Tribuna/Іншыя/Блогі/Спорт и бизнес/Самыя паспяховыя бізнесмены Беларусі звязаныя са спортам: босы ў федэрацыях, займаюцца «палітыкай», запрашаюць Крыша як прома

Самыя паспяховыя бізнесмены Беларусі звязаныя са спортам: босы ў федэрацыях, займаюцца «палітыкай», запрашаюць Крыша як прома

Пра каго з іх чулі?

21 снежня, 09:19
Самыя паспяховыя бізнесмены Беларусі звязаныя са спортам: босы ў федэрацыях, займаюцца «палітыкай», запрашаюць Крыша як прома

Выданне «Беларусы і рынак» прадставіла абноўлены рэйтынг самых паспяховых бізнесменаў Беларусі ў 2023 годзе. Не абышоўся топ-100 без прадпрымальнікаў, звязаных з беларускім спортам.

Размеркаванне месцаў у рэйтынгу залежала, па-першае, ад кошту бізнесу. Валоданне і памер долі ў бізнесе выяўляліся на падставе звестак рэжымнага Мінюста або рэгіструючых органаў іншых краін, плюс праз іншыя адкрытыя крыніцы і інсайдарскую інфармацыю.

Да таго ж улічвалася экспертная ацэнка ўплыву ўласніка бізнесу ў галіне і эканоміцы ў цэлым і ягоныя магчымасці праз неэканамічныя камунікацыі з рэжымнымі рэгулятарамі ўплываць на захаванне або павелічэнне гэтага ўплыву.

У топ прымалі па эканамічных выніках 2022-га і першай паловы 2023 года.

Аляксандр Машэнскі

У адной пазіцыі ад топ-3 спыніўся генеральны дырэктар «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі. Сукупная выручка ягоных кампаній на расійскім рынку за 2022 год склала 1 млрд долараў. А чысты прыбытак – 10 млн долараў.

Праз пагрозу санкцый бізнесмен перавёў частку сваіх актываў на дачку Яну, якая жыве за мяжой. Імпарцёр рыбнай прадукцыі Santa Tradе, які належыць ёй, па выніках таго ж 2022 года ўзначаліў спіс самых буйных па выручцы кампаній, створаных беларусамі ў Літве. Выручка за год вырасла больш чым на траціну (да 138 млн еўра), а чысты прыбытак - амаль у 5 разоў (перавысіла 3 млн еўра).

Бізнесмен сумяшчае пасаду кіраўніка кампаніі з пасадай старшыні Беларускай федэрацыі веславання (курыруе тольки акадэмічны кірунак). На чале БФГ ён ужо 10 гадоў.

У 2010-м Машэнскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 года. А яшчэ прадпрымальнік вельмі ўмела ўхіляецца ад санкцый. У тым ліку і таму, што ён з'яўляецца ганаровым консулам у Ісландыі:

На сёння акадэмічныя весляры з Беларусі маюць толькі адну ліцэнзію на Алімпіяду - у верасні на чэмпіянаце свету Яўген Залаты заехаў на сёмае месца ў адным з фіналаў, і гэтага хапіла, каб атрымаць гіпатэтычны пропуск у Парыж (але туды яшчэ беларусаў могуць і не пусціць).

Валянцін Байко

На 33-м месцы ў рэйтынгу размясціўся намеснік дырэктара «Контэ Спа» Валянцін Байко. Кампанія займаецца вытворчасцю адзення, бялізны, панчошна-шкарпэткавых вырабаў. У «Контэ Спа» выручка за першае паўгоддзе 2023-га вырасла на 25% і склала звыш 55 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак галаўной кампаніі групы павялічылася ў пяць разоў – да 35 млн долараў. Прычым больш за трэць у гэтай суме склалі даходы ад удзелу «Контэ Спа» ў іншых бізнесах.

Са спортам Байко звязвае пасада старшыні ў Беларускай федэрацыі каноэ. У прадстаўнікоў гэтага віда спорту пакуль няма алімпійскіх ліцэнзій, і турніраў, каб іх заваяваць, засталося ўсяго нічога. У траўні ў Венгрыі пройдзе турнір, дзе на кожнай дыстанцыі будуць "разыграныя" па два допускі для адзіночак і па адным - для двоек. Моцная беларуская жаночая чацвёрка на Гульні ўжо дакладна не адбярэцца.

