Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Жаданне кайфаваць кожны дзень, прыслухоўванне да свайго цела, час у цішыні – правілы жыцця Кацярыны Сныцінай

Жаданне кайфаваць кожны дзень, прыслухоўванне да свайго цела, час у цішыні – правілы жыцця Кацярыны Сныцінай

Парады і досвед адной з найлепшых баскетбалістак Беларусі

Аўтар — Замір Закіеў
22 верасня, 11:59
Жаданне кайфаваць кожны дзень, прыслухоўванне да свайго цела, час у цішыні – правілы жыцця Кацярыны Сныцінай

Кацярына Сныціна застаецца адной з нешматлікіх дзеючых баскетбалістак той паспяховай зборнай Беларусі, якая брала бронзу на чэмпіянаце Еўропы і выходзіла на Алімпійскія гульні. У кар'еры беларускі хапала розных эпізодаў: цяжкая траўма, 15 змен клубаў, перамогі ва ўнутраных чэмпіянатах і на міжнароднай арэне, станаўленне капітанам нацыянальнай каманды і падтрымка беларускага народа ў 2020-м.

Складаны шлях выбудаваў у Кацярыне пэўныя правілы, якія дапамагаюць ёй у прафесійнай кар'еры і ў звычайным жыцці. Імі яна і падзялілася з «Трыбунай».

Мяне матывуе жаданне жыць шчаслівае жыццё

– У 25 гадоў пасля дзвюх аперацый на ахіл і стрэсавага пералому, калі я год не магла бегаць і ў суме на два выбыла са спорту, я ўсвядоміла, што маё цела не вытрымлівае майго жадання «быць лепш за ўсіх, забіваць больш за ўсіх, усіх абыграць, а для гэтага больш за ўсіх трэніравацца». У той перыяд з'явілася ўсведамленне, што я жыла ў пастаянным стрэсе, але больш так не хачу. Хачу кайфаваць кожны дзень.

Параза – гэта магчымасць

– Калі б не мае траўмы, то я б не ператварылася ў таго гульца, якім мяне ведаюць людзі цяпер. У мяне ёсць правіла пасля прайгранага матча – хвалявацца максімум 20 хвілін. Гэта нялёгка, але я выкладваюся на ўсе 100%. Калі мы прайграем, але я ведаю ўнутры сябе, што сёння зрабіла ўсё магчымае, то праз 20 хвілін я ўжо ў стане ўсміхацца і адчуваць задавальненне ад гульні. Такія ж прынцыпы і ў жыцці.

Я не адчуваю ментальна, што гэта мой 21-ы сезон, я ўсё яшчэ кайфую ад баскетбола

– Не толькі ад верхавіны айсберга – гульні, але і ад усяго працэсу да яе – трэніроўкі, час з камандай, прагляд паядынкаў, падарожжа, медыя дні. Я не кажу, што гэта лёгка, але я ад гэтага кайфую.

З 25 гадоў я пачала вельмі моцна прыслухоўвацца да сябе і свайго цела

– На сваім шляху мне пашчасціла папрацаваць з найлепшымі трэнерамі па фізпадрыхтоўцы, найлепшымі масажыстамі і найлепшымі дактарамі (амаль усе з іх беларусы). Працуючы з імі, я лепш пазнала сябе і сваё цела. Гэта дазваляе мне, у выпадку чаго, у новых камандах адмаўляцца ад мясцовых спецыялістаў і займацца па ўласнай праграме. Але браць такую адказнасць перад трэнерам і камандай магчыма, толькі маючы такі запас вопыту і ведаў.

Што дапамагала не здавацца? Вера ў тое, што я класная баскетбалiстка, і ў мяне ўсё атрымаецца

– Калі цяпер не атрымліваецца, то гэта яшчэ не канец і атрымаецца пазней. Магчыма, нават у нейкім іншым выглядзе. У дзіцячым спорце ты пад пастаянным прэсінгам з немагчымасцю зрабіць нават адну памылку. Калі б я з будучыні сказала сабе з мінулага «ды не хвалюйся ты так», то хутчэй за ўсё, маленькая я проста б паслала на тры літары. Але добра, што я змагла сябе пераканаць. Калі я прамазала, то гэта не значыць, што я дрэнная баскетбалістка, гэта проста азначае, што я прамахнулася.

Я не ўсведамляла, наколькі мне дапамагае спорт з ментальным здароўем, пакуль не пачаліся пратэсты ў 2020 годзе

– Спорт дапамагаў адключацца ад усяго жаху на 2-3 гадзіны трэніроўкі. Спорт і тут дапамагае зразумець, што нават калі сёння не атрымліваецца перамагчы, то гэта не значыць, што не атрымаецца заўтра.

Бывалі дні, калі ўзровень стрэсу проста зашкальваў, калі здавалася, што я звар'яцею, калі я не спала па тры дні, але ў выніку я знайшла тое, што працуе для мяне. Як у жыцці, так і ў спорце.

Мне важна пабыць часам у цішыні

– Я паменшыла колькасць інтэрв'ю і мерапрыемстваў, не ўпускаю ў сваё кола людзей з негатыўным або песімістычным вайбам, я праводжу больш часу на прыродзе, гляджу на неба, запісваю кожны дзень словы падзякі, таму што лічу, што чалавеку заўсёды ёсць за што быць удзячным.

Яшчэ ў 14 гадоў я прачытала фразу Дэйла Карнегі: «Я быў прыгнечаны горам, таму што ў мяне не было абутку. Але гэта доўжылася толькі да таго часу, пакуль я не сустрэў чалавека, у якога не было ног». Гэта вельмі выцвярэжвае і дапамагае адчуваць падзяку кожны дзень.

Таму дзякуй «Трыбуне» за гэта інтэрв'ю і вашу працу, дзякуй баскетболу за магчымасць жыць такое цікавае жыццё, дзякуй кожнаму, хто трапляўся на маім шляху, таму што кожны з вас паўплываў на мяне!

Іншыя пасты блога

Усе пасты