Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Лапко ў 25 завяршыла карʼеру: была топам па юніёрах, гуляла ў праймавай зборнай Беларусі, пакутавала на траўмы

Лапко ў 25 завяршыла карʼеру: была топам па юніёрах, гуляла ў праймавай зборнай Беларусі, пакутавала на траўмы

І яшчэ, здаецца, эвалюцыянавала як асоба.

Блог — Матчбол
Аўтар — KentYara98
14 студзеня, 09:09
Лапко ў 25 завяршыла карʼеру: была топам па юніёрах, гуляла ў праймавай зборнай Беларусі, пакутавала на траўмы

13 студзеня 25-гадовая беларуская тэнісістка Вера Лапко паведаміла, што прыняла рашэнне скончыць прафесійную кар'еру. Пра гэта яна напісала ў Instagram.

На няпростае для любога спартсмена рашэнне паўплывала траўма, атрыманая ў пачатку 2023 года. Пасля некалькіх спроб гуляць праз боль Лапко зрабіла паўзу і паспрабавала аднавіць калена, але ў выніку ўсё звялося да неабходнасці хірургічнага ўмяшання з наступнай рэабілітацыяй.

Апошні прафесійны матч Лапко правяла ў Мехіка амаль год таму – 31 студзеня 2023 года. Саступіла ў першым сэце 1:6 францужанцы Эстэль Каскіна і не змагла працягнуць барацьбу. За дзесяць дзён да таго прадстаўніца Беларусі па медычных прычынах датэрмінова скончыла барацьбу ў паўфінале турніру ITF у Веро Біч – пасля таго, як аддала амерыканцы Эме Навара першую партыю 2:6. І ў мінулым годзе гэта былі не першыя выпадкі, калі спартсменка або не выхадзіла на корт, або сыходзіла з яго, не адгуляўшы матч цалкам.

Тэнісістка адзначае, што апошнія пару гадоў былі для яе вельмі складаным перыядам: пастаянныя траўмы (так, яна не раз аказвалася на бальнічным, у тым ліку нават падчас пандэміі), глабальная абстаноўка, цяжкасці ў перасоўванні па свеце, асабістыя праблемы і перажыванні. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Лапко прыняла складанае рашэнне завяршыць карʼеру - і нібыта не адчувае на гэты конт ніякага шкадавання.

На рашэнне Лапко хутка адрэагавала WTA – на сайце арганізацыі яе адразу пазначылі як гульца «на пенсіі».

Цікава, што тэніса ў жыцці Веры магло і не здарыцца, бо спачатку яна займалася фігурным катаннем, але праз высокі рост ёй давялося змяніць спецыялізацыю. У выніку па прыкладу старэйшага брата Мікіты пяцігадовая будучая спартсменка прыйшла ў тэніс.

У адным з інтэрвʼю яна казала пра відавочнасць такога рашэння, бо сямʼя жыла за пяць хвілін хады ад кортаў. Ды і бацькі дзяўчыны працавалі побач – на прадпрыемстве МАЗ.

Калі Лапко споўнілася 12, у сямʼі здарылася трагедыя – пайшоў з жыцця ейны 47-гадовы бацька. Пра тое, як яна перажыла гэта, спартсменка распавяла толькі праз 10 гадоў у сваім інстаграм:

«Пра тое, што бацька знаходзіцца ў рэанімацыі, даведалася, калі рыхтавалася да турніра. У пятніцу яго забралі ў шпіталь, а ўжо ў панядзелак я гуляла першы матч. Бацька знаходзіўся ў непрытомным стане ўвесь тыдзень, пакуль праходзілі спаборніцтвы», – распавядала Лапко.

Сыход бацькі паўплываў на цікавасць да тэнісу, але дзяўчына ўсё ж працягнула ім займацца. У 2013-м Лапко дэбютавала ў юніёрскім туры ITF і заваявала два чэмпіёнскія тытулы ў пары (адзін з іх з Арынай Сабаленкай), адзін - у адзіночным разрадзе.

Паспяховай для Лапко стала сумесная гульня са славацкай тэнісісткай Тэрэзай Мігалікавай. Разам яны дабіраліся да фіналаў юніёрскіх US Open і «Уімбілдона». А ў 2016-м менавіта партнёрку Лапко адолела ў фінале юніёрскага Australian Open. Пасля таго поспеху беларуска ўзначаліла юніёрскі рэйтынг.

У 2015-м разам з Ірынай Шымановіч і Арынай Сабаленкай Лапко стала срэбным прызёрам на камандным юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, а яшчэ ўзяла першы дарослы турнір - гэта адбылося ў Егіпце.

У зборнай Беларусі Лапко дэбютавала 16-гадовай, калі на адборачныя матчы Кубка Федэрацыі замяніла чацвёртага нумара каманды Ірыну Шымановіч. Разам з Аляксандрай Сасновіч Лако выйграла ўсе тры матчы парнага разраду ў групе I Еўра-Афрыканскай зоны і дапамагла зборнай Беларусі прабіцца ў плей-оф Сусветнай групы II.

Двума гадамі пазней ў пары на гэты раз з Вольгай Гаварцовай Лапко паўдзельнічала ў гістарычным выхадзе Беларусі ў фінал жаночага Кубка Федэрацыі.

Жвавы старт падняў планку чаканняў ад маладой спартсменкі – у той час многія параўноўвалі яе з іншай беларускай тэнісісткай Вікторыяй Азаранкай. Сама Лапко захаплялася поспехамі суайчынніцы.

