У футбол ад IT-кампаніі з Беларусі ўклаўся Крышціяну, а спачатку ён стаў амбасадарам
Здаецца, будзе і беларуская агучка.
У сярэдзіне мінулага года мы расказвалі пра амбітны праект беларускай IT-кампаніі Vizor Games, якая спецыялізуецца на распрацоўцы камп'ютарных гульняў. Vizor Games хацела стварыць бясплатны футбольны сімулятар, які мусіў скласці канкурэнцыю FIFA. Новая гульня атрымала назву UFL.
Стваральнікі абяцалі, што ў UFL карыстачы змогуць ствараць свае футбольныя клубы, набіраць у сваю каманду з больш як 5 тысяч ліцэнзаваных футбалістаў і спаборнічаць з іншымі геймерамі па ўсім свеце.
Прасоўванне праекта ўражвала не менш планаў. У партнёрах з'явіліся прэміяльныя каманды «Вест Хэм» і «Барусія» з Мёнхэнгладбаху. Акрамя таго, кампанія заручылася падтрымкай такіх зорак як Аляксандр Зінчанка, Рамэлу Лукаку, Раберта Фірміна і Кевін дэ Бруйне. Аднак самым зорным спартсменам, які прарэкламаваў гульню, стаў пяціразовы ўладальнік залатога мяча Крышціяну Раналду.
Пасля гучнай навіны аб супрацы з Раналду наступіла некаторае інфармацыйнае зацішша, хаця распрацоўшчыкі больш-менш рэгулярна у фармаце відэадзённіка распавядалі ў сябе на YouTube-канале пра тое, як прасоўваецца працэс. Напрыклад, з вераснёўскага відэа карыстальнікі даведаліся, чые галасы яны пачуюць падчас матчаў. Прыемны момант - у роліку ёсць эпізод з беларускай агучкай, а ў кадры з'яўляецца спартыўны каментатар Арташэс Антанян.
У роліку, які выйшаў тры тыдні таму, прадстаўнікі кампаніі расказвалі, што ўжо блізкія да таго, каб упершыню распачаць тэставанне гульні карыстальнікамі. Збор заявак ад ахвочых праходзіў праз сайт гульні. Планавалася набраць трыста чалавек, каб яны гулялі адначасова.
Ну а 12 снежня Vizor Games выпусцілі чарговую інфармацыйную бомбу. Як аказалася, Раналду вырашыў не абмяжоўвацца роляй пасла гульні. Культавы партугалец яшчэ і паўдзельнічаў у інвестыцыйным раўндзе на 40 мільёнаў долараў у кампаніі з іншымі інвестарамі. Праўда, памер унёска футбаліста не называецца.
У Vizor Games падкрэсліваюць, што ўдзел спартсмена выходзіць за межы простага фінансавага абавязання. Чакаецца, што Раналду будзе актыўна ўдзельнічаць у развіцці UFL.
Сам футбаліст заявіў, што ён «вельмі рады быць часткай гэтага праекта, паколькі UFL можа стаць новым пакаленнем у футбольных гульнях».
Менеджмент заяўляе, што кампанія ўжо мае 1 мільён падпісантаў па ўсім свеце.