Зрэшты, самога Байко гэта можа і не надта цікавіць, бо ён акрамя бізнесу і кіравання федэрацый займаецца, так мовіць, яшчэ і палітыкай. Прама цяпер ён, як той жа былы хакейны дзеяч Дзмітрый Баскаў, з'яўляецца сябрам рэжымнага «Савета Рэспублікі», які ўзначальвае Наталля Качанава.

Аляксандр Цэнцер

9-е месца ў рэйтынгу заняў заснавальнік і кіраўнік інвестыцыйнай групы кампаній Astocap Аляксандр Цэнцер. Яна кіруе актывамі на звыш як 50 млн долараў у пяці краінах свету. Галоўны праект Цэнцера ў Astocap – гэта група аператараў зарадных станцый для электрамабіляў ва Усходняй Еўропе 4EVo.

Да 2021-га Цэнцер займаў пасаду старшыні наглядальнай рады Групы кампаній «А-100», але пакінуў пасаду і пераехаў у ЗША, сканцэнтраваўшыся на вучобе ў Harvard Business School і на новых інвестыцыях па-за межамі Беларусі. Тым не менш, сетка заправак застаецца адным з ягоных праектаў у РБ, хаця бізнесмен спрабаваў прадаць яе.

З беларускім спортам прадпрымальніка звязвае федэрацыя авіяцыйнага спорту. Там ён займае пасаду старшыні з 2013 года. Яшчэ ў свой час Цэнцер атрымаў досвед супрацы з хакейным «Дынама» - выглядала на тое, што каб аднавіць будоўлю ў самым цэнтры сталіцы, давялося фінансаваць клуб.

Іван Монцік

На 21-й пазіцыі рэйтынгу размясціўся саўладальнік SoftSwiss Іван Монцік. Ягоны бізнес ацэньваецца не менш як у 1 мільярд еўра. Кампанія Монціка займаецца праграмнымі рашэннямі для анлайн-казіно і бетынгавага бізнесу.

Павел Белы

У топ-35 рэйтынгу ўвайшоў экс-хакеіст зборнай Беларусі Павел Белы – сын былога кіраўніка мінскага «Дынама» Аляксандра Белага. Бізнесмен з'яўляецца ўласнікам будаўнічай фірмы «Тапас». У прыватнасці, фірма будуе квартал «Алімпік парк» у Драздах.

Гэтым летам Белы сутыкнуўся з праблемамі. 19 ліпеня зʼявілася інфармацыя пра ягонае затрыманне за адмову плаціць падатковы штраф, які яму налічылі рэжымныя структуры. Як паведамляла крыніца «Зеркала», перад трапленнем за краты ў фірмы Белага зʼявіліся праблемы, якія звязваюць з ягоным сыходам з хакейнай каманды Лукашэнкі. Праўда, праз тры дні экс-хакеіста адпусцілі, але крымінальную справу не спынілі, абавязаўшы выплаціць штраф.

Сяргей Бруй, Антон Ярашук, Вінцэнт Найдзен

З 46-га па 48-е месца занялі саўладальнікі Vizor Games: Сяргей Бруй, Антон Ярашук і Вінцэнт Найдзен. Асноўнай сферай дзейнасці кампаніі з'яўляецца распрацоўка гульняў для мабільных тэлефонаў і іх продаж праз анлайн-крамы App Store і Google Play. У 2020-м і ў 2021-м гадавая выручка Vizor Games з гэтых крыніц перавышала 100 мільёнаў долараў. Але ў 2022-м выручка аказалася меншай за гэты парог, і да кампаніі наблізіліся беларускія канкурэнты, якія раслі больш хуткімі тэмпамі, - BPMobile і Flo Health.

Сярод праектаў Vizor Games знаходзіцца футбольны сімулятар UFL, у які зусім нядаўна інвеставаў Крышціяну Раналду.

Акрамя таго, Ярашук стаў адным з сузаснавальнікаў кампаніі-вытворцы спартыўных ровараў Forestal Bikes, якая знаходзіцца ў Андоры. Экзэмпляры ад гэтага брэнда каштуюць ад пары тысяч еўра, але можна адшукаць і 10-15 тысяч (так, гэта не памылка друку).

Іншыя пасты блога

Усе пасты