Свой першы турынір у WTA-туры Лапко згуляла ў 2016-м у польскіх Катавіцах, дзе на самым старце саступіла расіянйф Лізавеце Кулічковай, а самы сурʼёзны ў дарослай карʼеры тытул беларуска выйграла ў 2018-м на 100-тысячніку ITF у Хімках (Расія). Той поспех дазволіў Лапко ўпершыню ўвайсці ў першую сотню рэйтынгу WTA.

2018-м стаў асаблівым у карʼеры яшчэ і таму, што спартсменка ўпершыню згуляла ў асноўнай сетцы турніраў Вялікага шлема: у парным разрадзе – на Roland Garros, а ў адзіночным – у Англіі і ЗША. Год прынёс Лапко самую высокую ў карʼеры пазіцыю адзіночнага рэйтынгу - 60-ю.

Праз год беларуска згуляла ўжо на трох з чатырох турнірах Вялікага шлема (акрамя ЗША), але на ўсіх вылецела ўжо ў першым раўндзе. У 2019-м выпала сустракацца на корце з Вікторыяй Азаранкай - то быў матч дня на турніры ў Індыян-Уэлсе. Але больш вопытная беларуска практычна не пакінула шанцаў партнёрцы па зборнай - 6:2, 6:3.

У 2020-м Лапко дабралася да другога круга US Open, дзе саступіла расіянцы Юліі Пуцінцавай.

Але далей карʼера Лапко звялася да барацьбы па-за межамі корту - з траўмамі, абставінамі і асабістымі перажываннямі. Ментальныя цяжкасці дзяўчыны не здзіўляюць. У 2020-м яна публічна распавяла, што атрымлівае пагрозы ў інстаграм пасля прайграных матчаў.

За час дарослай карʼеры прызавымі Лапко зарабіла $877,415, атрымала 199 перамог, прайграла 110 матчаў, узяла 7 тытулаў ITF. Лапко скончыла карʼеру на 761-м радку сусветнага рэйтынгу.

***

Калі Лапко было 17, яна шчыра падтрымлівала ўчынак Андрэя Фомачкіна – сябра беларускай дэлегацыі на Паралімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-ды-Жанэйра, які цішком пранёс забаронены праз допінгавыя махінацыі расійскіх сцяг і разгарнуў яго на цырымоніі адкрыцця. Рэакцыю на той учынак дзяўчына-падлетак суправадзіла словамі «Мы з вамі і за вас» і хэштэгам #россиябеларусь.

За дзень да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ўжо 23-гадовая тэнісістка зазначала, што «вакол адбываецца нейкі ####### [жах], а табе, простаму чалавеку, застаецца толькі назіраць і займацца сваёй справаю», зычачы следам усім моцы і цярпення.

20-гадовая Лапко на пытанне, як вывучыць беларускую мову, раіла спярша ўзяцца рускую. У 24 яна дзякавала заўзятарам за тое, што яны дасылаюць па-беларуску. Развітальнае слова тэнісісткі таксама не абышлося без мовы, якая, калі меркаваць па назве краіны, мусіла б быць тытульнай у Беларусі. Сёння Лапко ганарыцца, што з'яўляецца беларускай.

У каментары да паста аб завяршэнні карʼеры прыйшлі калегі. Яны пісалі словы падтрымкі і жадалі поспехаў у жыцці:

«Віншую з карʼерай, Вера, і жадаю ўсяго найлепшага ў наступай главе твайго жыцця. Атрымлівай асалоду!» – напісала славацкая тэнісістка Вікторыя Грунчакова.

«Я буду сумаваць па табе! Адзін з самых добрых і справядлівых людзей! Пачынаецца новы перыяд твайго жыцця – атрымлівай асалоду!», – піша чэшка Джэсіка Малечкава.

Аб тым, што будзе сумаваць, піша і немка Ева Ліс.

Алжырская тэнісістка Інэс Ібу зыча ўсяго добрага ў надалейшым.

Славенка Даліла Якуповіч мае спадзеў яшчэ калісьці сустрэцца.

Былі цёплыя словы ад беларускай экс-тэнісісткі Ілоны Крэмень.

Акрамя яе з дзейным беларускіх тэнісістак пакуль што толькі Лідзя Марозава падтрымала Лапко.

Навіна пра тое, што Лапко сыходзіць з профі, не стала галоўнай на сайце Беларускай тэніснай асацыяцыі – у паведамленні, якое там падрыхтавалі, былому гульцу зборнай нават не выказваецца ніякіх пажаданняў. Ну а больш значнай навіной зʼяўляюцца для БТА патрабаванні для праходжання так званай дзяржаўнай акрэдытацыі ўстановамі, якія працуюць у сферы спорта: там распісана, якія дакументы падаваць (абавязкова мусіць быць пра адсутнасць палітычных артыкулаў у супрацоўнікаў) і як правільна звярнуцца да кіраўніка асацыяцыі былога гандбаліста Сяргея Рутэнкі.

Затое пару цёплых словаў знайшлося ў былога брамніка зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрыя Мільчакова. Ён і сам адносна нядаўна скончыў як гулец.

І былая лідарка зборная Беларусі па баскетболе Наталля Марчанка спадзяецца, што далей усё будзе добра.

Сваё бачанне будучыні Веры Лапко прапанаваў беларускі шоўмэн Яўген Булка

Ну, чаму б і не.

Іншыя пасты блога

Усе пасты