Tribuna/Футбол/Блогі/Паўночны спорт/Гісторыкі пачалі раскопкі на стадыёне ў Полацку – калісьці там было старажытнае паселішча і замак. Ужо ёсць першыя каштоўныя знаходкі
Фота

Гісторыкі пачалі раскопкі на стадыёне ў Полацку – калісьці там было старажытнае паселішча і замак. Ужо ёсць першыя каштоўныя знаходкі

Спорт на гісторыі.

Аўтар — Alex Zagorski
3 жніўня, 12:02
Гісторыкі пачалі раскопкі на стадыёне ў Полацку – калісьці там было старажытнае паселішча і замак. Ужо ёсць першыя каштоўныя знаходкі

На полацкім стадыёне «Спартак», які з'яўляецца хатнім для мясцовага «Полацка-2019» з другой лігі, пачаліся археалагічныя раскопкі. У іх удзельнічаюць студэнты-геадэзісты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Аляксея Коца, паведамляе сайт навучальнай установы.

У хуткім часе «Спартак» чакае рэканструкцыя (на аб'екце запланаваныя работы па замене пакрыцця), таму менавіта цяпер паўстала пытанне па вывучэнні гістарычнай спадчыны: стадыён месціцца на каштоўнай для гісторыкаў лакацыі, бо калісьці там было старажытнае паселішча, а ў XVI стагоддзі, пасля захопу горада войскамі маскоўскага цара Івана Грознага, быў пабудаваны так званы Ніжні замак (які да нашых часоў, зразумела, не захаваўся). Падрабязней пра падзеі мінулых часоў чытайце ў артыкулы ніжэй.

Па словах Аляксея Коца, раней пляцоўка стадыёна гісторыкамі не даследвалася, а ўсе раскопкі праводзіліся толькі на сумежных тэрыторыях. Таму сёння археолагі сутыкнуліся з задачай вызначэння захаванасці культурнага пласта і храналагічных этапаў яго фармавання:

– Цяпер ідзе папярэдні этап працы, які заключаецца ў закладцы шэрагу шурфоў па ўсёй пляцоўцы стадыёна. Ужо выкрыта сем пляцовак і папярэднія вынікі не могуць не радаваць. Вызначаная наяўнасць тут культурных пластоў як старажытнарускага перыяду, так і XVI-XVIII стагоддзяў. Здзіўляе наяўнасць «мокрага» культурнага пласта, у якім дастаткова добра захоўваецца драўніна. Прысутнасць магутнага пласта гною XI стагоддзя дазволіла выявіць лясныя арэхі, насенне проса, маку і канапель.

Іншыя знаходкі прадстаўлены шэрагам караляў X-XII стагоддзяў, шыфернымі прасліцамі, гіркай для ўзважвання, абутковымі падкоўкамі, касцяной праколкай, грузілам ткацкага станка, нарыхтоўкай для шахматнай фігуры, нацельным крыжам XVIII стагоддзя, кулямі 1812 года і іншымі. Не могуць не цешыць і шматлікія фрагменты ювелірных тыгелей, якія адрасуюць нас да прысутнасці на дадзенай тэрыторыі ювелірнай вытворчасці, – распавёў Коц.

Агулам на плошчы 15 квадратных метраў ужо паднята з зямлі больш за 60 індывідуальных знаходак. Канцэнтрацыя артэфактаў сведчыць пра добрую захаванасць культурнага пласта і падкрэслівае неабходнасць правядзення шырэйшых археалагічных даследаванняў у гэтым важным гістарычным месцы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты