Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Бамбардзірскі рэкорд у студэнцкай Лізе ЗША пабіты праз 54 гады – фантастычнае дасягненне баскетбалісткі універсітэту Аёвы

Бамбардзірскі рэкорд у студэнцкай Лізе ЗША пабіты праз 54 гады – фантастычнае дасягненне баскетбалісткі універсітэту Аёвы

22-гадовая красуня абышла легенду НБА!

Аўтар — Pam-pam
4 сакавіка, 22:17
Бамбардзірскі рэкорд у студэнцкай Лізе ЗША пабіты праз 54 гады – фантастычнае дасягненне баскетбалісткі універсітэту Аёвы

Баскетбалістка ўніверсітэту Аёвы Кейтлін Кларк стала лепшым бамбардзірам у гісторыі студэнцкага баскетбола ў ЗША. У матчы супраць «Агаё Стэйт» спартсменцы неабходна было набраць 18 пунктаў, каб пабіць рэкорд па набраных ачках у жаночай і мужчынскай NCAA. Кларк спатрэбілася ўсяго палова матчу, каб абысці вялікага Піта Маравіча! На рахунку Пістал Піта за тры сезоны ў студэнцкім баскетболе было 3667 ачкоў. 22-гадовая дзяўчына абышла вядомага гульца, які выступаў за ўніверсітэт Луізіяны, а запомніўся ўсім па кар'еры за «Юту Джаз» у НБА.

Кларк спатрэбілася 2582 кідкі, каб дасягнуць выніку ў 3668 ачкоў, а ў Маравіча было 3166 спроб, каб дасягнуць сваіх лічбаў. Зразумела, што тады не было трохачковай лініі, але гэта ўсё роўна неверагодныя для дзяўчыны паказчыкі.

«Думаць пра гэта сапраўды варʼяцка. Шчыра кажучы, калі б нехта сказаў мне гэта да пачатку маёй карʼеры ў каледжы, я б засмяялася і сказала: «Не, ты варʼят». Я заўсёды ўмела кідаць мяч, але не думаю, што людзі сапраўды разумеюць, колькі фантастычных гульцоў было да мяне і таксама маглі закідваць мяч, прычым з неверагодна высокай хуткасцю, у камандах, якія сапраўды вельмі добрыя», – сказала Кларк пасля гульні.

Новая рэкардсменка нарадзілася 22 студзеня 2002 года ў найбуйнейшым горадзе шатат Аёва – Дэ-Мойне. Дзяўчына пайшла па шляху бацькі, які ў маладосці выступаў за баскетбольную каманду універсітэт Сімпсана. Спачатку малая гульня на заднім двары са сваімі двума братамі, а ў пачатковай школе далучылася да каманды хлопчыкаў, таму што бацьку не ўдалося знайсці прыдатнай па ўзросце секцыі для дзяўчынак.

Першы час Кларк не канцэнтравалася на адным баскетболе і спрабавала іншыя рэчы – софтбол, валейбол, футбол, тэніс, гольф і нават гульню на фартэпіяна. Але да 6-га класа дзяўчына вырашыла засяродзіцца на баскетболе.

Старэйшыя класы дзяўчыны праходзілі ў каталіцкай школе Даўлінг. У свой першы год там яна набірала ў сярэднім па 15 ачкоў пры 5 асістах за матч, у другі год ужо 27 ачкоў пры 4 асістах.

У лютым 2019 года ў гульні супраць старэйшай школы Мэйсана Кларк набрала 60 ачкоў за матч, рэалізаваўшы 13 трохачковых, і ўстанавіла другі вынік для ўсяго штата. У гэтым жа годзе яна разам з партнёркамі заваявала золата маладзёжнага чэмпіянату свету U-19, а праз 2 гады паўтарыла гэтае дасягненне.

Пазней юная спартсменка набірала ўжо больш за 30 ачкоў за гульню і трапіла ў зону цікавасці адразу некалькіх універсітэтаў, але дзяўчына выбрала «хатнюю» Аёву.

Кларк адразу патрапіла ў старт і ў дэбютным для сябе матчы супраць Паўночнай Аёвы набрала 27 ачкоў, 8 падбораў і 4 перадачы. А праз 2 месяцы аформіла першы для сваёй каманды трыпл-дабл з 2015-га года.

У канцы рэгулярнага сезона Кларк была аднагалосна прызнана лепшым пачаткоўцам года з «Вялікай дзясяткі» (самая старая канферэнцыя ў першым дывізіёне студэнцкага спорту ЗША у якую ўваходзяць 14 перадавых універсітэтаў краіны – заўв.) і абраная ў сімвалічную зборную «Вялікай дзясяткі». Акрамя таго, Кларк стала першым навічком, які атрымаў прыз лепшаму абаронцу года.

Наступныя 2,5 сезона Кларк толькі дадавала ў статыстыцы і збірала ўсе магчымыя ўзнагароды – за студэнцкую карʼеру яна ўжо тройчы выйграла прэмію Дон Стэйлі і два разы прэмію Нэнсі Ліберман, як лепшы гулец першага Дывізіёна на сваёй пазіцыі.

Ці ёсць у гэтай дзяўчыны недахоп? Ну раней яна да жаху баялася котак і магла расплакацца, калі бачыла пушыстыка побач.

«Я ненавідзела котак. Не ведаю чаму. На нашай вуліцы жыў чорны кот, і ён палохаў мяне да смерці. Яго звалі Джынкс. Самы лепшы дзень у маім жыцці быў, калі гэты кот уцёк», успамінала Кларк у адным са сваіх інтэрв'ю.

Сёння ў штатах пра яе гавораць ці ледзь не з кожнага праса, а з новым рэкордам дзяўчыну павіншаваў той, хто нядаўна першым у гісторыі НБА пераадолеў адзнаку ў 40 000 набраных ачкоў. Гаворка, вядома ж, аб Леброн Джэймсе. Кароль на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы напісаў наступнае: «Віншую Кэйтлін Кларк з тым, што яна стала самым выніковым гульцом у гісторыі». Асабістая пахвала ад самога Караля ўжо дарагога каштуе. Цяпер пра дзяўчыну даведаецца яшчэ больш людзей, якія змогуць па заслугах ацаніць гульню і ўклад у жаночы баскетбол Кэйтлін.

Кейтлін ужо прадракаюць першы пік на наступным драфце WNBA, сама ж дзяўчына сканцэнтраваная на тым, каб скончыць гэты сезон, бо наперадзе каманду чакае «Сакавіцкае варʼяцтва».

Іншыя пасты блога

Усе пасты