Tribuna/Баскетбол/Блоги/Баскетбольная площадка/«Гарызонт» падпісаў сясцёр-двайнят. Раслі ў шматдзетнай сям'і, якую цягнула маці, а баскет адчыніў дзверы ва ўніверсітэт (але там былі праблемы)

«Гарызонт» падпісаў сясцёр-двайнят. Раслі ў шматдзетнай сям'і, якую цягнула маці, а баскет адчыніў дзверы ва ўніверсітэт (але там былі праблемы)

У адной з іх на вокладцы ў сацыяльных сетках труна.

Автор — KentYara98
24 января, 21:00
«Гарызонт» падпісаў сясцёр-двайнят. Раслі ў шматдзетнай сям'і, якую цягнула маці, а баскет адчыніў дзверы ва ўніверсітэт (але там былі праблемы)

Рэгулярны сезон жаночага чэмпіянату Беларусі пераваліў за экватар, і табліцу пакуль што ўзначальвае «Мінск», які ідзе без паразаў. Дзейныя чэмпіёнкі з «Гарызонта» на сёння другія – у чэмпіянаце яны двойчы саступілі экс-«цмокам».

І хаця ў фінале Кубка Беларусі падапечныя Наталлі Трафімавай узялі рэванш, а заадно і сам кубак, кіраўніцтва пайшло на ўзмацненне складу адразу двума легіянеркамі. 22 студзеня клуб паведаміў пра падпісанне сясцёр Даф, якія да гэтага выступалі ў студэнцкай камандзе ўніверсітэту Нью-Мехіка.

Ла Таскія і Ла Тора – двайняты. Яны нарадзіліся 2 ліпеня 2000 гада ў амерыканскім мястэчку Самсон, штат Алабама. Акрамя іх у сям'і ёсць яшчэ тры сястры – Мішэль, Жасмін і Кортні, якіх гадуе адна маці Ферэка Даф. Жанчына падтрымлівае захапленне дачок баскетболам з іх самага дзяцінства. Вось, напрыклад, як яна адказвала ў 2013-м на пост дачкі пра тое, што яе каманда перамагла, хаця і гуляла не надта добра.

«Ты малайчына, так што не дакарай сябе. Ганаруся табой і люблю цябе, і ты не зможаш змагацца і з супернікамі і суддзямі, але ты праб'ешся і выйграеш выдатную працу... Заўсёды вучыся на сваіх памылках».

Сёстры цэняць, што для іх зрабіла іх фанатка нумар адзін. У адным са сваіх віншаванняў для маці з днём нараджэння Ла Тора піша, што гэта наймацнейшы чалавек, якога яна калі-небудзь сустракала, і абяцае аднойчы адплаціць за ўсё, што маці робіць для іх.

Яшчэ адной важнай жанчынай для сямʼі была бабуля, якой не стала пару гадоў таму. Фатаграфія з труной бабулі да гэтага часу стаіць у Ла Торы на застаўцы ў яе акаўнце ў Фэйсбук.

Баскетбол з дзяцінства быў галоўным захапленнем двайнят. У 2016-м разам са школьнай камандай сёстры сталі чэмпіёнкамі другога дывізіёну чэмпіяната штата.

Поспехі на дзіцячым узроўні дазволілі пайсці вучыцца ў мясцовы каледж, дзе сёстры таксама пашумелі.

А затым патрапілі ва ўніверсітэт Нью-Мехіка, дзе на працягу трох сезонаў выступалі за ўніверсітэтскую каманду ў студэнцкай лізе NCAA. У першыя два гады сёстры стабільна траплялі ў стартавую пяцёрку, але, мяркуючы па ўсім, давалася гэта няпроста.

У жніўні 2021-га Ла Тора размясціла ў сваіх сацсетках фатаграфію з лякарні. Дзяўчына не дзялілася падрабязнасцямі, але некаторае святло на падзеі праліў адзін з пастоў маці ў Facebook, што быў зроблены пазней. Жанчына адзначала, што ў Ла Торы былі сківічныя праблемы, якія, відаць, можна было вырашыць толькі хірургічным умяшальніцтвам.

Наогул, цягам усяго апошняга сезону сясцёр Даф у Нью-Мехіка маці абуралася. Яна выказвала прэтэнзіі да заўзятараў, якія не шанавалі тое, што дзяўчаты зрабілі для каманды, і вінаваціла трэнераў у жаданні разбурыць карʼеры дачок, бо трэнеры нібыта хавалі інфармацыю пра цікавасць з боку агентаў да гульцоў, а ў даважку пагражалі пазбаўленнем стыпендый у выпадку, калі дзяўчаты захочуць сысці.

У апошнім сезоне сёстры не траплялі ў старт, пры гэтым абедзве ўзялі ўдзел у 32 матчах. Сярэднія паказнік Ла Таскі за гульню – 13.5 пунктаў, 3.1 падбора, 2.5 асісты, у Ла Торы – 10.8 пунктаў, 3.8 падборы, 4.8 асісты.

Амерыканкі ўжо прыляцелі ў Мінск. Ла Тора на радасцях падзялілася фатаграфіямі беларускіх грошай.

Дэбют за каманду таксама ўжо адбыўся. У матчы супраць «Гомеля» Ла Тора правяла на паркеце амаль 10 хвілін, за якія паспела набраць 8 пунктаў, 3 падборы і 4 асісты. Яе сястра адзначылася 11 пунктамі, 6 падборамі і 2 асістамі за 17 хвілін.

Наогул, падпісанне амерыканскіх гульцоў, якія толькі скончылі ўніверсітэт, гэта ў нейкім сэнсе пра ката ў мяшку – ніколі не ведаеш ці змогуць навічкі перабудавацца да больш камандай і тактычнай гульні. З іншага боку, сёлетні ўзровень жаночага чэмпіёна Беларусі не назавеш высокім і патрабавальным, асабліва калі гуляць даводзіцца супраць дзяцей.

Другие посты блога

Все посты