўраджэнец украінскага Чарнігава ні разу не выказаўся. Як і аб пратэстах-2020 – у спецыяліста іншыя падставы для гонару.

«Мой пасыл такі: каманда павінна трымацца разам пры любых абставінах. Гэта доля моцных – прымаць удар, а не развальвацца».

«Чым старэйшым становішся, тым больш дакладна разумееш, што ніхто не ведае, што будзе заўтра».

«Клуб, які яшчэ летась гуляў у суперлізе, зарабіў бронзу Кубка Расіі ў самай вялікай краіне свету. Гэта трэба шанаваць. У мяне ёсць шмат першых месцаў, але гэтая бронза, можа быць, значыць нават крыху больш».

«Калі чалавек зрабіў усё каб паказаць, што ён жадае быць за мяне, заўсёды дам яму шанец».

«Мне ніхто нічога не абяцаў. Я проста сапраўды любіў нашу гульню. Эканоміў на транспарце і ішоў пешшу, каб зэканоміць грошы. І гэта прывяло мяне сюды».

«Бялянкоў сказаў: «Я ўдзячны Богу, што ўбіраў інфармацыю ад вас». І зараз ён жыве нармальным жыццём. Калі я скончу кар'еру, то змагу сказаць, што не марнаваў час, а рабіў рэчы, якія прынеслі камусьці карысць».

«Зрабіў гульцам невялікую экскурсію па комплексе [бк «Мінск»]. Шчыра, адчуваў гонар, калі хлопцы любаваліся ўмовамі для трэніровак, якія створаны ў клубе».

«Я шмат чаго бачыў і магу сказаць, што ўбачыць у нашай краіне такое свята баскетбола – гэта заўсёды мурашкі па скуры. І я вельмі рады, што мы аказаліся не крайнімі на гэтым свяце, асабліва ў сябе дома!»

У адказ на пытанне пра тое, што ён зробіць, калі атрымае прапанову аб далейшым супрацоўніцтве ад прэзідэнта «Уралмаша»:

« …нават не буду глядзець на суму ў кантракце, а проста з удзячнасцю пацісну яму руку».

«Я лічу сябе вялікім патрыётам, і кожны раз, калі мне прадстаўляўся гонар выводзіць нацыянальную зборную на пляцоўку, быў поспехам для мяне».

«Мая задача – даць гэтаму клубу ўсё, што ў мяне ёсць: мае веды, сэрца, душу».

«На «Мінск-Арэне» я заўсёды адчуваў экстраардынарныя пачуцці. Вялікая зала стварае адчуванне значнасці падзеі. Калі ж удаецца выдаць гульню добрай якасці, атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Гэта адно з найлепшых спартыўных збудаванняў у Еўропе. Выводзіць на гэтую пляцоўку сваю каманду – вялікі гонар».

«Мая самая вялікая вайна на сённяшні дзень – гэта псіхалагічны настрой пераможцы, каб сутнасць таго, што адбываецца, не згубілася ў прасторы»

«Самая вялікая наша перамога ў гэтым сезоне – гэта практычна заўсёды поўныя трыбуны. Такога ніколі не было».

«Хлопцы, якія гуляюць на прафесійным узроўні, выдатна ўсведамляюць, як гэта добра, калі ў федэрацыі і Міністэрства спорту ёсць магчымасць дапамагчы ім падтрымліваць якасную форму ў міжсезонне».

 «Для нас гэта вельмі важна і ганарова – насіць званне лепшай каманды краіны».

«Працу ў зборнай назваў бы прывілеем. Для мяне вялікі гонар займацца гэтым».

«Катэгарычна супраць натуралізацыі. Ёсць асаблівы гонар, што турак абыгрываюць беларусы, а не амерыканец з пашпартам».

«Не хачу кідацца гучнымі словамі, але для мяне неабыякава, каму ўручаецца беларускі пашпарт. Як грамадзянін нашай краіны хачу, каб гэта былі дастойныя людзі»

«Нядаўна пасля матчу «Цмокаў» Верамеенка падышоў да мяне і сказаў: «Мне горка і сорамна, што не магу дапамагчы камандзе. Такіх людзей, як ён, у баскетболе адзінкі».

«Віншую заўзятараў і клуб з тым, што мы здзейснілі гэты крок і ўвайшлі ў гісторыю беларускага баскетбола».

«Спадзяюся, наша праца са зборнай прывядзе да пачатку новай і паспяховай главы ў гісторыі айчыннага мужчынскага баскетбола».