Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/У ЧБ па баскетболе адна каманда перамагла іншую з розніцай 100+ пунктаў. Гэта ўвогуле як?!

У ЧБ па баскетболе адна каманда перамагла іншую з розніцай 100+ пунктаў. Гэта ўвогуле як?!

І пры чым тут дзеці.

Аўтар — KentYara98
26 кастрычніка, 20:31
1
У ЧБ па баскетболе адна каманда перамагла іншую з розніцай 100+ пунктаў. Гэта ўвогуле як?!

Чэмпіянат Беларусі па баскетболе – турнір даволі прадказальны. У мужчын ужо 15 гадоў галоўны тытул дастаецца экс-«Цмокам», то-бок сённяшняму БК «Мінску». У жанчын ужо тры сезоны дамінуе «Гарызонт», які ссунуў з залатога подыўма «Мінск». Інтрыгі хапае толькі на размеркаванне срэбра і бронзы.

Але прадказальнасць – гэта не адзіная праблема беларускага турніру. На днях жаночая каманда «Мінска» разграміла дубль «Гомельскіх рысяў» з розніцай 102 (!) пункты. Пры гэтым госці з поўдня краіны ўмудрыліся 51 раз страціць мяч. Людзям, якія не сочаць за белбаскетам, такі вынік можа падацца дзіўнай выпадковасцю, анамаліяй, аднак, гэта не так. Справа ў тым, што ў апошнія гады ў чэмпіянаце краіны разам гуляюць не толькі «галоўныя» каманды, але і іх дублі. І калі ў сезоне-2016/17 юныя «зменшчыцы» былі толькі ў «Гарызонта» і «Алімпіі», а ўсяго ў турніры выступала сем каманд, то ў наступныя сезоны дублі з'явіліся ў «Мінска» і «Гомельскіх рысяў». Плюс дадалася каманда РДВАРа.

Сярэдні ўзрост гэтых каманд уражвае не менш, чым вынікі: у гродзенскай «Вікторыі» ён складае 14.4 гады, прычым адразу тром баскетбалісткам 14 споўніцца толькі ў наступным месяцы, у мінскага РДВАРа - 15.3, у «Гарызонта-2» - 16.5, у «Гомельскіх рысяў» - 16.03. На гэтым фоне вылучаецца «маладзёжка» «Мінска» са сваім прыстойным сярэднім паказнікам 18.2 гады. Тут жа можна адзначыць і брэсцкую «Вікторыю», якая хоць і не мае дубля, затое мае ў складзе толькі двух дзяўчын старэйшых за 16 гадоў.

На выхадзе у нас ёсць турнір, дзе перамогі ў «40+» пунктаў даўно сталі нормай:

У мужчынскім чэмпіянаце сітуацыя падобная: у апошнія два гады да дубляў «Мінска» (а ў яго іх на дзве каманды плюс РЦАП СДзЮШАР, якая складаецца з гульцоў дзіцячай школы мінчан) дадаліся «маладзёжкі» з Магілёва, Віцебска і Гомеля. Але фармат турніру некалькі іншы - каманды ад самага пачатку падзеленыя на дзве групы і перасякаюцца толькі на стадыі гульняў кваліфікацыі да 1/4 фіналу, таму матчы з дзіўным лікам хоць і здараюцца, але са зменай фармату ўсё радзей.

Не вядома, якую мэту мае беларуская федэрацыя, дадаючы дзіцячыя каманды ў дарослы чэмпіянат, але наўрад ці такі спосаб дапаможа ўзрасціць новых Леўчанку, Марчанку і Сныціну.

Фота: БК «Мінск», БК «Гарызонт», БФБ

Іншыя пасты блога

Усе пасты