Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Упершыню за 15 гадоў «Мінск» раздраконілі ў Беларусі: фізічна не пацягнулі, легіянеры не ўратавалі, і іншых непрыемнасцяў хапае

Упершыню за 15 гадоў «Мінск» раздраконілі ў Беларусі: фізічна не пацягнулі, легіянеры не ўратавалі, і іншых непрыемнасцяў хапае

Эпічны вылет з Кубка.

Аўтар — KentYara98
29 снежня, 19:00
Упершыню за 15 гадоў «Мінск» раздраконілі ў Беларусі: фізічна не пацягнулі, легіянеры не ўратавалі, і іншых непрыемнасцяў хапае

Тыя, хто сочыць за беларускім баскетболам, даўно не здзівіць чарговай паразай БК «Мінска» у Лізе ВТБ. Аднак нават гэтыя спрактыкаваныя людзі ў чацвер атрымалі сюрпрыз.

28 снежня на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу РДВАР прайшлі паўфіналы Кубка Беларусі: «Мінск» сустракаўся з «Барысфенам», а «Гродна-93» – з «Рубонам».

Сталічная каманда падыходзіла да розыгрышу не ў найлепшым настроі. І справа не ў 19 паразах і беспрасветным апошнім месцы «Мінска» ў Лізе ВТБ – з гэтым, здаецца, даўно звыкліся і самі гульцы, і іх нешматлікія заўзятары.

Але ж за два тыдні да кубкавай гульні каманду спачатку пакінуў галоўны трэнер Расціслаў Вяргун, пакінуўшы замест сябе не самога амбітнага спецыяліста Аляксея Сухавецкага, а затым у клубе змянілася і кіраўніцтва – паводле інфармацыі «Трыбуны», старшыню клуба Юрыя Шаколу змусілі напісаць заяву на сыход па ўласным жаданні, а на яго месца часова прызначылі дырэктара СДзЮШАР Пятра Івашкова.

Змена кіраўніцтва прайшла ў атмасферы максімальна цішыні – ні федэрацыі, ні «Мінск» навін з гэтай нагоды не далі, а толькі ціха замянілі фатаграфіі на сайце клуба ў раздзеле кіраўніцтва.

Пад нож БФБ патрапіў не толькі Шакола, але яшчэ і дырэктарка па эканамічным развіцці і спартыўным маркетынгу Наталля Калякіна, хуткае звальненне якой звязана з умяшаннем Анастасіі Марынінай. Цяпер апошняя ўзялася і за аддзел маркетынгу, якім кіравала Калякіна – у баскетбольным асяроддзі абмяркоўваюць, што гэта свайго роду помста за слабое асвятленне гульняў каманды па баскетболе 3х3, дзе выступаў сын Марынінай.

(Ян Марынін першы злева)

Да гэтага дадаліся размовы пра тое, што ўслед за камандай па баскетболе 3х3 «Беларуськалій» прафінансуе і стварэнне «вялікай» баскетбольнай каманды, якая заменіць «Мінск» у Лізе ВТБ. Гэтую інфармацыю фактычна пацвердзіў і генеральны дырэктар салігорскай кампаніі Іван Галаваты.

З такім багажом і без траўмаванага Бенжаміна-Паўла Дуду «Мінск» выйшаў на гульню супраць лідара бягучага розыгрышу беларускага чэмпіянату. Не з'явіўся ў выніку на паркеце і расіянін Арцём Забелін, які быў і ў заяўцы, і на лаве запасных.

Што да Магілёва, то яго заўзятары былі вельмі напружаныя. У другой дэкадзе снежня «Барысфен» паспеў прайграць два матчы. І калі параза ад яшчэ аднаго лідара «Гродна-93» толькі злёгку засмуціла фанатаў, то хатняя параза ад «Імпульс-БДУІР» стала сапраўдным шокам. Усё ж ад калектыва, які планаваў навязаць барацьбу дзейнаму чэмпіёну, чакалі іншага выніку.

Увогуле, гульні гэтых супернікаў заўсёды насілі вельмі прынцыповы характар. «Мінску» кожны раз трэба было даказваць, што нягледзячы на правалы на міжнароднай арэне, лепшай каманды ў краіне няма, а «Барысфену» – што яны не проста вечныя лідары турніру ў адсутнасць экс-«Драконаў». Да мінулага розыгрышу чэмпіяната Магілёў смела можна было ўзнагароджваць тытулам вечна другой каманды - раз за разам яна дабіралася да фіналаў, дзе саступала мінчукам. Ну а летась Магілёў прапусціў у фінал «Гродна-93», за што адчайна спрабуе браць рэванш у кожнай сустрэчы бягучага розыгрышу.

Экс-«драконы» жудасна пачалі сустрэчу – чатыры страты і нізкая рэалізацыя кідкоў дазволілі Магілёву адарвацца на 12 пунктаў ужо ў першым адрэзку. У другой дзесяціхвілінцы разгуляўся Андрэй Рагазенка, які ў свой час выступаў за «Мінск», а цяпер бароніць колеры суперніка. Дзякуючы намаганням абаронцы «Барысфен» пайшоў на вялікі перапынак з «+15».

Камбэк гаспадароў здарыўся ў другой палове – «Мінск» невялікімі рыўкамі «з'ядаў» перавагу Магілёва і канцоўцы асноўнага часу меў 76:76. У абедзвюх каманд яшчэ заставаўся шанец не пераводзіць гульню ў авертайм, але спачатку капітан экс-«драконаў» Мікульскі дапусціў прабежку, а затым магілёўскі легіянер Лэйк прыняў максімальна дзіўнае рашэнне «пальнуць» з-за дугі.

Для таго, каб вызначыць пераможцу ў гэтай пары, спатрэбіліся тры дадатковыя гульнявыя адрэзкі, у якіх сваю былую каманду «прыгаварыў» Рагазенка – 108:102. Абаронца набраў за гульню 39 пунктаў і 6 падбораў, зрабіў 9 перадач і 2 перахы. Для параўнання самыя выніковыя гульцы «Мінска» - Мікульскі і Агунгбемі-Джэксан - набралі па 20 пунктаў. Не праявіў сябе легіянер мінчукоў Якаў Чабашак – славенец правёў на паркеце амаль 25 хвілін, не набраў пунктаў і ўвогуле зарабіў «-13». Серб Аляксандэр Зачэвіч таксама не вызначыўся набранымі пунктамі, але правёў на пляцоўцы ў тры разы менш часу.

Сенсацыйнае паражэнне «Мінска», які не прайграваў у Кубку Беларусі з 2008 года, тлумачыцца проста - сталічная каманда на гэты момант аказалася слабейшай.

Пасля гульні выконваючы абавязкі галоўнага трэнера «Мінска» Аляксей Сухавецкі апраўдваўся тым, што мінчукі не былі гатовыя да такой фізічнай барацьбы. Пры гэтым ягоны візаві з Магілёва Андрэй Крыванос угледзеў добры баскетбол у выкананні суперніка:

«Найлепшае ў сённяшнім матчы – мы перамаглі адну з топавых каманд нашай краіны, якая сапраўды паказвае добры баскетбол. У барацьбе з такімі супернікамі мы будзем расці самі».

Гэта паражэнне правяло тлустую рысу пад поспехамі «Мінска» на ўнутранай арэне: упершыню за апошнія 15 год ў Беларусі будзе іншы ўладальнік Кубка краіны. 29 снежня тытул разыграюць «Барысфен» і «Гродна-93», які перамог «Рубон».

Іншыя пасты блога

Усе пасты