none
Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/У «Прэсболе» выкрылi «прасоўванне сваякоў» у «Мiнску», а трэнер з нулём перамог падаецца героем. Але смак у тым, хто аўтар тэксту

У «Прэсболе» выкрылi «прасоўванне сваякоў» у «Мiнску», а трэнер з нулём перамог падаецца героем. Але смак у тым, хто аўтар тэксту

Хітраспляценні белбаскетбола.

Аўтар — KentYara98
20 снежня, 09:00
2
У «Прэсболе» выкрылi «прасоўванне сваякоў» у «Мiнску», а трэнер з нулём перамог падаецца героем. Але смак у тым, хто аўтар тэксту

Пасля 16-й паразы ў 16 матчах расійскай Лігі ВТБ у баскетбольным «Мінску» здарыліся перамены. 14 снежня клуб абвясціў, што яго пакiнуў галоўны трэнер Расцiслаў Вяргун – «па дамове бакоў».

Пасля гэтага «Трыбуне» стала вядома, што працы пазбавiўся i старшыня клуба Юрый Шакола, які займаў сваю пасаду з 2014-га года (пазней мы даведалiся, што на яго месца прыйшоў дырэктар СДЮШАР Пётр Івашкоў).

А 19 снежня на змяненнi адрэагавалi ў «Прэсболе» – свой артыкул выпусцiў намеснiк галоўнага рэдактара, ветэран выдання Аляксандр Дабрыян, якi спецыялiзуецца на баскетбольнай тэматыцы. І яго версія выкладу падзей моцна адрознівалася ад афіцыйнай. Дабрыян паведаміў чытачам, што Вергун сышоў у «добраахвотную адстаўку» – «спадзяваўся, што яна ўзбадзёрыць гульцоў, запаліць агонь у іх вачах», і наогул, маўляў, «паступіў па-мужчынску, узяўшы на сябе ўсю адказнасць за правальны старт каманды».

Пры гэтым Вергун у правале, калі паверыць Дабрыяну, зусім і не вінаваты – трэнер нібыта «нязменна атрымліваў высокія адзнакі ад самых дасведчаных калег з топ-клубаў», але ў яго «вычарпаўся рэсурс цярпення і веры ў тое, што кіраўніцтва кардынальна зменіць погляд на селекцыйную працу і ўзмоцніць склад якаснымі баскетбалістамі, без якіх лёс «Мінска» – марнець у таблічным падвале». Асобна раскрытыкаваў Дабрыян такія «малаэфектыўныя крокі», як арэнду серба Аляксандра Зечавіча (у яго, маўляў, больш правальных гульняў, чым паспяховых) і падпісанне расіяніна Арцёма Забеліна, якому трэба «шмат часу, каб набраць годную форму».

Зусім інакш Дабрыян адазваўся пра адстаўку Шаколы – напісаў, што той «вымушаны пакінуць пост», і гэта «лагічны вынік» таго, што «да якасці яго працы назапашваліся пытанні». Пасля гэтага аўтар «Прэсбола» задаўся пытаннем, ці не паспяшаўся з сыходам Вергун (як быццам без Шаколы ўсё б iмгненна выправiлася). Яшчэ адзін укол у бок функцыянера – прапісаная Дабрыянам надзея, што новы старшыня клуба акажацца «талковым, пісьменным, сучасным спецыялістам, не схільным да жадання прасунуць па службовай лесвiцы сваякоў».

Вось такую адназначную карціну становішча «Мінска» намаляваў Дабрыян – аднак, як стала вядома «Трыбуне», справы ў клубе шлi інакш. Паводле нашай інфармацыі, у апошнія гады пошукам гульцоў для «Мінска» і перамовамі з імі займаўся не Шакола, а якраз Вяргун – дэ-факта ён выконваў ролю спартыўнага дырэктара пасля сыходу з тады яшчэ «Цмокаў» Ягора Мешчаракова. Больш за тое, адразу тры гульцы «Мінска» маюць кантракты з тым жа агенцтвам, што і Вергун. Alti Sport (запраўяе там сербскі агент Абрад Фіміч) прадстаўляе Джарэда Агунгбемі-Джэксана, Якава Чабашака і Рыгора Матавілава – ды яшчэ Коча Бара, якога ў «Мiнск» падпiсалi летам, але адчапілі ўжо пасля трох матчаў у лізе ВТБ.

Да таго, ці «па-мужчынску» Вяргун пакінуў «Мiнск», таксама ёсць пытанне – яго раставанне з клубам адбылося неўзабаве пасля звальнення галоўнага трэнера «Уралмаша». За гэтым адразу пайшлi навіны, што Вяргун знаходзіцца ў прасунутай стадыі перамоваў з расійскай камандай, якую ў вынiку i ўзначалiў. У папярэднім сезоне, калі «Мiнск» абнавіў антырэкорд лігі па колькасць паражэнняў, жадання «сысцi, узяўшы на сябе ўсю адказнасць», у трэнера чамусьцi не ўзнікла.

Але, бадай, самае смешнае – гэта рэмарка Дабрыяна пра «прасоўванне сваякоў». Прэсболавец абвiнавацiў у iм Шаколу – думаецца, меў на ўвазе Наталлю Калякіну, якая займае ў клубе пасаду дырэктара цэнтра эканамічнага развіцця і спартыўнага маркетынгу. Так, Калякіна і Шакола даўно знаходзяцца ў адносінах і не ўтойваюць гэтага. Але жанчына займае сваю пасаду ўжо амаль сем гадоў – i нешта вострых матэрыялаў на гэтую тэму ад «Прэсбола» раней не было вiдаць.

А вось факт, пра які Дабрыян у апошнiм матэрыяле не згадаў: яго дачка шмат гадоў працавала ў «Мінску» – у тым ліку пад кіраўніцтвам той самай Калякінай. Але, што яшчэ больш цiкава, дачка аўтара «Прэсбола» – жонка Вергуна і маці яго другога сына. Так-так, «героем» на роўным месцы трэнер паўстае ў матэрыяле ўласнага цесця. Цi не заўважыць Дабрыян «прасоўвання сваякоў» у гэтым накiрунку?

Іншыя пасты блога

Усе пасты