Tribuna/Футбол/Блогі/Фора ноль/Беларускі букмекер зрабіў фэйк пра заключэнне пагаднення з «МЮ» – англійскі клуб знайшоў, як пакараць за гэта

Беларускі букмекер зрабіў фэйк пра заключэнне пагаднення з «МЮ» – англійскі клуб знайшоў, як пакараць за гэта

Незвычайная сітуацыя.

Блог — Фора ноль
Аўтар — Замір Закіеў
1 кастрычніка, 08:23
Беларускі букмекер зрабіў фэйк пра заключэнне пагаднення з «МЮ» – англійскі клуб знайшоў, як пакараць за гэта

У сакавіку 2023 года адразу дзве беларускія букмекерскія канторы абвясцілі, што сталі бецінг-партнёрамі топ-клубаў Еўропы ў рэгіёне СНД: Betera падпісала дамову з «Ювентусам», а Maxline – з «Манчэстэр Юнайтэд».

Betera гучна падала навіну пра партнёрства з італьянскай камандай (і працягвае ствараць інфанагоды, звязаныя з «Ювентусам»), таксама і сам клуб на сваім сайце аб'явіў пра падпісанне дамовы з беларускай кампаніяй.

Адваротная ж сітуацыя была ў Maxline. Кантора даволі сціпла прадставіла партнёрства з «МЮ» (некалькі пастоў у сваіх сацсетках і публікацыі ў партнёрскіх медыя: «Прессбол», Football.by, 024.by, «Беларускі мінор», «ФБ | Футбол Беларусі»), а клуб з Манчэстэра ўвогуле ніяк не асвятліў дамову з Maxline.

Такое развіццё падзей пачало хіліць да фэйкавасці навіны. А потым сам «Манчэстэр Юнайтэд» пацвердзіў, што ніяк не супрацоўнічае з Maxline: «Гэтая кампанія не звязаная з «Манчэстэр Юнайтэд». Такім чынам, мы пачынаем расследаванне і прымем адпаведныя меры».

Тады словы клуба пра расследаванне і пакаранне беларускай канторы не выглядалі надта рэальнымі, бо ў «МЮ» не так шмат рэсурсаў, каб дацягнуцца да кампаніі з краіны, дзе не працуе заканадаўства...

Але, як заўважыў Telegram-канал Begаныч, наступствы для Maxline ўсё ж наступілі. Google пачаў блакаваць сайт канторы ў выдачы праз позву ад «Манчэстэр Юнайтэд» на аўтарскія правы:

«Maxline заяўляе, што з'яўляецца афіцыйным партнёрам «Манчэстэр Юнайтэд». На сайце выкарыстоўваецца эмблема «Манчэстэр Юнайтэд», якая абараняецца аўтарскім правам і з'яўляецца гандлёвай маркай «Манчэстэр Юнайтэд». Maxline таксама выкарыстоўвае абаронены аўтарскім правам малюнак трох гульцоў «Манчэстэр Юнайтэд».

Выкарыстанне матэрыялаў «Манчэстэр Юнайтэд», абароненых аўтарскім правам, і сцвярджэнне, што яны з'яўляюцца афіцыйным партнёрам, блытае спажыўцоў і прымушае іх выкарыстоўваць букмекерскі сэрвіс Maxline, паколькі кліенты лічаць, што ён ухвалены «Манчэстэр Юнайтэд». Калі ласка, выдаліце гэты вэб-сайт, гэта парушае ўмовы прадстаўлення паслуг Google».

Цяпер жа пры агульных запытах у Google адносна бецінга ў Беларусі («Букмекерская контора Беларусь» і падобныя) Maxline нельга будзе знайсці ў выдачы. Пры гэтым у «Яндэксе» недапартнёра «МЮ» можна ўбачыць у топе на першай старонцы. Таксама пакуль у Google працуюць прамыя запыты («Макслайн», Maxline).

Верагодна, пасля таго, як беларускія аматары спорту і «Манчэстэр Юнайтэд» даведаліся праўду, Maxline вырашыў выправіць сітуацыю і выдаліў усе пасты ў сацыяльных сетках і на сайце, дзе ішла гаворка пра партнёрства з «МЮ». Але пакуль вярнуцца ў выдачу Google не атрымліваецца.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты