Tribuna/Футбол/Блогі/Белорусский Футбол /Капскі дурыў яму галаву, Дулуб не ведаў, а БАТЭ адмаўляўся – а ўвосень ён разагнаў Барысаў і вельмі дапамог зборнай Алоса

Капскі дурыў яму галаву, Дулуб не ведаў, а БАТЭ адмаўляўся – а ўвосень ён разагнаў Барысаў і вельмі дапамог зборнай Алоса

«Мажор», які эпічна (і датэрмінова) скончыў сезон.

Аўтар — cheeseday
28 лістапада, 16:09
7
Капскі дурыў яму галаву, Дулуб не ведаў, а БАТЭ адмаўляўся – а ўвосень ён разагнаў Барысаў і вельмі дапамог зборнай Алоса

Супрацьстаянне са зборнай Косава было апошнім матчам зборнай Беларусі ў кваліфікацыі Еўра-2024. Беларусы перамаглі, а галоўнай зоркай стаў 26-гадовы Дзмітрый Анцілеўскі, які эфектна забіў пераможны мяч. То быў адзіны стрэл беларусаў у створ за гульню. У папярэднюю міжнародную сесію, у гульні супраць Швейцарыі, нападаючы БАТЭ аддаў выніковую перадачу на Макса Эбонга і забіў сам, ледзь не стварыўшы разам з беларускай зборнай сенсацыю (хаця нават нічыя 3:3, па вялікім рахунку, стала сенсацыяй).

У мінулыя выходныя Анцілеўскі працягнуў шэраг дзеянняў, якія немагчыма не заўважыць. У перадапошнім туры ЧБ у матчы супраць "Нёмана" гулец спачатку адкрыў лік у сустрэчы, а пасля паставіў на месца (і атрымаў за гэта заслужаную чырвоную картку) Івана Садоўнічага за грубы скачок у ногі - фактычна, "даў бычка" ў спіну свайму крыўдніку. БАТЭ ўсё ж такі вырваў у той сустрэчы перамогу і ўсё яшчэ можа патрапіць у тройку.

Для Анцілеўскага ж сезон-2023 скончаны - пакуль што самы выніковы ў кар'еры. Зрэшты, і да таго ў ягонай біяграфіі былі цікавыя старонкі. І інтарэс топавых акадэмій, і спецыфічнае выхаванне з боку Анатоля Капскага, і балючае расставанне з БАТЭ, і змарнаваны год у мінскім "Дынама", і любой да фінтоў і прыгожага жыцця (так, можа сабе дазволіць).

Цікавіліся акадэміі "Бенфікі", "Зеніта" і "Краснадара", адмовіўся мяняць пашпарт

Футболам Анцілеўскі пачаў займацца ў школе МТЗ-РІПА, адкуль 10-гадовым хлопчыкам перайшоў у акадэмію мінскага "Дынама". Менавіта там скаўты лісабонскай "Бенфікі" заўважылі таленавітага футбаліста, але бацькі не захацелі, каб сын пераязджаў у Партугалію, і для развіцця кар'еры абралі расійскую акадэмію Юрыя Канаплёва, што ў Самарскай вобласці.

З пераходам у акадэміі "Зеніта" і "Краснадара" не склалася ў розныя часы, але па адной і той жа прычыне: там патрабавалі змяніць грамадзянства на расійскае, але беларускі гулец абодва разы адмовіўся.

У 16 гуляў за дубль БАТЭ і забіваў "Баеру"

У 2014 годзе 16-гадовы Анцілеўскі апынуўся ў дублі БАТЭ. Спачатку выходзіў на поле пераважна на замену, але паступова атрымліваў больш даверу ад галоўнага трэнера і пачаў з’яўляцца ў старце. Пры гэтым мінчук паспяваў гуляць за каманду БАТЭ, якая ўдзельнічала ў Юнацкай лізе УЕФА: за 2014 і 2015 гады правёў 9 матчаў, у якіх забіў адзін мяч - дапамог згуляць унічыю з леверкузенскім "Баерам" 1:1.

Атрымліваў ад Капскага за фрызуру

У 2016 годзе пасля двух сезонаў з дублем Анцілеўскі паехаў на збор з асновай БАТЭ. Тады футбаліст меў фрызуру "top knot" - доўгія валасы, якія збіраюцца ў хвосцік на макушцы. Гэта не вельмі адпавядала густу ўласніка БАТЭ Анатоля Капскага. Той прымушаў гульцоў калектыва рабіць кароткія фрызуры, і дзесьці паўгода назаляў Анцілеўскаму, каб той адкарэктаваў свой выгляд. У выніку гулец аднойчы ўзяў ды пагаліўся налыса.

Вынік футбалісту не спадабаўся і праз час ён вярнуўся да былой даўжыні валасоў.

Атрымаў Porsche Cayenne на 18-годдзе, бацька займаецца бізнесам

Анцілеўскі з даволі забяспечанай сям’і. Бацька гульца, Сяргей Анцілеўскі, займаецца бізнесам: здае ў арэнду домікі на тэрыторыі ўласнай сядзібы "У Анціла", што пад Мінскам. Падаецца, справа ідзе няблага. Напрыклад, на сёння ўсе пяць дамкоў сядзібы ўжо замоўленыя на навагоднія святы. Акрамя таго, сядзіба мае багата водгукаў і выдатныя адзнакі: сярэдні бал 5.0 пасля 158 ацэнак на Яндэкс мапе і 4.9 пасля 138 ацэнак на мапе Google.

Першым аўто футбаліста стаў Porsche Cayenne, які бацька падарыў на 18-годдзе. Дарагая машына, якой нападаючы ездзіў на трэнаванні, стылёвае адзенне і прыгламураныя здымкі ў інстаграме - у беларускім футболе багата хто лічыў Анцілеўскага мажорам. Той адказваў, што ні пад каго падладжвацца не збіраецца.

На пытанне, ці не сарвала дах ад такой машыны, адказваў: "Што тут такога, яна нават не новая” і “калі з’яўляецца машына, я адразу хачу лепшую". Зрэшты, гулец даволі хутка змяніў Porsche на Audi.

Быў найлепшым дрыблёрам сярод беларусаў

У 2020-м Анцілеўскі, гуляючы за "Тарпеда-БелАЗ", стаў сёмым сярод найлепшых дрыблёраў беларускага сезона з 20 паспяховымі абводкамі, але пры гэтым - першым сярод беларусаў. З вялікім адрывам тады гэтую намінацыя забраў нападаючы "Энергетыка-БДУ" Жасур Яхшыбоеў (зрабіў 38 абводак).

У інтэрв’ю YouTube-каналу "Тарпеда-БелАЗ" Анцілеўскі распавядаў, што на якасць дрыблінгу істотна паўплывалі трэнаванні з бацькам у дзяцінстве (той, да прыкладу, хацеў, каб хлопец вучыў і паўтараў фінты Раналдыньё). Надавалі гэтаму ўвагу і ў акадэміі Канаплёва. Са словаў мінчука, туды прыязджалі трэнеры з нідэрландскіх "Аякса" і "ПСВ", якія рабілі акцэнт менавіта на тэхніку гульцоў. Яшчэ раней Анцілеўскі распавядаў, што шліфаваў так званую вясёлку Неймара.

Стаў чэмпіёнам Грузіі, выходзіў на поле з надпісам "Слава Украіне"

Пасля двух сезонаў у Жодзіна Анцілеўскі вырашыў паспрабаваць сябе за мяжой і ў снежні 2021 года падпісаў кантракт з "Дынама" Тбілісі. За першыя пяць сустрэч у чэмпіянаце Грузіі-2022 мінчук забіў тры мячы, чым дапамог здабыць тры перамогі. Але далей у форварда пачалася галявая засуха, а клуб пачаў губляць пункты. Страціўшы давер галоўнага трэнера, большую частку чэмпіяната Анцілеўскі выходзіў на замену або ўвогуле заставаўся ў запасе.

Так ці інакш, "Дынама" ізноў выйграла тытул, а Анцілеўскі за той сезон паўдзельнічаў у 29 сустрэчах з паказнікамі карыснасці 4+3.

У 2022 годзе футбольнае першынство ў Грузіі стартавала 25 лютага - на наступны дзень пасля таго, як расійскія войскі ўварваліся ва Украіну. У гульні другога тура футбалісты тбіліскага клуба выйшлі на поле ў цішотках з надпісамі "Слава Украіне" і дзяржаўным сцягам Украіны ў руках. Сам жа гулец наконт вайны не выказваўся, а ў сакавіку наступнага года вярнуўся ў Беларусь, падпісаўшы дамову з БАТЭ.

Дулуб не ведаў такога футбаліста

У студзені 2018-га БАТЭ ў дадатак да Віталя Радзівонава падпісаў Анеса Рушэвіча і Ясэ Туомінена і цалкам укамплектаваў лінію атакі. Месца для Анцілеўскага не знайшлося, і яго на сезон адправілі ў арэнду ў "Дняпро". Там пераважна выхадзіў на замену і набраў вельмі сціплыя для нападаючага 0+2, пры гэтым з'ездзіў з эксперыментальнай зборнай Беларусі на Кубак караля Тайланда. Кіраўніцтва БАТЭ гэта не ўразіла.

Падрыхтоўку да сезона-2018 Анцілеўскі пачаў з асноўным складам БАТЭ, але, як пазней успамінаў, Алег Дулуб, на той момант галоўны ў Барысаве, толкам і не ведаў, што ў яго ёсць такі гулец. «Неяк на адным з першых трэнаванняў Алег Анатольевіч не назваў маё прозвішча пры дзяленні футбалістаў на каманды. Падыходжу да яго: «А чаму мяне не назвалі? Што мне рабіць?». А ён у адказ: «А ты хто?». Я назваўся, а ён: «Ну, ідзі, бегай» – і паказвае кудысьці ўбок.

Спатрэбіўся БАТЭ, які яго калісьці "выкінуў", цяпер жалезна ў старце

У выніку форвард пакінуў каманда да пачатку сезона, хаця калісьці яго называлі на афіцыйным сайце БАТЭ “адным з найбольш перспектыўных футбалістаў клуба”. Радзівонаў, які пасля сезона 2017-га скончыў кар’еру і стаў дырэктарам БАТЭ, наконт сітуацыі з Анцілеўскім заявіў, што "усё ўпіраецца ў задачы ды амбіцыі і не заўсёды ёсць магчымасць даваць шанец моладзі".

Акрамя Анцілеўскага, той зімой барысаўцы развіталіся з маладым Уладзіславам Клімовічам, які цяпер гуляе ў чэмпіянаце Венгрыі і рэгулярна выклікаецца ў зборную.

Да Тбілісі нападаючы паспеў паўчэмпіяната адбегаць за "Мінск" і там набраць прыстойныя 4+5 у 16 матчах, а пасля гэтага патрапіць у сталічнае "Дынама", дзе змарнаваў цэлы год, то седзячы ў запасе, то застаючыся па-за заяўкай (агулам 12 эпізадычных з'яўленняў на полі без выніковых дзеянняў).

14 сакавіка 2023 Анцілеўскі вярнуўся да барысаўцаў і адразу пачаў сябе праяўляць: забіў адзін гол і аддаў 4 выніковыя перадачы за першыя 5 гульняў сезона. Але ад канца красавіка настала зацішша, якое цягнулася па пачатак ліпеня, калі нарэшце ўдалося вызначыцца мячом у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і дапамагчы згуляць унічыю з "Балкані". Ну а больш-менш стабільна набіраць пункты футбаліст ізноў пачаў толькі з канца верасня. На гэтым адрэзку ў камандзе яго ў асноўным выкарыстоўвалі як або правага, або левага вінгера, форвардам выпускаюцт зусім не часта.

"Прарвала" Анцілеўскага, калі Альшэўскі перасунуў яго на пазіцыю адцягнутага нападаючага. Шэсць з сямі мячоў за кастрычнік-лістапад мінчук забіў, гуляючы менавіта ў гэтай пазіцыі.

Анцілеўскі набраў выдатную форму напрыканцы сезона: зарэкамендаваў сябе ў зборнай Карласа Алоса, якая акрыяла пасля паласы няўдач, выконвае ключавую ролю ў складзе БАТЭ, які ўсё ж такі ўклюлчыўся ў барацьбу за медалі на фінішы. Агулам нападаючы мае класную статыстыку - 9 галоў за кастрычнік-лістапад у складзе барысаўцаў і зборнай.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Ренан Брессан
8 красавіка 2014, 19:16
Верните мне такого Глеба
31 студзеня 2014, 15:03
БАТЭ 5:0 Мюллюпуро
30 студзеня 2014, 21:19
Усе пасты