Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Алькарасу ўсяго 20, а яго дасягненні ў тэнісе ўжо фенаменальныя

Алькарасу ўсяго 20, а яго дасягненні ў тэнісе ўжо фенаменальныя

Замацаваў іх перамогай над Джокавічам у фінале «Уімблдона».

Блог — Матчбол
17 ліпеня, 09:56
Алькарасу ўсяго 20, а яго дасягненні ў тэнісе ўжо фенаменальныя

20-гадовы Карлас Алькарас у цяжкім 5-сэтавым фінальным матчы адолеў Новака Джокавіча і выйграў свой першы «Уімблдон» у кар'еры – 3:2 (1:6; 7:6; 6:1; 3:6; 6:4). Такім чынам іспанец стаў першым за шэсць гадоў (!), хто перамог Джокавіча на турніры.

* Алькарас стаў самым маладым пераможцам адзіночнага мужчынскага разраду «Уімблдона» з 1985-га года, калі турнір выйграў Барыс Бэкер. Такім чынам, іспанец дадаў яшчэ адно дасягненне ў свой і так немалы для 20-гадовага ўзросту спіс.

* Перамога на «Уімблдоне» стала другой для Карласа на турнірах «Вялікага шлема». Першую ён узяў на US Open у канцы мінулага года. А пасля гэтага ўжо таксама паспеў пагуляць у паўфінале «Ралан Гарос».

* Усяго ў Алькараса ўжо 12 выйграных турніраў з 15 фіналаў у кар'еры (уражальная эфектыўнасць!): адзін – у 2021-м, 5 – у 2022-м; ужо 6 – у 2023-м. Гэты год ужо найлепшы для іспанца – і ён яшчэ зусім не скончыўся.

* Акрамя двух турніраў «Вялікага шлема», Алькарас мае ў актыве чатыры перамогі на Мастэрсах – самых прэстыжных турнірах пасля ТВШ. Карлас двойчы выйграваў Мадрыд і па адным разе – Маямі і Індыян Уэлс. Ён з'яўляецца самым маладым пераможцам у гісторыі Маямі (18 гадоў і 11 месяцаў) і Мадрыда (19 гадоў).

* Шмат хто казаў, што гульня Алькараса не падыходзіць для травы, але ў гэтым сезоне ён выйграў усе свае 12 матчаў на гэтым пакрыцці.

* У 2022 годзе Алькарас устанавіў моцны рэкорд, які вельмі складана будзе пабіць: стаў першай ракеткай свету ва ўзросце 19 гадоў і чатырох месяцаў. Ён прабыў першым нумарам 20 тыдняў – з верасня па студзень. А ў чэрвені вярнуўся на першую пазіцыю і знаходзіцца там да гэтага часу. Перамога над другім у рэйтынгу Джокавічам замацавала іспанца на вяршыні.

* Таксама ў 2022 годзе Карлас усталяваў яшчэ адзін рэкорд: стаў самым маладым тэнісістам, які завяршыў год на першым месцы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты