Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Сёння мужчынскі баскет у Беларусі выглядае як днішча. А ці ёсць чым у ім ганарыцца? Ёсць, але то было вельмі даўно

Сёння мужчынскі баскет у Беларусі выглядае як днішча. А ці ёсць чым у ім ганарыцца? Ёсць, але то было вельмі даўно

Як толькі краіна стала незалежнай.

Аўтар — Pam-pam
5 лютага, 16:24
1
Сёння мужчынскі баскет у Беларусі выглядае як днішча. А ці ёсць чым у ім ганарыцца? Ёсць, але то было вельмі даўно

Сачыць за навінамі пра беларускі мужчынскі баскетбол сёння проста балюча. Зборная знаходзіцца пад санкцыямі і нідзе не гуляе, а галоўны клуб краіны прабівае адно дно за другiм – «Мінск» паўтарыў антырэкорд Лігі ВТБ па колькасці паражэнняў ад пачатку сезона і па колькасці паражэнняў запар (гэтыя «дасягненні» першай устанавіла грузінская «Віта»). Больш за тое, пачынаючы з сезона-2014/15, калі турнір перайшоў на паўнавартасную двухколавую «рэгулярку», яшчэ не было каманды, якая скончыла б гэты этап з нулём у графе «перамогі». Цяпер такая ёсць – так, гэта таксама «Мінск». 26 паражэнняў у 26 матчах за два колы – проста «бліскучы» рэгулярны сезон (ён ужо завяршыўся).

Наперадзе ў экс-«драконаў» другая стадыя, дзе яны могуць паспрабаваць зачапіць нейкую гульню, але, што больш верагодна, могуць і абнавіць найгоршае дасягненне за ўсю гісторыю турніру.

Мужчынскі баскетбол даўно не дае беларусам нагодаў для радасці. Ды і ў прынцыпе вялікіх дасягненняў, каб ганарыцца, тут не так шмат. Але яны ўсё ж былі.

Беларуская федэрацыя вельмі любіць узгадваць перамогу на моладзевым Еўрабаскеце-1994 (да яе мы яшчэ вернемся). Але не менш значная для нашага баскетбола падзея здарылася за год да таго, калі зборная Беларусі прыехала на сваю першую кваліфікацыю чэмпіянату Еўропы ў польскі Вроцлаў.

Аснову той каманды складалі гульцы сталічнага РТІ і РТІ-2 – і гэта было вялікім плюсам: трэнерскаму штабу не трэба было наладжваць камандныя ўзаемадзеянні з нуля. Упэўненасці дэбютантам кваліфікацыі дадавалі Валерый Дайнека, які пагуляў за зборную СССР (пасля змяніў грамадзянства на расійскае), і Аляксандр Сатыраў. За энергію адказвалі маладыя Андрэй Крыванос, сёння трэнер магілёўскага «Барысфена», Аляксей Пынцікаў, асістэнт Наталлі Трафімавай у «Гарызонце», і Алег Юшкін, які ўжо шмат гадоў жыве ў Адэсе. А яшчэ Аляксандр Радзівонаў, Генадзь Кузняцоў, Аляксей Альшэўскі, Сяргей Светнік, Руслан Байдакоў, Аляксандр Куль і Андрэй Клемезь.

Беларусы трапілі ў групу з вопытнымі палякамі і літоўцамі, якія за год да гэтага сталі бронзавымі прызёрамі Алімпіяды ў Барселоне. Менавіта з літоўцамі і трэба было правесці першы матч. Так, супернік прыехаў без сваёй галоўнай зоркі Арвідаса Сабоніса, затое на месцы былі Вальдэмарас Хомічус, Шарунас Марчулёніс і Артурас Карнішовас – вельмі прыкметныя гульцы па тых часах (калі не верыце, можаце загугліць).

Нашая каманда на тым міні-турніры выглядала самай беднай. Форма была таннай і больш пасавала для заняткаў боксам. Але баскетбалістаў гэта мала хвалявала – на адным з першых турніраў, куды дабралася каманда ўжо суверэннай дзяржавы, усім хацелася сябе праявіць. І ўжо ў стартавым матчы гэта з бляскам удалося.

Так, супернікам была тая самая Літва. Падапечныя Аляксея Шукшына вялі 1 пнкт да вялікага перапынку (43:42), а ў другой палове нарасцілі перавагу і атрымалі сенсацыйную перамогу 88:80, пакінуўшы літоўцаў без чэмпіянату Еўропы.

Пасля такога можна было падумаць, што камандзе ўсё па плячы. Але далей беларусы саступілі Польшчы 75:81. У фінальны раўнд кваліфікацыі ўсё ж удалося трапіць дзякуючы добраму «плюс-мінусу», аднак там не знайшлося ніякіх аргументаў супраць Украіны (61:80), Харватыі (72:112) і Латвіі (79:93). Еўрабаскет-1993 прайшоў без беларусаў, як і ўсе наступныя кантынентальныя турніры.

Дзіўна, але ўжо праз год той самы трэнер Шукшын, які стварыў сенсацыю з нацыяналкай, ледзь не закрыў дзверы на Еўра моладзевай зборнай Беларусі, якую трэнаваў таксама ён. Спецыяліст заявіў, што не бачыць перспектывы ў камандзе, і добраахвотна пакінуў пасаду, а на яго месца прыйшоў Аляксандр Барысаў.

Да турэцкай Бурсы, дзе праходзіла кваліфікацыя да моладзевага Еўрабаскета-1994, праз праблемы з фінансамі зборная дабіралася аўтобусам. Гульцам пашанцавала з вынаходлівымі кіроўцамі, якія развінцілі сядзенні і зрабілі нешта накшталт спальных месцаў, бо дарога заняла тры дні. Пра адпачынак у гатэлях тады ніхто не думаў.

Нягледзячы на складаны «трып», у першай жа сустрэчы беларусы «вынеслі» чэхаў 86:62, а потым расправіліся з румынамі (86:66). Справіцца не ўдалося толькі з гаспадарамі-туркамі (66:72), затое матч супраць Польшчы не выклікаў асаблівых праблем (87:71). Так беларусы з другога радка прайшлі ў асноўны раўнд чэмпіянату Еўропы.

Там па выніках лёсавання яны апынуліся ў групе «А», куды трапілі тры паўфіналісты папярэдняга Еўрабаскета (Грэцыя, Ізраіль і Францыя), гаспадыня турніру Славенія плюс Фінляндыя. Якраз фіны і беларусы ў групе лічыліся яўнымі аўтсайдарамі. Акрамя таго, лідар беларускай зборнай Руслан Байдакоў незадоўга да адʼезду зламаў руку, але ўсё роўна адправіўся на турнір і гуляў у фіксатары.

У дэбютнай гульні Славенія абыгрывала Беларусь на працягу практычна ўсіх 40 хвілін, але ўпусціла перамогу ў асноўны час. Сваімі 40 пунктамі дапамог той самы траўмаваны Байдакоў. Праўда, авертайм абодва лідары зборнай – Байдакоў і Куль – завяршылі датэрмінова праз персанальныя заўвагі. Затое на першы план выйшаў Аляксандр Радзівонаў: паклаў «трошку» за тры секунды да сірэны і прынёс перамогу беларусам.

За гэтай феерыяй рушыла паражэнне ад грэкаў (87:98), перамога над фінамі (84:47) і пройгрыш ізраільцянам (65:81). Лёс другой пуцёўкі ў паўфінал вырашаўся ў матчы зборных Беларусі і Францыі – для далейшага праходу нашай «моладзеўцы» была патрэбная не проста перамога, а з розніцай ад 18 пунктаў. Фінальная сірэна зафіксавала «+22»!

Здавалася, нашая каманда ўжо здзейсніла немагчымае, а наперадзе топавыя іспанцы. Супернік размазаў беларусаў у першай палове, пайшоўшы на перапынак з 20-пунктавым гандыкапам. Але падапечныя Барысава здзейснілі неверагодны камбэк, а дзякуючы двум дакладным штрафным Байдакова ў канцоўцы зборная Іспаніі засталася без фіналу – 69:67!

На фоне такога паўфіналу матч за чэмпіёнскі тытул супраць Італіі атрымаўся не такім варʼяцкім, затое пераможным для беларусаў – 96:91!

Цяпер такое цяжка ўявіць, але ў гонар чэмпіёнаў быў узняты нацыянальны і на той момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг.

Пасля тых падзеяў мінула тры дзесяцігоддзі, а дасягненняў у беларускага мужчынскага баскетбола не дадалося. Нашы гульцы так ні разу і не адабраліся на міжнародны турнір. Бліжэй за ўсё да выхаду на Еўрабаскет каманда была летам 2016-га – у заключным матчы сустракалася з аўтсайдарам групы Партугаліяй, але нечаканае прайграла 62:77 і пазбавіліся шанцу на дэбют.

У 2019-м нейкае падабенства поспеху стварыла мужчынская каманда па баскетболе 3х3 – падапечныя Дзмітрыя Калтунова заваявалі бронзу дамашніх Еўрапейскіх гульняў, перамогшы славенцаў, эстонцаў, сербаў і палякаў. Толькі вось ужо праз год аднаго з аўтараў той перамогі, Мікіту Мешчаракова, выключылі з каманды за падтрымку простых беларусаў.

На клубным узроўні вялікіх поспехаў таксама няма. Галоўныя дасягненні «Мінска» на міжнароднай арэне зводзяцца да чвэрцьфінала Еўрачэленджа ў сезоне 2013/14 і чвэрцьфінала Кубка ФІБА ў сезоне 2019/20, але гэта далёка не топавыя кантынентальныя турніры.

Зрэшты, пакуль мужчынскі баскетбол у Беларусі коціцца ўніз, рэжымныя чыноўнікі расказваюць пра развіццё.

Спадзяванні на бліжэйшы час звязаны з канкрэтнымі персаналіямі. Яўгену Масальскаму ўдалося патрапіць у «Остын Сперс» з G-legue, Максім Салаш не згубіўся ў французскім «Бургу», а Дзмітрый Рыўны пачаў прафесійны шлях у партугальскай «Віторыі». Герман Плотнікаў пакуль спрабуе сілы ў NCAA1.

Сочым за нашымі ў замежных лігах. Раптам нехта з іх аднойчы парадуе?

Іншыя пасты блога

Усе пасты