Tribuna/Футбол/Блогі/Белорусский Футбол /Куды знік Сяргей Кошаль – культавы і самы касмічны персанаж белфутбола

Куды знік Сяргей Кошаль – культавы і самы касмічны персанаж белфутбола

У 37 Акад усё яшчэ гуляе.

Аўтар — cheeseday
1 снежня, 13:09
Куды знік Сяргей Кошаль – культавы і самы касмічны персанаж белфутбола

Сяргей Кошаль - адна з самых неардынарных і эпатажных асоб за ўсю гісторыю футбола ў незалежнай Беларусі. Яркая знешнасць, арыгінальныя думкі - форвард і блізка не нагадваў шараговага беларускага гульца. Ён любіў хаос і чакаў канца свету, збіраўся будаваць касмічны вакзал і змяняць уласнае імя. Пры гэтым паспеў згуляць за зборную Беларусі і стаць адным з тых, хто выцягнуў "Крумкачы" ў вышэйшую лігу (у сезоне-2015 забіў у Д2 17 мячоў і стаў улюбёнцам фанатаў).

А як сёння справы ў спартсмена? Яму 37, і мінулы сезон ён правёў у футболе.

Джарэд, Акад, Джок і “канец свету”

Яму не падабалася ўласнае імя: маўляў, Сяргей – занадта састарэла. У інтэрв'ю ён прызнаваўся, што хацеў бы звацца Джарэдам, а праз колькі хвілін называўся ўжо Акадам. Увогуле, футбаліст казаў, што піша кнігу дзеля таго, каб атрымаць права на творчы псеўданім. Кнігу пра японскія мультфільмы, і, здаецца, пакуль яе не скончыў. Партнёры па “Мінску” ў даважку празвалі Кошаля Джокам, і той быў задаволены: “Галоўнае, што цяпер у мяне некалькі імёнаў, мэта дасягнутая”.

Сергей Кошель: “Мое имя — Окад”

Бабруйчанін верыў у канец свету, які па версіі таблоідаў меў адбыцца 21 снежня 2012 года. З гэтай нагоды даваў волю фантазіі, разважаючы пра развіццё падзей: ад выбуху вулкана і падзення метэарыта да тэлепартацыі для людзей і нашэсця прышэльцаў.

Канец свету не надышоў, жыццё працягнулася, але Кошаль прыдумаў сабе мэту - збудаваць касмічны вакзал. Навошта? Каб жыццё стала больш разнастайным.

Выклік у зборную, падарунак Штангэ і крыміналка (без палітыкі)

Да дзівацтваў па-за межамі поля былі і чыста футбольныя праявы. Сезон-2009 склаўся вельмі добра для 23-гадовага футбаліста. Увогуле, статыстычна ён быў найлепшым у карʼеры: у 23 матчах за «Мінск» у вышэйшай лізе забіў 7 мячоў і аддаў 3 галявыя. Немец Бернд Штанге быў уражаны і запрасіў футбаліста ў зборную. “Было нечакана… І чакана. Нечакана-чакана", - згадваў пазней эмоцыі ад запрашэння Кошаль.

Нападаючага вызвалі на гульні з Андорай і Малдовай. Першую (то была кваліфікацыя да чэмпіяната свету) ён назіраў, “седзячы побач з рэжысёрскім пультам”, а вось на спарынг з Малдовай выйшаў на замену на 20 хвілін і нават патрапіў у штангу. Свой дэбют Кошаль называў “падарункам Штанге”, а час у зборнай ахарактэрызаваў станоўча, маўляў, трэнаванні ў прысутнасці энергетычна моцных людзей вельмі натхняюць і спрыяюць самаўдасканаленню.

Амаль адразу пасля зборнай Кошаля прызвалі ў войска, але дазвалялі працягваць гуляць за “Мінск”, праўда, ужо без кантракта і заробку. У 2010-м гулец са слязьмі на вачах пакінуў клуб і паехаў у арэнду ў “Рудзенск” на другую палову сезону. Далей ездзіў на прагляды ў мінскі “Партызан” і пінскую “Хвалю”, але нідзе не атрымалася. Галоўны трэнер "Партызана" сказаў Кошалю, што той яму не патрэбны, а дырэктар пінчукоў аднойчы назваў гульца вар’ятам і папросту выкінуў з гасцінічнага нумара на вуліцу. Стаўленне да гульцоў у “Хвалі” і “Рудзенску” Кошаль пазней апісаў як “футбольнае выродства”.

Па меркаванні гульца, у пэўны момант яго раптоўна перасталі пускаць у футбол, таму прыйшлося ўзяць паўзу. Увесь 2011 год ён правёў, займаючыся муай-таем і малюючы карціны ў стылі “хаотыка”.

Для аднаго са сваіх малюнкаў, што меў быць на тэму вайны, Кошаль знайшоў у дзядулі сапраўдныя патроны. Незадоўга да таго адбыўся тэракт у мінскім метро, таму так званая міліцыя ладзіла вобшукі мінакоў на вуліцах сталіцы. Падчас аднаго з іх у футбаліста ў кішэні выявілі патроны, праз што завялі крымінальную справу за незаконнае захоўванне зброі і забаранілі выезд за мяжу.

У 37 яшчэ гуляе поруч з экс-чэмпіёнам ЧБ

Пасля «Мінска» ў вышэйшай лізе Кошаль болей не забіваў, хаця крыху пагуляў там з «Крумкачамі» і «Славіяй». Апошнія гадоў сем ён выступаў у міноры і нават там меў вельмі сціплыя паказнікі. Рэдка забіваў і ў «Слоніме 2017», і ў «Маладзечне». Сёння футбалісту, які змяніў за кар'еру 15 клубаў, 37, але, як ні дзіўна, ён працягвае гуляць – ажно ў другой беларускай лізе. Папярэдні сезон правёў за “Кіраўск”, а ў 2023-м бегаў за “Тарпеда” з Бабруйска ў зоне “Захад” Магілёўскай вобласці - у 6 матчах забіў 5 мячоў.

“Тарпеда” - прыватны клуб, яго заснаваў Артур Жогаль у 2021 годзе. Пачыналася ўсё з дзіцячай футбольнай школы, а дарослую каманду ўпершыню заявілі ў Д3 Беларусі як раз у гэтым годзе. Па словах Жогаля, ідэя стварыць сваю каманду ўзнікла ў 2017 годзе, калі ён сустрэў у Партугаліі свайго знаёмага Канстанціна Магалецкага, якога цяпер называе партнёрам і другім дырэктарам. Магалецкі не так даўно быў брамнікам зборнай Беларусі па пляжным футболе, а ў гэтым сезоне выходзіў абаронцам за "Тарпеда" і нават забіў тры мячы.

Тым не менш самым сталым гульцом "Тарпеда" з'яўляецца не 37-гадовы Кошаль, а чэмпіён Беларусі-2002 у складзе БАТЭ Сяргей Мірончык. 48-гадовы футбаліст быццам бы скончыў кар'еру яшчэ ў 2009 годзе, але вырашыў дапамагчы клубу з роднага Бабруйску. Што праўда, за сезон выйшаў на поле толькі двойчы, і тое на замену.

Бабруйскі клуб скончыў дэбютны сезон на другім месцы з 29 пунктамі (у першага “Дняпро-Юні” - 37). Дзякуючы гэтаму калектыў патрапіў у стадыю фінальнага этапу Магілёўскай вобласці, але там заняў чацвёртае месца з чатырох магчымых.

Акрамя гульні за дарослую каманду Магалецкі працуе трэнерам у дзіцячай школе. Час ад часу маленькіх футбалістаў (і футбалістак) наведвае і Сяргей Кошаль. Што ж, гэты чалавек умее і натхніць, і зацікавіць.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Ренан Брессан
8 красавіка 2014, 19:16
Верните мне такого Глеба
31 студзеня 2014, 15:03
БАТЭ 5:0 Мюллюпуро
30 студзеня 2014, 21:19
Усе пасты