Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Белянкоў стабільны ў Краснаярску, а Блізнюк балансуе ў Краснадары. Як праходзіць сезон Лігі ВТБ у беларусаў, якія гуляюць не ў «Мінску»

Белянкоў стабільны ў Краснаярску, а Блізнюк балансуе ў Краснадары. Як праходзіць сезон Лігі ВТБ у беларусаў, якія гуляюць не ў «Мінску»

Траццяк ужо вылецеў з «Астаны».

Аўтар — KentYara98
21 студзеня, 08:14
Белянкоў стабільны ў Краснаярску, а Блізнюк балансуе ў Краснадары. Як праходзіць сезон Лігі ВТБ у беларусаў, якія гуляюць не ў «Мінску»

Пакуль баскетбольны «Мінск» выдае паражэнне за паражэннем у Адзінай лізе ВТБ, перапісваючы свае ўласныя антырэкорды, ёсць у расійскім турніры беларусы, чые каманды паказваюць іншыя вынікі.

Форвард Яўген Белянкоў праводзіць свой другі сезон за краснаярскі «Енісей». Летам 2023-га не падставіла пад сумненне падаўжэнне кантракта ні змена галоўнага трэнера, ні не самае яркае для легіянера выступленне ў сезоне-2022/23 – 5,2 ачка і 1,9 падборы за 18:25 на пляцоўцы.

У гэтым годзе беларускі форвард атрымлівае яшчэ больш даверу ад трэнера Ёвіцы Арсіча – гулец праводзіць на паркеце ў сярэднім 30 хвілін, за якія набірае 7,3 ачкі і 4,7 падбору, а яго каманда сенсацыйна ідзе на пятым радку турнірнай табліцы.

У ананімным апытанні «Спорт-Экспрэса» сярод менеджараў клубаў лігі, у якім прынялі ўдзел усе 14 кіраўнікоў, хтосьці назваў Белянкова лепшым лёгкім форвардам турніру.

Яшчэ адзін беларус, Уладзіслаў Блізнюк, гэтым летам перайшоў у краснадарскі «Лакаматыў». Перад пачаткам сезона ў многіх былі вялікія чаканні як ад клуба, які скончыў папярэдні гульнявы год на вышэйшым для сябе другім радку, саступіўшы чэмпіёнскі тытул УНІКСу, так і ад гульца, які часта ледзь не ў адзіночку цягнуў увесь «Мінск».

Здавалася, Блізнюк, які паспеў прайсці ўсю клубную вертыкаль, пачынаючы ад тады яшчэ «Цмокі-2» праз рэзервовую каманду ў аснову, сапраўды пераседзеў у Мінску. Абаронца дэбютаваў у лізе ў канцы студзеня 2021-га і з тых часоў стабільна з'яўляўся на паркеце.

Аднак для топ-клуба, якім пазіцыянуе сябе «Лакаматыў», гэты невысокі па мерках баскетбола гулец (183 cм) не вельмі падышоў. Яго гульнявы час стабільна падаў: калі ў першых матчах рэгуляркі ВТБ ён атрымліваў у раёне 20 хвілін, то ўжо ў канцы 2023-га – не больш за дзесяць.

Хаця разам з клубам гулец паспеў заваяваць срэбра Суперкубка – новага перадсезоннага турніру пад эгідай ВТБ.У фінале краснадарская каманда саступіла крыўдныя два ачкі «Зеніту».

Блізнюка нават адпраўлялі ў Суперлігу выступаць за маладзёжку (дарэчы, туды ж, паводле нашай інфармацыі, адправіўся экс-гулец «Мінска» Канстанцін Паско), дзе, у яго атрымлівалася крыху лепш, але наўрад ці кіраўніцтву клуба падабаецца плаціць гульцу, які выступае ў « дублі» заробак гульца Лігі ВТБ.

У ананімным апытанні генменеджараў трансфер Блізнюка патрапіў у спіс горшых.

Дарэчы, тут жа ёсць і трансфер гульца зборнай Паўднёвага Судана Коча Бара ў «Мінск». Цэнтравы быў адлічаны з каманды пасля трох матчаў.

А вось трансфер Вадзіма Траццяка ў спіс не патрапіў, хаця цалкам на яго прэтэндаваў.

Падпісанне беларускага абаронцы ў казахстанскую «Астану» першапачаткова выклікала шмат пытанняў. Траццяк і ў «Мінску» далёка не заўсёды трапляў у заяўку, а калі і трапляў, то не часта дабіраўся нават да адзнакі ў дзесяць хвілін на паркеце.

У сталіцы Казахстану сітуацыя была яшчэ горшая – беларус зʼявіўся на паркеце толькі ў верасні 2023-га ў матчы супраць «Уралмаша», ды і то ўсяго на 33 секунды.

Затое нядрэнна спраўляўся з маркетынгавымі абавязкамі, напрыклад, паспеў засвяціцца ў праграме«Від зверху».

21 снежня клуб абʼявіў аб спыненні супрацоўніцтва і Траццяк адправіўся дагульваць сезон у «Гродна-93».

Не гулец, але таксама беларус, Расціслаў Вяргун, які ў сярэдзіне снежня змяніў бядовы «Мінск» на екацярынбургскі «Уралмаш», пачаў сваю працу ў Расіі з перамог.

Пасля 109 паражэнняў у матчах Адзінай лігі ВТБ з экс-«драконамі», з новай камандай ён-такі адчуў смак перамогі ў матчах з «Пармай», «Мінскам» і «Астаной», а вось «Самара» беларускага спецыяліста не парадавала і забрала два ачкі сабе.

Пад кіраўніцтвам Вергуна каманда без паражэнняў дабралася і да 1/4 фіналу Кубка Расіі. У першым матчы чвэрцьфіналу екацярынбуржцы абгулялі краснадарскі «Лакаматыў» і зараз іх чакае сустрэча ў адказ 7 лютага.

Вяртаючыся да ананімнага апытання адзначым, што беларусы ўсплывалі там яшчэ пару разоў. Так, адразу два спецыялісты назвалі Каско лепшым маладым гульцом да 23-гадоў.

А Агунгбемі-Джэксана нехта палічыў самым тэхнічным гульцом лігі.

У спіс лепшых трапіла гасцявая раздзявалка «Мінск-Арэны».

А яшчэ адразу чатыром менеджарам падабаецца Мінск.

Але толькі тром падабаюцца гасцініцы ў нашым горадзе.

Праўда, цікава, як менеджары, якія не падарожнічаюць разам са сваімі клубамі ў нашу сталіцу, вызначалі яе як лепшую па ўсіх гэтых паказчыках.

Але мабыць, самым нярадасным для сталічнай каманды стала трапленне ў спіс каманд з самым непрыемным стылем гульні. Праўда, так палічыў толькі адзін чалавек з 14-ці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты